Найперш - судзіць чытачу

– Уладзімір Сямёнавіч, атрыманне літаратурнай прэміі, няма сумневу – падзея для пісьменніка прыемная, радасная…
 – І, як мне здаецца, крышачку сумная… Чаму? Бачыце, калі пачынаюць пісьменніку даваць прэміі, узнагароды, часцей за ўсё яму ўжо не 20 год. На жаль… Значыцца, чалавек ты немалады або зусім стары. А хто з гэтым хоча пагадзіцца?
– Я як Вы ставіцеся да папулярнасці, да шырокага чытацкага прызнання?
– Да фанфарна-барабаннага – ніяк. Хоць бы яго і не было. А вось калі адчуваеш сапраўдную павагу да таго, што ты кажаш, няхай сабе ў чымсьці і не згаджаюцца, – гэта заўсёды радуе і хвалюе. Скажу вам па сакрэце: усё-такі прыемна, калі зойдзеш у бібліятэку і жартам спытаеш сваю кнігу, а бібліятэкарка разводзіць рукамі: “Прабачце, два месяцы як апошні экземпляр сцягнулі…” Або калі выпадкова сустрэнешся з выпадковым чалавекам, які выпадкова тваё штосьці чытаў і нават выпадкова запомніў тваё прозвішча… Слова за слова, глядзіш – разгарэлася спрэчка, а там – нехта некага і на лапаткі паклаў. Вось гэта мне падабаецца.
– Літаратурная прэмія, якую Вам прысудзілі, носіць імя Івана Паўлавіча Мележа і гэта, мабыць, выклікае нейкія асаблівыя думкі, пачуцці…
– Я люблю Мележа. І як чалавека, і як пісьменніка. У шмат  якіх пытаннях літаратуры, мастацтва наогул, хочацца верыць, мы былі аднадумцамі, хоць і здараліся гарачыя мужчынскія спрэчкі. Аднак не помню ў нашых адносінах адчужанасці, няшчырасці і за гэта ўдзячны лёсу. І таму прысуджэнне гэтай літаратурнай прэміі – для мяне з’ява вельмі асабістая і радасць мая замешана на жнівеньскай журбе…
– А якім Вам бачыцца звяно Мележа ў беларускай літаратуры, наогул у нашай нацыянальнай культуры?
– Як і шмат каму – залатым. Ніколі не забуду тое непараўнанае ўражанне, якое зрабілі на мяне “Людзі на балоце”. Гэта было падобна на выбух бомбы. Жывыя людзі. Жывыя стрэхі на хатах. Жывое балота навокал. ПАЛЕССЕ. Вельмі хацелася б пісаць так густа, так глыбока, як напісаны гэты раман, як напісаны лепшыя старонкі іншых мележаўскіх кніг. Цяпер да гэтага яшчэ абавязвае і прысуджаная прэмія яго імя.
– У чым, на Вашу думку, думку аўтара,  сакрэт такога шчаслівага вяртання рамана “Нельга забыць” да шырокага чытача?
– Твор гэты – шматпланавы, у пэўнай меры экперыментальны. Гісторыя тут суседнічае з сучаснасцю, проза – з паэзіяй, лірыка – з жыццёвым сухім рэалізмам. Такое спалучэнне было тады навіной у нашай літаратуры, ды й цяпер яшчэ рэдка сустракаецца. Мабыць, у гэтым адна з прычын таго, што раман чытаецца… Адна з прычын – але не галоўная, бо, акрамя чыста літаратурных прыёмаў і формаў, чалавек у творы заўсёды знаходзіць яшчэ штосьці сваё, глыбока асабістае…
– І апошняе, традыцыйнае пытанне: над чым Вы цяпер працуеце?
– У выдавецтве “Беларусь” рыхтуецца да друку вялікі альбом, прысвечаны надзвычай цікаваму старажытнаму гораду – Мсціславу. Гэта радзіма мае маці, а значыць – і мая радзіма. Напісаў да гэтага выдання невялікі ўступ, які апошнімі днямі дашліфоўваю. Што атрымаляся – найперш меркаваць чытачу.

«Многоточие...» - Антология современной поэзии. Ежегодный поэтический сборник.