1 2 3 4

Любую справу рабіць хвацка

Пазнаць таямніцы мастацкага свету Уладзіміра Караткевіча без шчырай, адкрытай  гаворкі з ім немагчыма. Да таго ж трэба ведаць усю  яго творчасць, каб адчуць  хваляванне яго аналітычнага розуму і яго імкненне да раскрыцця складаных праблем мінулага Беларусі. Часта ў творах
У .Караткевіча пераплятаецца старажытная веліч і дынаміка прыгодніцкага апавядання ў легендарна-паэтычным пераламленні гістарычнай рэальнасці. Стыль яго нагадвае мне чымсьці старажытны, амаль бязлюдны замак, як замак Яноўскіх (”Дзікае паляванне караля Стаха”), які адраджаецца майстэрскаю рукою ўлюбёнага ў справу і спрактыкаванага рэстаўратара…
Пакуль ветлівы гаспадар гатаваў каву, я, седзячы ў выгодным крэсле, магла агледзецца: у доме пiсьменнiка – асаблiвая, артыстычная ўтульнасць. На сцяне вiсяць старажытныя беларускiя скульптуры з дрэва. А з кутка мудра глядзiць на мяне  Майсей – таксама драўляная скульптура, як пазней растлумачыў Уладзiмiр Караткевiч, знойдзеная проста ў  балоце, у адной з шматлiкiх яго экспедыцый па роднай зямлi
…I вось ужо цёпла дымяцца кубкi, i гаркава-чорны напой схiляе да гутаркi.
– Вельмi дзiўна атрымалася са мною, – усмiхаючыся, пачынае ён. – Шчыра кажучы, я не збiраўся стаць пiсьменнiкам. Але пiсаць пачаў даўно, яшчэ ў школе. Пiсаў i вершы i прозу – у асноўным для сябе. Сёе-тое з маёй пiсанiны было змешчана ў школьным рукапiсным часопiсе. А аднойчы разам з сябрам вырашыў пабываць на радзiме нашага любiмага Янкi Купалы. Пешшу дайшлi да Вязынкi. Аб гэтым падарожжы  я  напiсаў i паслаў жонцы паэта  Уладзiславе Францаўне лiст. Яна ўключыла яго  ў зборнiк “Янка Купала. Збор матэрыялаў аб жыццi i дзейнасцi паэта”. Так з’явiўся  мой першы друкаваны твор… У гэтым жа годзе  адзiн мой знаёмы папрасiў, каб я прыслаў  яму проста так,  пачытаць, свае вершы (тады я настаўнiчаў на Украiне), i ён  занёс iх у “Вожык” i “Полымя”. З “Вожыка” я атрымаў пiсьмо прыблiзна такога зместу: “Малады  чалавек, з  Вашым талентам лепш бiць i брукаваць каменне на бруку”. Мяне гэта, прызнацца , не вельмi  i засмуцiла . А вось у “Полымi” пасля гэтага цалкам ужо нечакана для мяне з’явiўся мой верш “Машэка”, i я падумаў, што  ўсё ж нешта змагу рабiць. Пасля паступова пачалi друкаваць мяне  i iншыя часопiсы.
– Перш чым пачаць пiсаць, чалавек пачынае чытаць. Цi помнiце першую прачытаную вамі кнiгу?
– Шчыра  кажучы, першую кнiгу не помню, таксама як i не помню сябе такога, каб не умеў чытаць. Пачаў чытаць у трохгадовым узросце: непрыкметна навучыўся ад старэйшых. Дома была вялiкая бiблiятэка, i  я захапляўся  мастацкай лiтаратурай, часцей за ўсё не па ўзросце. Пазнаёмiўся паступова з беларускаю, рускаю i ўкраiнскаю лiтаратурамi, пазней – з польскай.
– Зразумела ж, як i ва ўсiх, у вас былi любiмыя аўтары, любімыя творы?
– Што датычыць любiмых твораў, то iх вось так – раз i назаўсёды – няма. У кожным узросце  меў улюбёнцаў i багоў. Чытаю кожнага ў залежнасцi ад настрою. Калi ён светлы – то Пушкiна, гнеўны – ранняга Купалу, Багдановiча, Шаўчэнку, калi настрой фiласофскi i грэблiва непрымiрымы да смуроду i пошласцi – проста хоць на дуэль – Лермантава, Гарэцкага i Льва Талстога, роўны – добрыя гiстарычныя раманы Сянкевiча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога.
I, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывiцца, перад працай, якая патрабуе разлiчанай, завостранай думкi, вельмi люблю чытаць добрыя дэтэктывы. Сапраўды добрыя. Да iх залiчваю не толькi, скажам, творы  Сiмянона i лепшыя раманы Агаты Крысцi, але й роднага па духу Стывенсана. I, калi браць вяршынi, на якiя нават дыхаць цяжка, – “Братоў Карамазавых”.
– А ў каго з іх вы вучыліся пісьменніцкай справе?
– У каго вучыўся? Складанае пытанне. Бадай што, нi ў кога не вучыўся манеры і спосабу мыслення. Затое ва ўсіх вучыўся любвi да чалавека i людзей, людства i жаданню па меры  сваiх  слабых сiл таксама хоць  крышку дапамагчы iм. Хоць  бы на адно кароткае iмгненне.
Вучыўся іхняму жаданню падаць чалавеку, калі яму, можа, сумна і самотна, сігнал: “Смялей. Ты не адзін”. З беларускіх пісьменнікаў вучыўся гэтаму, мабыць, найбольш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Іншых ужо назваў. Ага… сярод іх ледзь не забыў Кіплінга. Аднак заўсёды стараюся заставацца  ўсё ж самім сабою. Калі  добрая думка, якая хвалявала мяне гадамі, выльецца на паперу, а пасля я сустракаю нешта падобнае і выказанае глыбей і лепей у творах іншых сучасных пісьменнікаў, адчуваю вялікае задавальненне. Гэта азначае, што думка насілася ў паветры, што так думалі і іншыя, што я не адзін.
– Што больш за ўсё хвалюе вас, калі пачынаеце працаваць над новай кнігаю?
– Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра. Маё своеасаблівае правіла: я не прытрымліваюся “эстэтыкі пакрэсленага рукапісу”. Любую справу трэба рабіць хвацка. Дзесяць гадоў вучыся, але калі ўзяўся за сякеру, дык сячы як належыць. Думаю над кожнаю фразаю, варочаю яе ў мазгах нават сто разоў, кожны раз мяняючы, вымаўляю яе ўголас, перабіраю мноства варыянтаў і толькі тады запісваю самую, на мой погляд, удалую, начыста і намёртва.

Сайт «Русская любовная лирика» - На сайте собраны произведения русской классической поэзии.

1 2 3 4