1 2

Нельга не быць гісторыкам

– Уладзімір Сямёнавіч, свой шлях у вялікую літаратуру вы пачыналі як паэт. Успомнім зборнікі вершаў  “Матчына душа”, “Мая Іліядa”. Гэта былі пошукі свайго “я” ці нейкі неабходны этап, праз які прайшлі многія пісьменнікі?
      – З вершаў пачынаюць многія. І толькі ў рэдкім выпадку чалавек пачынае з прозы, а потым прыходзіць да вершаў. Як, напрыклад, Міхась Стральцоў (хоць і гэта я не магу сцвярджаць з абсалютнай дакладнасцю). А магчыма ён пачынаў з вершаў, ды я гэтага не ведаю. Пісаць вершы ў пэўным сэнсе прасцей. Прозу наўрад ці пачне пісаць трохгадовае дзіця, але яно зможа напець верш пад які-небудзь рытм. Дастаткова ўспомніць кнігу Карнея Чукоўскага “Ад 2 да 5”.
         І літаратура пачыналася, мабыць, з верша – з магічнага заклінання. Нават у першых легендах, паданнях існавалі ўзоры рытмікі. Эпас усіх народаў – не што іншае, як паэзія. Хоць у ім сустракаюцца празаічныя ўстаноўкі, калі гаворыцца аб заведама празаічных рэчах.
         Зрэшты, маім літаратурным дэбютам былі дарожныя запіскі “Вязынка”, змешчаныя ў зборніку “Янка Купала”, які выйшаў у 1952 годзе. Гэта была ў нейкай ступені выпадковая з’ява. Вершы я не пакідаю пісаць і цяпер, хоць аддаю гэтаму менш часу. Але выданне яшчэ аднаго-двух зборнікаў лічу магчымым.
     – У aдным з артыкулаў, прысвечаных вашай творчасці, указвалася, што “малады паэт празмерна захапляецца гістарычнай тэматыкай”. З той пары прайшло дваццаць гадоў. Ваша імя чытачы звязваюць сёння ў першую чаргу з такімі творамі, як “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Чым вы растлумачыце такую цікавасць да гістарычнай тэматыкі?
     – Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам. Кімсьці справядліва заўважана: “Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз”.
         Гісторыя – метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы.
         У рабоце над кнігамі на гістарычную тэму шмат часу прыходзіцца праводзіць у архівах і бібліятэках. Акрамя таго, багаты матэрыял даюць вусныя легенды, якія часта пацвярджаюцца затым дакументамі. Так было з маім “Паромам на бурнай рацэ”. Яго змест – гэта пралог майго рамана “Нельга забыць”. Размова ў ім ідзе аб паўстанні 1863 года ў Прыдняпроўі і пакаранні смерцю кіраўніка паўстанцаў Тумаша Грыневіча. Я лічыў, што гэта ўпрыгожанае мясцовае паданне. А пазней у Кракаве былі знойдзены дакументы, якія пацвярджаюць рэальнасць тых падзей. Іх драматызм і асабістая зацікаўленасць прыцягнулі маю ўвагу да гэтай яркай старонкі  ў гісторыі нашай беларускай зямлі.
     – Шмат розных водгукаў выклікаў  ваш  раман  “Нельга забыць”,  надрукаваны ў часопісе “Полымя” за 1965 год. Якое месца  ў сваёй творчасці  адводзіце вы  гэтаму раману?
     – Гэты раман быў надрукаваны ў часопісе “Полымя” ў скарочаным выглядзе. Асобнай кнігай на беларускай мове ён пакуль не выйшаў. Сапраўдная яго назва “Леаніды не вернуцца да Зямлі”. Пад такой назвай ён і быў выдадзены на чэшскай мове ў 1975 годзе. Выйдзе раман і на беларускай мове. А пакуль гэтага не здарылася, меркаваць аб яго значэнні цяжка.
      – Уладзімір Сямёнавіч, у кожнага пісьменніка ёсць творы, асабліва дарагія яму па той ці іншай прычыне…
     – Я назаву тры такія творы: “Каласы пад сярпом тваім”, “Чазенія” і “Ладдзя роспачы”. Раман “Каласы пад сярпом тваім” закранае тую яркую старонку беларускай гісторыі, аб якой мы ўжо гаварылі. Пачынаўся ён з прыдняпроўскіх легенд і паданняў, з паэтычнай і вельмі прыгожай прыроды – ад Рагачова да Оршы. Метафарычны вобраз, закладзены ў назве кнігі, навеян выглядам падмытай грушы на беразе Дняпра ў вёсцы Азярышча. Аповесць “Чазенія” дарагая мне як успамін аб цудоўных месцах, праведзеных на Далёкім Усходзе. “Ладдзя роспачы”, па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх.

«Шаловливый эрот» - Классическая эротическая поэзия. На сайте размещена галерея эротической живописи.

1 2