Маці Ўрагану

Як кроў праліваць мне людскую,

Калі Сонца ўва мне гарыць?!

Мне Любові трэба пазбыцца, –

Бо на пласе народ мой ляжыць.

Як мне з раю светлага ў пекла спусціцца?!

Безнадзейнасць!

Безнадзейнасць!

Памажы!

Памажы!

Памажы!!!

Аддаляецца пошчак капытоў.

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Ноч. Пячора. Яна асветлена толькі жарам у дальнім яе закутку ды святлом зор за шырокім уваходам. Таму ўсю першую палову карціны замест людзей мы бачым толькі іхнія цені ды чуем іхнія галасы. У паўцемры ледзь можна ўгадаць абрысы пня, які замяняе стол, ствол дрэва замест лаўкі ды шырокае ложа, засцеленае шкурамі. За атворам-уваходам сілуэты дрэў і за імі – месячная дарожка на паверхні ракі. Здалёк – тупат капытоў. Пасля ён сціхае, і ў атворы з’яўляецца цень. Гэта В е ц е р.

В е ц е р. Гэй, гаспадар... Ёсць тут хто-небудзь? (Уваходзіць, наляцеў на пень стала, ледзь не скінуў нейкі гарлач, але падхапіў яго.) Вогнішча, значыць, нехта ёсць... Гу! Ёсць нехта? (Паўза.) А ўрэшце, трасца яго бяры, гэтага невядомага. Проста трэба ў Крычаў. Проста трэба было добра пратрэсціся на кані, а то заседзеўся. Проста трэба знайсці сілы трымацца да канца. Захоча Надзея са мною – хай ідзе. А не, то будзе яна скора вольная. Каб не абяцаў маці – не трэба было сюды ехаць... То вярнуся дамоў. Няма гаспадара.

Нечы Цень засланіў уваход. Пасля далятае адтуль спалоханы голас.

Ц е н ь. Нашто ты прыйшоў, чалавек? Пакуль не позна, пакуль не сядзеў тут – бяжы адсюль. Бяжы хутчэй. Сюды прыходзяць толькі...

В е ц е р (узвіўся). Толькі смялейшыя, ты хочаш сказаць? А хто табе даў права лічыць мяне горшым за іх?

Ц е н ь. Я прашу цябе, уцякай... Бяжы стрымгалоў... Адсюль дарогі няма.

В е ц е р (зухавата). А я яе й не шукаю. А ўцякаць? Ну не.

Ц е н ь. Ты не ведаеш, ш т o я...

В е ц е р (перабіў яго). Чакай. Я не пытаюся ў цябе, хто ты і што ты. А я – ведай – я збраяр панцырных баяраў Васіль Вецер з Крычава. Я шукаю прыстанішча на ўсю ноч. I таму – мне так сказалі: “Н е п а л і а г н ю, н е к а ж ы н і ч о г а. Я і т а к у с ё в е д а ю”.

Ц е н ь. Ты б лепей ішоў прэч, чалавеча. Тут толькі адна жанчына прыносіць ежу і пакідае на пні за добрую сотню крокаў. Я зусім адзін ужо шмат год.

В е ц е р. Ты гоніш госця?

Ц е н ь. Да мяне ў госці прыходзяць толькі тыя, якім нічога ўжо не патрэбна.

В е ц е р. Ну вось, а мне якраз гэтага і трэба. Зразумеў? Залазь сюды.

Ц е н ь. Ідзі. Прашу цябе найменнем маткі тваёй.

В е ц е р. Яна сама і паслала мяне.

Ц е н ь. Са-ма-а?

В е ц е р. Так. I хопіць балабоніць. Лезь сюды. Будзем вячэраць.

Ён вымае з сакваў і раскладае на пні ежу. Вялізны чорны цень палез у атвор і прысеў да стала.

Еш, чалавеча.

Ц е н ь. Смачна. Я амаль ніколі не ем свежага, бо і адкуль? Толькі як жанчына прынясе. А так – ем карэнні, стаўлю пасткі на зайцоў... Цяжка робіцца на зямлі. Вялікая навала ідзе на край. Я даўно не бачыў людзей, але сёння зноў білі гакаўніцы недзе над Сожам. Уцекачы бягуць некуды, але сюды яны не заходзяць, не... Гэта першы. I дзе толькі людзі не шукаюць спакою?.. Так, білі гакаўніцы... I нешта гарэла, языкі шугалі ў паветра.

В е ц е р. Дай руку... Не бойся, брат.

Ц е н ь. Можа-а...

В е ц е р. Не бойся, брат. Я з табою. Дай руку.

Ц е н ь. На, брат мой... Бог мой, хатняе сала!.. А ў мяне няма хатняга сала. Бо ў мяне няма кабана. Бо і адкуль? У мяне ж і хаты няма. У мяне нара. Я ад мовы адвыкнуў. Няма ў мяне суседзяў, каб па-свойму з імі пагаварыць. Суседзі ў мяне – совы ды ваўкі. З імі па-беларуску не пагаворыш. Я зусім бедны... Во, соль... А ў мяне няма солі. Я зусім бедны... А хлеб... такі мяккі, так пахне, пакі пульхны. А я не магу нават пасеяць свайго хлеба, а каб пасеяў, то яго стравілі б дзікі... А каб не стравілі – дзе б я яго змалоў, дзе тая печка, у якой бы я яго спёк? Я не адзін такі. Усе браты і сёстры, увесь мой народ такі. Але мне горш за ўсіх. Хата... сала (голас ягоны сарваўся)... хлеб (плача).

В е ц е р. Супакойся... Ну... ну... ну што ты такі няшчасны? (Бярэ яго за руку.) Ты ўсё ж вольны тут.

Чуваць тупат капытоў. Пасля ён сціхае і ў атворы з’яўляецца некалькі постацяў. Гэта К а м і с а р, п а р а с л у ж а к і б р а т ы І ц к а в і ч ы.

К а м і с а р. Гэй, барсук!

Ц е н ь. Вось яна, мая воля.

К а м і с а р. Вылазь з нары... Войт з Ківаверцаў данёс, што да цябе прыскакаў нейкі чалавек.

Ц е н ь. Дайце мне спакой. Я і так няшчасны і бедны. Чаго вы хочаце? Чаго вы здзекуецеся з мяне так? Што я вам зрабіў? За што! За што!

Г д а л ь. Аддай чалавека. Ходзіць ноччу – значыць, ён такі мужыцкая басяцкая морда і бандзюк. Наваколле й так бочка з порахам.

Ш м у й л а. Ну!