Маці Ўрагану

У вочы мае глядзіць

З кожнай роднай пахмурнай дубровы.

Нельга жыць. Але што ж, будзем жыць.

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Тое самае падвор’е, што і ў першай карціне. Толькі агні ў хаце згаслі. На ганку стаіць А г н а В е ц е р. Здалёк далятае і сціхае ля брамы конскі тупат. Пасля з’яўляецца з цемры, асабліва густой перад світаннем, В а с і л ь В е ц е р.

А г н а. Было?

В е ц е р. Было.

А г н а. Ненавідзіш мяне?

В е ц е р (спакойна). Ужо не.

А г н а. Чаму?

В е ц е р. Разумею цябе. Гэта сапраўды жахліва, калі маці Ветру, а сын у яе не Вецер, а такі вось баязлівы вусень. I кожны мае права плюнуць...

А г н а. Не, не зразумеў ты мяне. Не баязлівы – ты знайшоў бы ўрэшце сілы. Але нас давялі да краю, нас загналі ў норы. I калі ўжо лепшыя паўстаюць за свой аб’яўлены пракажоным народ...

В е ц е р. Ну.

А г н а. То нельга, каб чалавек, які носіць прозвішча Вецер, не быў лепшы з лепшых. Мы для гэтага зашмат пакутавалі. Мы пакутамі купілі права на гэта. I калі іншыя ў бунце могуць быць проста ветрам, т о ш э л е г т а б е ц а н а, В е ц е р, к а л і т ы н е б у д з е ш у р а г а н а м.

В е ц е р. Я і гэта разумею. Цяпер муру паміж мною і ворагам няма. Але ёсць мур паміж мною і табой. Учора я абдымаў цябе ў апошні раз. I не ведаў... Але пра гэта хопіць. Ты толькі помні, што яны паплоцяцца і за цябе, а ты заўсёды будзеш са мной. I вось што... скажы пра ўсё жонцы. Мне цяжка будзе растлумачыць Надзеі ўсё. Я лягу тут.

А г н а. Дурны ты. Добра. Падумай яшчэ.

Павярнулася і пайшла ў хату. Вецер сцеле пад дубам плашч. Пайшоў у хату і ўзяў з падвокання пляшку. Вяртаючыся, запнуўся аб Л а ў р э н а, які спіць пад прызбай. Той узвыў праз сон:

Як якому смаркачу –

Я й за грошы не хачу.

Як якому блазну –

Па зубах я бразну.

Замармытаў і сціхнуў. Вецер сядае на плашч. П’е.

В е ц е р. Зоры... Як бы гэта сказаць: “Коціцца зорамі ноч. Вечны абег сусвету. Даўно насяляць я пакінуў анёламі неба гэта”. Кепска.

Падае знічка.

Упала нечае шчасце. Маё. (П’е.) Бог хоча прыкуць шчасце толькі да неба. А мятлушкі хапаюць яго і нясуць да людзей. Толькі са шчасцем маёй зямлі яны нешта замарудзілі. А, выдумка... Небу няма канца. (П’е) I я такі малы перад гэтай безданню. Толькі каханне рабіла так, што цёпла. А зараз і яго няма. Памру і развеюся... ільдзістым пылам. I сусветы памруць. Якая ж я пясчынка, выключаны з сусвету... Будзе бітва. Яны палягуць або мы... і кожны будзе нас ганьбіць. Што да гэтага зорам? Пройдуць тысячы год. Што тут будзе тады? Напэўна, ніхто не будзе адбіраць у іншага хлеб і гонар. Не будзе большага і меншага, эліна або іудзея. I кожная мова будзе панскай, а таго, хто яе саромеецца, будуць закідваць багном. (П’е). Не можа быць, каб яны не зразумелі нас, зняслаўленых і абылганых. Яны ж будуць... як багі, як лебедзі, як людзі. (П’е.) I я буду сярод іх, хворы, замучаны, адрынуты. А пажадаю – буду дзе хачу. (Ён плача, а вусны ўсміхаюцца.) Хто сказаў, што я малы? Сусвет у вачах, зоры ў мозгу, галасы ўсіх людзей у сэрцы. Я пажадаю – і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі.

Засынае. Аднекуль здалёк, з-за саду, голас вядзе дрымотную песню, і пад яе гукі Н а д з е я В е ц е р сыходзіць з ганка, схіляецца над Васілём і цалуе яго.

– Ай, ходзь мая Надзеечка, да мяне,

Ай, ходзь, ходзь, мая мілая, да мяне:

А ў мяне караватачка нова,

А ў мяне ды пасцелька пухова,

А ў мяне абдыманнейка цесна,

А ў мяне цалаваннейка ўцешна.

Н а д з е я (цалуе ягоныя рукі). Спіш. Не чуеш.

В е ц е р (праз сон). Сітнягі шапочуць. Зоркі спяваюць... Ты? (Абдымае яе.) П’яны я. Ой, п’яны я! (I раптам ўзвіўся на ногі, як уджалены.) Ой... Божа... Надзея! Ты чаго тут?

Н а д з е я. А дзе мне быць?

В е ц е р. Ды ты ведаеш?.. Ды ты ведаеш? Пень дурны!!!

У бяспамяцці ён ударам збівае яе на зямлю.

Ой, што ты нарабіла? Ой, што ты на-ра-бі-ла?!

Яна дацягнулася да яго на каленях і моцна абхапіла ягоныя ногі. Захлынаецца слабы, сіплаваты, безнадзейны голас.

Н а д з е я. Ну бі, бі мяне. Забі мяне. Сваёй рукой. Я ўсё адно не пайду ад цябе. Усё адно, цяпер ужо позна. Цяпер ужо позна і ўсё адно.

Ён стаіць, як саляны слуп.

В е ц е р. Я ж так не хацеў. Я ж так не хацеў. Пры чым тут ты?