Маці Ўрагану

Н а д з е я. Пры тым, што поп казаў мае словы: “На шчасце і на гора”. Не ўсё ж мёд – трэба часам і мякіну разам есці.

В е ц е р. У цябе адразу пачалося з мякіны. I мёду не будзе. Нашто? Нашто ты так?!

Н а д з е я. Я выпадкова пачула. Я чакала, пакуль ты заснеш. Бо ты ж бы прагнаў мяне. Цяпер я ўжо з табой. Усё адно, якія зробяцца твае рукі – яны песцілі мяне ў добрую гадзіну. А сэрца тваё гэткае ж велікадушнае. Чаго б гэта я была вартая, кінуўшы цябе аднаго ў такой бядзе?.. Ну набі ж ты мяне. Можа, я цябе, змея, тады менш кахаць буду. Зараз жа ўсё адно.

Вецер паваліўся перад ёю, цалуе ёй рукі.

В е ц е р. Даруй мне... Даруй мне... Даруй мне...

Яна закінулася.

Я вечны... вечны... вечны з табою... Я так абразіў цябе.

Цалуе. I ў цемры голас.

Няма зараз. I потым не будзе. Я вечны... Вечны з табою...

Ціхая песня здалёк:

Пакінь мілы, чарнабровы,

На сівым кані лятаць:

Ідзі ка мне маладой,

Вячэраньку вячэраць.

Я думала, маладзенька,

Што адна спаці лягла,

Аж я свайго міленькага

Правай ручкай абняла.

Зашумеў ад перадранішняга ветру дуб. Святлее стужка заранкі. Пачалі азываццаі вакол птушкі. Вецер устае з-пад плашча і слухае іх. Птушкі аж разрываюцца. I Вецер адказвае ім.

В е ц е р. Жыць! Жыць! Жыць! (Гэта – птушынаму хору ў шатах дуба.) Жыў! Жыў. (Гэта – вераб’ям за плотам.) Жывы вы? Жывы вы! (Гэта – кнігаўцы, што закрычала недзе на лузе за садам.) Ну так! Ну так! (Гэта – салаўю, які спрабаваў сцвердзіць у хмызах, што ён жывы.) Жыў! Жыў! Чуеце вы? Жыў.

М а ц і з’явілася на ганку, убачыла Ветра і Надзею, што абхапіла ягоныя калені.. У гэты момант здалёк даляцеў тупат ног і песня:

У агародзе ячмень,

А ў полі жыта.

Прыйшлі звесці да мілае,

Што мілы забіты.

Забіты, забіты,

Пахаваны ў жыце.

Чырвонаю кітаечкай

Лічыка накрыта.

Прыляцела пава,

У галоўцы пала,

Як адкрыла кітаечку

I зашчабятала:

– Ці ты, мілы, упіўся,

Ці з каня зваліўся?

Ці ты па мне, маладзенькай,

Сільна затужыўся.

На падвор’е ўвальваецца м у ж ы ц к і а т р а д, узброены косамі, сякерамі, стрэльбамі. На чале – І в а н К а р п а ч. Мужыкі цягнуць з сабою в о й т а вёскі Ківаверцы.

К а р п а ч. Іван Карпач. I людзі твайго наваколля, Васіль. Ты ідзеш начале, Васіль Вецер?

В е ц е р. Цяпер – іду. Пачакайце трохі. (На Надзею.) Яна ідзе са мной. Зараджаць стрэльбы ўмее добра.

К а р п а ч. Збірайцеся хутчэй (да Лаўрэна, які сеў на бервяно і ачмурэла круціць галавою). А ты што, Каўбаса?

Л а ў р э н. Вы на папойку, а галава баліць у мяне.

К а р п а ч. Што, хваробы сабе купіў на жаніховы грошы? Гэ, ды ў цябе і сіняк пад вокам. Набілі. Нічога, свята без мучаніка не бывае.

Л а ў р э н. Чарку – і на край свету.

М а г д а. Ты, лабідуда гэткі, пойдзеш і на край свету, абы чарку.