Маці Ўрагану

Л а ў р э н. Ба-а-ба! Тут справы мужчынскія, думаць трэба. А ты пакуль з лаўкі ляціш, дык семдзесят дум перадумаеш.

М а г д а. Чапяла па табе мала хадзіла, ёмашнік стары.

Л а ў р э н (выпіў). Во цяпер і пайду. I ты збірайся. А то ў Крычаве твая карчма згарыць. Хаця...

Уся вёска згарэла –

Карчма ацалела,

Яе пагасілі,

Што чарачку пілі.

Ўся Орша згарэла...

М а г д а. Сціхні ўжо, дзярыглотка, мачыморда гэткі. Добра, пайду і я, а то вайна будзе на першым сметніку.

Л а ў р э н. А дзе ж тая вайна? –

Пасярод лайна.

М а г д а. Ідзі-і ўжо, ідзі-і.

В е ц е р. Людзі! Слухайце ўсе! Ідучы на цяжкую гэтую справу, даў я перад богам, і святымі, і людзьмі, і зямлёю страшнае абяцанне. Да самай нашай перамогі або да самай маёй загібелі ніхто не павінен дакранацца да мяне, акрамя маёй жонкі. I я ні да каго не павінен дакранацца, акрамя як да яе.

А г н а. I да мяне.

Уладна абхапіла ягоную галаву, прыцягнула яе да сябе і пацалавала сына ў лоб.

К а р п а ч. Што ты яго, як на крыж?

А г н а. Так. I да мяне. Толькі вось яна і я маем права дакранацца да яго, падводзіць яму каня, падаваць яму ваду. Толькі мы маем права нават выцягнуць яго параненага з бітвы. Астатнія – не.

В е ц е р. Што ты яшчэ нарабіла?

А г н а. А ты што думаеш, я кіну цябе аднаго?

В е ц е р. Астатнія – не. Я даў страшнае абяцанне, страшную і апошнюю клятву. Я да каго дакрануся ці нехта да мяне дакранецца, акрамя вось іх, – т о й ч а л а в е к п а м р э. Або тут жа, на месцы, уражаны небам. Або павольна, за гады, жыўцом згніе! Чуеце?! Або на месцы, або жыўцом?! I клятву гэтую ўмацавала перад вялікім богам зямлі нашай мая маці. I хто здрадзіць нам, хто прадасць нас – на таго я накладу руку і той згіне! I клятву тую ўмацавала мая маці.

Цалуе зямлю ля яе ног.

Мы попел размяцем ад іхніх дамоў і палацаў. Клянуся, гэта праўда. Як праўда, што далонь мая нясе ворагу смерць!

К а р п а ч. Чары? А хлуслівыя ці праўдзівыя?

В е ц е р. На жаль, праўдзівыя.

Л а ў р э н (з-за спін, дурасліва). Быць ет-тага не можа.

Н а д з е я. Праўда. I мая таксама. Рука. Нясе.

Л а ў р э н. Ет-тага быць не мож-жа.

А г н а. Праўда, як тое, што смертаносная цяпер і мая рука.

Л а ў р э н. Ды н-не, мож-жа ет-тага быць.

А г н а. Мы трох далі гэтае абяцанне.

Л а ў р э н. Ды ет-тага быць...

М а г д а (нечакана сур’ёзна). Сціхні, звяга. Тут нешта сур’ёзнае.

К а р п а ч. Чым вы давядзеце гэта?

В е ц е р. Ну, па-першае, чалавек можа згнісці і праз год. А па-другое, хто гэта насмеліцца, толькі каб давесці, забіць чалавека?

К а р п а ч. А гэта гледзячы якога чалавека. Людзі! Гэтага сюды!

Мужыкі падвялі да іх войта з Ківаверцаў.

Вось войт з Ківаверцаў. Апошні кавалак шкуры, што не здзёрлі Іцкавічы, – здзёр ён. Правер на ім сваю клятву, Вецер.

В о й т (дужа спалоханы). Якое права?! Хто тут падбухторвае? На плаху захацелі?!

К а р п а ч. Гэтай ноччу ён данёс Іцкавічам, што нехта хаваецца ў пракажонага.

В е ц е р. Ну а каб і хаваўся... Каб, скажам, ён... або я... (набліжаецца да войта). Каб, скажам, я? Якая яму справа?

В о й т (цьмяна прадчуваючы нешта). Не смееш! Не сме...