Маці Ўрагану

В е ц е р. Да каго дакрануся – той чалавек памрэ.

К а р п а ч. А за некалькі год гэта ё н данёс на друга, і тыя спалілі хату няшчаснага з жонкай і дзецьмі.

В е ц е р. Або згніе, або – на месцы, уражаны небам.

В о й т. Не! Не! Не хачу! Пусціце! Не магу-у!

К а р п а ч. А тады – мог. А за многа год да таго вёў служак на хату твайго бацькі. I дом таксама гарэў, з чалавекам.

А г н а. То гэта ён. Дакраніся, Вецер. А пасля я.

В о й т. Імем бога! Не-а! Не-а! Брудныя свінні! Не трэба чапаць мяне.

В е ц е р. I далонь мая нясе ворагу смерць.

В о й т. Не-е-е-е!!! (У панічным жаху.) Ён не клятву! Ён!..

Вецер нібы прыпячатаў далонь яму да лба. Крык абарваўся. Усе глядзяць, як войт пакінуў звівацца, стаў як скамянелы, а пасля рухнуў на зямлю, як падсечанае дрэва. Мёртвая цішыня.

К а р п а ч (падышоў і варухнуў яго наском чобата). Гатовы... То ты што, на самай справе?

А г н а. Ён на самай справе. Хто дакранецца нас... хто дакранецца яго, – я змацавала, а ён даў слова, – той памрэ.

В е ц е р. О божа! З аднаго страху... (Уголас.) Куды гэтага?

А г н а. Кінуць яго ў тварыла з нягашанай вапнай... Не будзе яго – не будзе і праклёну.

Народ стаіць, як уражаны Перуном.

Добра. Бывайце, дзеці. Не заклінаю вас ад стрэлу чужынскага, ад сухоты агнявой, ад корда, і шаблі, і пісталета, і доўбні, і ад стралы. Калі вам і мне суджана памерці – мы памрэм іначай. Але на ворага вашага перад бітвай нападзе трасенне ступіц і жылы падкаленнай, і нядужасць рукі, і цемра ў вачах, і жах смяротны, як у гэтага... і ён памрэ таксама верна, як вось гэты, што ляжыць перад вамі.

К а р п а ч. Не цалую тваёй рукі. Мне яшчэ трэба жыць. Але людзі! Людзі! Гэта маці Ветра... Хіба яна маці Ветра?.. Яна маці нашага ўрагану!

Мужыкі моўчкі падымаюць зброю ўгору.

Маці ўрагану.

Цемра, тупат ног і пошчак капытоў.

Захрабошчуць пад доўбнямі латы.

Звон на могілках поўнач прабіў.

Скача ў цемры помста на катаў.

Вый, магнат. Замахніся! Бі!

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Вялізная святліца ў карчме Магды Мякенькай. Злева – паліцы з сулеямі і пляшкамі, бочкі. Перад усім гэтым – стойка. За стойкаю – ачаг і дзверы ў кухаварню. У дальнім левым куце – дзверы на вуліцу. Тры акенцы ў задняй сцяне, адно – у правай. За імі роў, валы і над імі драўляныя муры і цагельныя, “бутавыя”, вежы Крычаўскага замка. Пад сценамі доўгае “Г” стала, лавы вакол яго. Стаяць дзве-тры бочкі ў якасці дадатковых сталоў. За стойкай М а г д а, ля яе дудар Я ў х і м X м ы з. За вялікім сталом сядзяць у кампаніі з куфлямі п о п з Б е с а в і ч а ў і п о п А н т о х К р а п і л а.

А н т о х. Іцкавічы – цю-цю! Няма іх. С в о й у нас цяпер арандатар.

П о п з Б е с а в і ч а ў (сербануўшы). А табе што, ойча? Яны, як іудзеі, да цябе, папа, справы не мелі. Ты што пры іх, што пры Храптовічу наліжашся, як папова свіння, дый канец.

А н т о х. Ну і ты ледзь не кожны дзень п’яны як гразь. Але ты з распусты п’яны. А я – з жаласці да людзей, да парафіян сваіх.

П о п. Мялі, млын. Проста яны, абдзёртыя, табе за хрышчэнне ды адпяванне заплаціць не могуць, вось ты і точыш зубы на Іцкавічаў.

А н т о х. Бо ў мяне сумленне. Яно не дазваляе з голага ўзяць. А ты як? Ты з сыноў жабрака добрага каня вымагаў за адпяванне. А не было яго, то нябожчыка пахавалі неадпетага, як сабаку. Тры дні людзі на каленях стаялі, пакуль не згадзіўся магілу адпець... за мерку пшаніцы.

П о п. А чаго ты п’еш са мною? Унь як зямля напіўся.

А н т о х. Гэта ты падсеў. Праўда, людзі?

М а г д а з Я ў х і м а м. Так... Анягож... Падсеў.

А н т о х. Падсеў. I лепей бы я з бесам піў, чым з папом, які з Бесавічаў.

П о п. Ой, заклею я твой вобраз.

А н т о х. Паспрабуй, асёл Валаамаў.

М а г д а . Цыц!

Я ў х і м. Не хапала яшчэ, каб папы пабіліся.

М а г д а. У мяне не паб’юцца. Я іх – жыва.

Я ў х і м. I праўда. У цябе бойка толькі, пакуль ты не ўмяшаешся. Гэта ж за дзесяць год ніводнага членапсавання.

А н т о х. Дзіва што. Грудзі – як дзве машыны сценабітныя... Азадак – вось як гэтыя дзве бочкі. А мы што? Мы людзі звычайныя, дзе ўстаяць?

М а г д а (улешчаная). Добра-добра. Толькі без бойкі.

Я ў х і м. Няма чаго сварыцца. I новы арандатар тут, і дзярэ, як свой. I пры тых, і пры ім на азадках нашых як ячмень малацілі.

М а г д а. Іцкавічам усё заплочана. I хай коцяцца.

А н т о х. У тым і справа...