Маці Ўрагану

Я ў х і м. ...Што не ўсё заплочана. Што яны яшчэ тут і нейкія рэшткі выбіваюць. I як бы гэтыя рэшткі не былі апошняй нашай кашуляй.

М а г д а. Ветра зваць трэба. Не п’янюгу Васку, а Васіля. Ён ім толькі руку пакажа – жыва нагостраць лыжы.

П о п. Забабоны ерэтыцкія! Язычаскія. Хто гэта, акрамя бога, можа... дотыкам рукі?..

М а г д а. А ты нас з Лаўрэнам спытай, як войт з Ківаверцаў, нібы ад Перуна, рухнуў.

П о п. За вашыя супрацьзаконныя намеры вас з Лаўрэнам трэба... у вязніцу.

М а г д а. А ты з намі, ці што, быў, што ведаеш, намеры там у нас або ўжо нешта больш сур’ёзнае? Ці мо ляжаў з намі?

П о п. Цьху, бясоўскае адроддзе.

М а г д а (прыўзняла яго за шкірку). Хто тут бясоўскі? Хто з Бесавічаў? Я ці ты?

П о п. Ай, эпіцім’ю накладу.

А н т о х. У порткі ты накладзеш. Ды кінь ты яго.

М а г д а. Ужо кінула.

Я ў х і м. Ай, баба! Ай, баба, як Пярун!

У карчму ўвальваюцца б р а т ы І ц к а в і ч ы з в а р т а й, К а м і с а р і П а в а л Ц я л е ц к і, крычаўскі “губернатар”.

Г д а л ь. Ай, б’юцца. Ну, як бараны. Ну, як пеўні.

Ш м у й л а. Здароў, Магда.

М а г д а. Здаровы былі. Нашто завіталі?

Ш м у й л а. Скора з’едзем. А пакуль – даўжок за табой.

М а г д а. Што-о? Які даўжок?

Г д а л ь. Апошні даўжок перад тым, як новы арандатар даб’ецца таго, чаго мы не дабіліся, і прымусіць гэтую карчму па бервяну разнесці.

М а г д а. Я-ак?

Цялецкі. А так. Пабудова пры рове. Значыць, бліжэй чым дзесяць сажняў ад замка. А гэта значыць вораг можа яе разнесці і з яе праз роў мост накідаць.

М а г д а. Калі вораг прыйдзе – ён і за пяцьсот сажняў бярвенні паднясе. Ён не задумаецца і ўвесь горад на мост разабраць. Але верна і тое, што, як вораг прыйдзе, я гэтую карчму сваёй рукой падпалю.

Я ў х і м Х м ы з непрыкметна выбраўся з-за стойкі ў дзверы.

Ц я л е ц к і. Добра, пра гэта пасля. А цяпер ты кажы, камісар.

К а м і с а р (хавае вочы). Доўг за табой, Магда. А які – хай скажа вельмішаноўны пан Гдаль.

М а г д а. Ой, камісар, не крыві душой. Яны пойдуць – ты застанешся.

К а м і с а р. Ведаю, але... паднявольны.

Г д а л ь. Семдзесят злотых з цябе.

М а г д а. Гда-аль!

Г д а л ь. Вочы мне лопні, скула мне на язык.

М а г д а (дастае і кідае на стойку некалькі драўляных планак). Вось насы, біркі. Давай твае паловы. Складзем і паглядзім, што на носе зарублена.

Ш м у й л а. Няма ў нас ніякіх насоў! Адкуль насы?

За вокнамі ў гэты момант зараўла трывожна дуда.

А н т о х (падпявае).

Дуды над хлопцамі выюць трывожна.

Над полем бітвы спявае рог.

Тапчыце зямлю, легіёны божыя!

Наперадзе – вораг! Над вамі – бог!

Ц я л е ц к і. Гэта што?

Г д а л ь. Гэта значыць – хутчэй грошыкі, Магда. Адна ты тут не паддалася са сваёй карчмою. Напаследак – паддасіся.

П о п. Размячыце, размячыце гэты вярцеп.