Маці Ўрагану

М а г д а. Ах ты, выпоўзіна!!

П о п. Хто гэта – божыя легіёны? Тыя галадранцы? I бог наш – з імі?

А н т о х. Тапчыце зямлю, легіёны божыя!

За вамі ваш край. I з вамі – ваш бог!

М а г д а. Вось біркі!

Ц я л е ц к і. Біркі не папера. Дзе папера?

М а г д а. Дык былы камісар Гарноўскі ўзяў. Сказаў, што ўсё скасаванае, – і ўзяў.

Г д а л ь. Гарноўскі? А я такі штo да яго маю?

Ш м у й л а. Узяў і ўзяў. Што, м ы ўзялі? Рукі нашы адсохні, як мы тыя паперы ад вас забіралі!

А н т о х. Падстаўны камісар!

К а м і с а р. Змоўч!

М а г д а (бярэ, як меч, востры пожаг). Паспрабуйце толькі крануць чаго.

Г д а л ь. Варта! Вазьміце яе, загаліце ды пасадзіце ў ачаг, калі не адумаецца.

Магда ўзняла пожаг. Антох палез з-за стала на выручку. У гэты момант увальваюцца ў дзверы м я ш ч а н е на чале з В а ш ч ы л а м, Л а ў р э н а м, І в а н а м К а р п а ч о м, І л ь ё й, ягоным бацькам, п і с а р а м Б а ч к о і Я ў х і м а м.

В а ш ч ы л а. Так, каго гэта тут – у ачаг?

М а г д а. Мяне. Унь біркі, а ён доўг заплочаны патрабуе, карчму пагражае размятаць.

Ш м у й л а. Доўг не заплочаны! Паперы дзе? Пра камісара вярзе нешта.

В а ш ч ы л а. Ведаем пра даўгі. Той падстаўны камісар квіткі аб уплаце сабраў. А квіткоў тых за ўплочаны чынш было на дзвесце тысяч. Дый знік з імі.

Г д а л ь. Не чуў пра квіткі. Вінен мне горад дзвесце тысяч. Пакуль не атрымаю – не пайду.

К а р п а ч. У кішэні яны ўжо ў цябе. Другі раз выбіваеш!

М а г д а. Біркі засталіся!

Ніхто не бачыць, што поп з Бесавічаў перадае “насы” Шмуйлу і той цішком кідае іх у ачаг.

К а р п а ч. I той падстаўны камісар даў пісьмовае распараджэнне на абарону жыхароў ад гвалту.

Спыніўся ў дзвярах В е ц е р з у з б р о е н ы м і л ю д з ь м і.

І л ь я К а р п а ч. Але Шмуйла пасля ўцёкаў камісара тую паперу ў прысутнасці мужыкоў падзёр.

Г д а л ь. Квіткоў аб уплаце няма. I бірак няма.

I л ь я. Біркі ў людзей пабоямі паадбіраў.

М а г д а. Біркі! Дзе мае біркі?

Л а ў р э н (дастае з ачага абгарэлы пучок, узмахнуў ім – на канцы заскакаў агеньчык). Вось яны, твае біркі.

М а г д а. Бо-о-ожа! Што ж рабіць? Аспіды! Васіліскі!

Л а ў р э н (рушыў з пучком на арандатараў). Нічога! Я ім зараз агнём на мордах уплату той пазыкі выкарбую... Каб памяталі на ўсё жыццё.

Г д а л ь. Камісар той быў часовы, а я – заўсёдны. I плаціў грошы князю згодна кантракту. Таму калі й душу дастану з мужыка – адказваць не буду.

Л а ў р э н (насоўваецца). А гэта мы паглядзім, галава карэлая! Бачыш, агеньчыку з пекла табе прынёс.

Ш м у й л а. Гвалт!

Б а ч к о. Камісары гэтыя – толькі расходы!

I л ь я. На іх і на світу!

Б а ч к о. I нічога добрага, акрамя гною пасля іх!

Я ў х і м. Нічога не далі камісары! I надзей не пакінулі!

I л ь я. Яшчэ дзвесце тысяч! Не ўратуюць скаргі!

Б а ч к о. Мужыкі! Супраціўляйцеся! Біцеся!

Л а ў р э н (паднёс агонь да аблічча Гдаля). Ну-у...

В е ц е р. Ціха, мужык! Ціха! (Цішыня.) Та-ак, другую шкуру дзераце, манюкі? Вось ён, мужыкі, пачатак пачаткаў. (Спакойна.) Не рабунак, не здзек, нават не біццё. Падман узняў нас на ногі. Адыдзі, Лаўрэн. Ну, давай, Гдаль. Валі адсюль. Чаго адступаеш? (Гдаль паспрабаваў прарвацца да дзвярэй, але Вецер перагарадзіў рукамі калідор з людзей.) Не, браток. Не атрымаецца. Ты адсюль не як сумленны п’янюга выйдзеш, не праз дзверы. Мае людзі сёння ў дзесяці дварах даўгавыя кнігі спалілі. Чуеш, Вашчыла? У растаўшчыка Аляксандра Вуці. I ў іншых растаўшчыкоў знішчылі судовыя рашэнні, паперы па абавязках, закладныя паперы на сенажаці, судовыя рашэнні на права валодання зямлёй, адабранай у бедных. I пазыкавыя абавязкі ў Міхала Аніскевіча, арандатара Моўшы Айзіковіча, у многіх багатых купцоў, і майно адабралі і раздалі. У Старым Стане ў багатыра Галайды аднялі і раздалі майна бедным не менш як на дзесяць тысяч. На жаль, і без ахвяр не абышлося. У Геранімаве купец Міхал Белавіцень, што наваколле разарыў і людзей біў да смерці, уздумаў супраціўляцца. То забілі яго і ягонага цесця Сымона. Не мог я мужыкоў стрымаць. (Да Гдаля.) То няўжо такую гніду пашкадуем? Чаго адступаеш? Не бойся. Замест павольнай нашай смерці ты – адразу. А кнігі твае – у агонь. Не бойся, Магда. Яны твае квіткі ў агонь, а мы іх – у агонь. Вось я сам (працягвае рукі – Гдаль забіўся і нема закрычаў). А мо хай ідзе? Без даўгавых распісак, без грошай, голы? Га, мужыкі?

П о п. Не выпускаць! Вернуцца, агаранскае адроддзе!

А н т о х. Ды хай ідуць. Нашто адбіраць душу? Сваю маем.

Б а ч к о. Не маюць яны душы.