Маці Ўрагану

А н т о х. Яны не маюць. М ы м а е м.

В а ш ч ы л а. Ладна. Хай ідуць.

К а р п а ч. Толькі не дзвярыма. Дзверы – для высакародных п’янюг.

I л ь я. У вокны хай.

В е ц е р. I калі вы бліжэй Слуцка спыніцеся – наракайце на сябе. З марскога дна дастанем. Ну...

Тыя пачынаюць выбірацца ў вокны. Сумятня. Цялецкі і Гдаль заселі.

Гэй, мужыкі, падмагніце ім. Гэтага – касой прышпорце, а гэтаму – выспятка.

Поле “бою” ачысцілася. Усе пераглядаюцца, і раптам – рогат.

Вось. Прынеслі яны нам такі акіян крыўды, такое бяспраўе нязменнае і вечнае, што ўсе здрыгануліся, нават зямля (пошчак капытоў). Хай ідуць туды, дзе іх чакаюць... А мы... нам, мужыкі, трэба трымацца, як мур. Шкоды мы асаблівай пакуль не нарабілі. Значыць, жорстка слухацца загаду, парадак у горадзе трымаць, як у манастыры.

А н т о х. Крый божа.

В а ш ч ы л а. I нікога не забіваць.

В е ц е р. Так, самі душу маем. Не забіваць.

П о п. А Белавітня з цесцем куды спішаце?

В е ц е р. Кепска атрымалася. Але ён смертабойнічаў, у людзей майно адбіраючы. Дый тут уздумаў страляць. Не стрымаліся людзі.

А н т о х (папу). Ты ўжо не вякай. Божай дабраданасцю гандлюеш, а туды ж...

К а р п а ч. I праўда. О-ой трымайся, поп з Бесавічаў. Як бы мы цябе не прымусілі замест вядра царкоўнага віна выхлябтаць вядро воцату.

П о п. Ды я што? Я з вамі.

I л ь я. Але кнігі пазык у с е спаліць. Дачыста. .

Б а ч к о. I справядлівасць усім.

П о п. I трэба суплікантаў, скаржнікаў паслаць да князя ў Белую Падляшскую. Хай лобам б’юць.

Б а ч к о. I тое праўда.

В а ш ч ы л а. Ты і скаргу напішаш. Быць табе пісарам новай рады, бо Вецер, бач, здуру прысягу даў ні да каго не дакранацца, пакуль не пераможам або не памром.

В е ц е р. Ну даў... Ну здуру.

В а ш ч ы л а. А скаргу? Скаргу чаму ж не паслаць. Арандароў няма.

К а р п а ч. Князь зразумее.

Я ў х і м (бярэ дуду). Ох, і жыццё будзе.

Былі ў бацькі тры сыны – ух я!

Ды ўсе ж яны Васілі – ух я!

Л а ў р э н. Гэта Вашчыла ды два Ветры.

Я ў х і м. Адзін козы пасе,

Другі лапці пляце.

А дзе гэта трэці Васіль? Ён якія такія лапці пляце?

М а г д а. За гэтым шалапутам вока ды вока.

Ужо некаторы час за вокнамі скача нейкі слабы водсвет, які цяпер разліваецца ў зарыва. Пасля далятаюць адтуль лямант, праклёны, гвалт.

К а р п а ч. Што такое?

I л ь я. А гэта ці не трэці браток-Васілёк? Васка Вецер.

В а ш ч ы л а (мужыкам). Ідзіце паглядзіце. I калі што – спыніце брыду.

Тыя пайшлі.

В е ц е р (да Ільі). Ты якое права маеш думаць кепска пра майго стрыечніка?

I л ь я. Стуліся, Вецер. Пакуль ты купцоў, растаўшчыкоў, глытаёў граміў, пакуль ты распіскі кабальныя паліў – брацік твой, падбухтораны новым арандатарам, нашым, Хрыптовічам, сваёй крыві чалавекам, швэндаўся п’яны па яўрэях, нават бедных, і пагражаў, што вось паліць вас будзем і што вось будзе пагром.

В е ц е р. Праўда?

Л а ў р э н. Так. I казаў, што можа той пагром ад хаты адвесці. I багатыя яўрэі яму грошы давалі.

М а г д а. I гарэлкай паілі, бо пасылалі да мяне. Ходзіць увесь час як гразь.

Урываецца Б а ч к о, які пайшоў з мужыкамі.