Маці Ўрагану

Б а ч к о. Пажар! Жыдоўскі канец гарыць! З вуліцы ў вуліцу. Вецер падпаліў з сябрамі.

В е ц е р (ціха). Вось яно. I як жа я не хацеў у бунт, у разбой гэты ісці. Падпальшчыкі цёмныя, забойцы. Абы да гарэлкі дарвацца. Але цяпер... цяпер ужо дарогі назад няма. Цяпер ужо хаця й бляваць хочацца, а – з імі.

В а ш ч ы л а (Ільі і Бачко). Бяжыце, уздымайце людзей. Гасіць. Гасіць, не шкадуючы шкуры.

П о п. А нашто? Цяпер ужо войска ўсё адно прыйдзе. Цяпер – у кулаку трымацца трэба, і на розныя соплі часу няма. Няхай іхнія Суркі над сваімі бебехамі павыюць. (Ён зусім сп’янеў.) “А зэйдэлэ, а бобэлэ! Уй-ю-юй!..” Хрыста нашто распялі?!

В а ш ч ы л а. Ціха, поп! Цябе не білі, але я, імем сваіх ста пяцідзесяці бізуноў... Хай розны лёс, хай іншая кроў, але... кажы,. Антох... З пісання.

А н т о х. ...Хай розная кроў. Але перад богам – усе браты на свеце! (Ціха, апусціўшы вочы.) Гэта не з пісання, але гэта праўда...

М а г д а. Праўда перад тым самым Хрыстом.

Дзверы расчыніліся ад удару Ільёвай нагі. За ім, у атачэнні яго л ю д з е й, увальваюцца некалькі растрапаных л ю д з е й, а сярод іх моцна пабіты М е н д л К е й м а х і моцна п’яны, расхрыстаны В а с к а В е ц е р.

В а ш ч ы л а. Яны што, парсюка смакталі?

I л ь я. Бачко з людзьмі гасіць пажар. А гэтых вось граміл узялі. Яны... Мендла Кеймаха білі на горкі яблык. I кузню ягоную хацелі падпаліць.

Л а ў р э н. Гэх, пагулялі!

В а с к а. А гэта што тут? Там жыдоўскі шабас, тут – чарнакніжны. I ўжо што адна вядзьмарка ды ёсць.

М а г д а. А я вось, калі я вядзьмарка, цябе – ступай!

В а с к а. I бра-атухна тут! Здароў, братка! Здароў ц-цёплай кампаніі! У карчме седзіцё?.. Ад пажару, ад відовішча такога мяне ўзялі? Ну, добра хаця, што ў карчму. Налі (кідае на стойку жменю манет).

М а г д а. Я за крадзенае не наліваю.

В а с к а. У каго крадзенае? У гэтых ІІейсатых разбойнікаў с у м л е н н а а д а б р а н а е!

М а г д а. Гэта ты ў каго адабраў? У Іцкавічаў?

К а р п а ч. Іцкавічы зараз далёка. Ім у пэўным месцы агнём пячэ.

Л а ў р э н. Гэта ты ў Ёськавых дзяцей узяў, што і сала з’ядуць цішком, калі дасі, каб з голаду не здохнуць?

М а г д а. У Двойры-ўдавы з падпаленай хаты выцягнуў? Ці вось у гэтага, у Мендла ўзяў? Кеймах, што яны табе зрабілі?

М е н д л (разгойдваецца). О Аданаі! Рукі.

В а с к а. У крыві твае рукі!

I л ь я. У крыві. За шулы трымаўся, у кузню не пушчаў.

В а ш ч ы л а. Твае людзі яўрэйскі канец падпалілі?

В а с к а. Угу, і сінагогу. Дымко-ом пайшла! Лупі-і, Янка, тут табе бог, тут табе п’янка!

П о п. Аб веры дбаеш. Сто грахоў з цябе.

В а ш ч ы л а. За веру, праўда, стаяць трэба. А ты як думаеш, Антох?

А н т о х. Мяне за гэта згнаіць могуць. Але, па-мойму, бог адзін. Толькі імёны розныя. Як маці ў нас “маці”, а ў хахлоў “ненька”. Імёны розныя, а маці – чыста ва ўсіх адна.

М е н д л. Мамеле. Рукі.

М а г д а. Баляць рукі. Зараз вось...

Дастае чыстую анучу, лье гарэлку з пляшкі на рукі.

М е н д л. Рукі. За што яны... з мордамі такімі страшнымі. А халупа гарыць.

В а с к а. А ад Іцкавічаў вашых нашы хаты не гарэлі? А забітых імі куды падзець? Усё жыццё як вол пад ярмом. Усё жыццё пад плёткай, усё жыццё на мякіне. Усё жыццё нагаладзь.

М е н д л. I накрыцца жонцы з дзецьмі няма чым.

В а с к а. Ну так, усе блохі згарэлі. А што вашы Іцкавічы з нас, як блохі, апошнюю кроў смакталі? Па кроплі. Я ўдосталь не еў. I дзеці мае не елі. Усіх вас, разам з панамі, кніжнікамі, багамазамі, растаўшчыкамі... Дзеці мае не елі!

М е н д л. Рукі. Што цяпер без іх мае дзеці есці будуць? Няма нічога.

К а р п а ч (з цяжкасцю ўздымае гіру ля стойкі). На, Мендл. (Той нечакана лёгка ўзняў гіру.) Бач ты яе як. Ты ж каваль. Трахні яго гэтай гірай па галаве – і разлік.

I л ь я. Галава ў яго вытрымае. Што ёй?

М е н д л (раняе гіру). Не магу... Ай, куды бедным падзецца?.. Уй, калі ж хлеба ніхто за так не дае!.. Рукі.