Маці Ўрагану

В е ц е р. Ну так, рукі. Зусім яны чорныя, рукі. У цябе, Васка, бялейшыя. Дык гэта праўда, стрыечны брат, што ты з багатых жыдоў грошы вымагаў і казаў, што тады пагром адвядзеш?

В а с к а. А што? Што? З крывасмокаў?! Я не еў з-за іх... каб сытым... Племя ўсё іхняе пад корань!

В е ц е р. I цяпер пра ўсіх нас будуць казаць, што мы пагромшчыкі і вымагальнікі. I праўду нават над страшнай нашай магілай сказаць не захочуць. Бо збаяцца, каб і іх не палічылі, што яны заадно з галаварэзамі. Хаця яны нават Іцкавічаў не забілі, якіх бы за... ногі павесіць трэба. Збаяцца праўды – і ўсё гэта ты нарабіў. Ты што – і гарэлкай не грэбаваў? Піў з рук аднолькава гэтага вось бедалагі і гэтых вошаў, Гдаля са Шмуйлам?

В а с к а (крыху няўпэўнена). I што? I піў.

В е ц е р. Беларус абпіваў жабрака і піў падачку з рук ворага?!

М а г д а (спалохана). Васіль! Васіль, кінь!

М е н д л. I тут яны – за глотку. А мне што рабіць? Сябры мае адзіныя... Рукі.

В е ц е р. Рукі. У крыві і дыме. Ты прабач мне, Мендл. Я не магу падаць табе рукі. Адзінаму, у каго б я тут з ахвотаю яе паціснуў. Але я магу іншае... Васка! (I тут амаль шэпт узвысіўся ледзь не да грымотаў.) Ты, вось ты... дай я пацісну тваю руку... брат.

Васка і ягоныя людзі задкуюць у кут перад Ветрам, які наступае на іх.

Ты пойдзеш гасіць пажар. Ты будзеш ставіць з людзьмі новыя хаты. Ты ніколі не ўцячэш і прымеш з намі самую смерць. I калі ты заб’еш не ў баі, і калі ты хоць раз адбярэш жыццё, вартую жалю страхy або кавалак хлеба ў няшчаснага – тады ты, клянуся, падасі мне сваю руку, брат, і – бог бацька! Вымятайцеся.

Тыя пайшлі, як пабітыя. Маўчанне.

Ну вось. Нарабілі лайна – што цяпер?

I л ь я. А цяпер, пасля пажараў, чакай кары.

В а ш ч ы л а. Усіх узброіць.

Л а ў р э н. I мне доўбню... самую цяжкую. Пасля таго, што тут убачыў.

М а г д а. Куды-ы ты, кіндзюк. Біцца? Ды я цябе падалом замяту.

Л а ў р э н. Ну ты-ы. Ты падалом і полк замяцеш. Не ведаю, як на цябе, а на іх у мяне сілы хопіць.

В е ц е р. Біцца. Цяпер ужо да апошняга. А калі што...

П о п. А калі што, дык за рубеж завадатарам бегчы. Там аднаверцы.

А н т о х. Куды-ы. Бачко дужа пісьменны. З гасцямі з-за рубяжа гаворыць. На Украіне цяпер казакамі Лізка з Пецярбурга запраўляе.

П о п. Дык вось туды.

А н т о х. Туды? Там свае мужыкі бунтуюць – што ім да чужых? Там у простых нават солі няма. Там паўсюль адкрыты разбой. Там раскольнікам храмы ломяць і людзі бягуць да нас – уяўляеце? У наша пекла бягуць! – або паляць сябе жыўцом. Там галовы сякуць і языкі рэжуць за адзінае слова. Выдадуць яны завадатараў назад нашаму каралю. Наш кабель іхняй сучкі не ўкусіць.

К а р п а ч. Тады адно. Узбройвацца. У князя нашага зараз дзве вайны. Адна з “каралём” Славацінскім. Ён яму замак у Славаціне пабудаваў, каралём паставіў і цяпер яму вайну аб’явіў. Усур’ёз, з забітымі. I другая вайна, ужо не цацачная. З Янам Тарлам, ваяводам Сандамірскім, за маёнткі Сабескіх. Тут ужо міжусобная, братазабойчая вайна. Буйных сіл не пашле. Не да нас яму. Можа, і паспеем.

П о п. I пасольства да князя.

В а ш ч ы л а. Перапрошваць, што пабілі? А што ж, і перапросім, галава не адваліцца. Бачко з Ветрам ліст напішуць. Каго дасылаць?

I л ь я. Бадай што, мяне.

К а р п а ч. Татка...

I л ь я. Змоўч, смаркуль. Дзед твой бурмістрам Крычава служыў. Я – гарматнік. Ты, зеляпан, таксама бурмістр. Служылі мы гораду, не адмаўляліся. Сілы ў мяне ўжо мала, то паслужу напаследак паношанай шкурай.

Вашчыла. Гэта можа быць і сапраўды “напаследак”. Хоць і паношаная, а...

I л ь я. Дзярмо разграбаць паедзем. А гэтай работы ў новым адзенні не робяць.

В а ш ч ы л а. Яшчэ хто?

Л а ў р э н. А хаця бы й я.

М а г д а. Куды, распуста. Абібок. Лоб, як у бугая, а абы яму гультаіць, абы не працаваць.

Л а ў р э н. Дровы ў тваю карчму секчы – гэта не работа.

Я ў х і м. Яна не пра тую работу кажа.

Л а ў р э н. Не, дудар, гэта ты ўжо кінь. Яна ў мяне як лава. Хоць каменні кладзі. (Завёў.)

Усе дзеўкі дрэнна йдуць –