Маці Ўрагану

Мая дзеўка добра йдзець...

М а г д а. Э-эх, змоўч, кастаглод. Скажа, як атопкам па балоце гошсне.

Л а ў р э н. Кароста ты мая любая. Трэба ісці. А то там наш князь сядзіць, напнуўся, як жаба на купіне. Радзіві-іл!

В е ц е р. Хто і калі вас разуменню вучыць будзе? Ёсць Мендл – і Гдаль, ёсць той наш пракажоны ў лесе – і наш Радзівіл. А і Радзівілы розныя. Ёсць тыя, што кнігі выдаюць і асвету нясуць у наша дзікае балота – а ёсць і такія, як наш, злачынцы ў светлай княжай кароне.

Я ў х і м. Не бывае яна светлая.

В е ц е р. Бывае. Гэта як на якім чалавеку.

В а ш ч ы л а. Едуць пасламі да Белай Ілья Карпач і Лаўрэн Каўбаса.

Я ў х і м (перакідае дудку на грудзі). Галасы ў адзін. (Цямнее.)

Голас:

На палеткі асірацелыя

Аблятае лісце нясмелае,

Абгарэлае, заінелае,

Каб укрыць раны нашай зямлі.

Веларусь мая белая, смелая

Засылае паслоў у Белую.

Засылае ў Падляшскую Белую

Падлаедаў аб праўдзе маліць.

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Зала для прыёмаў, “тронная” зала ў палацы Гераніма Радзівіла ў Белай. У пярэдняй сцяне, справа, стральчастыя ўваходныя дзверы. Высокія вокны высока і ад падлогі, а пад імі – канапы, лавы і крэслы. На прыступках каля левай сцяны, на ўзвышэнні, крэсла самога князя, вышэйшае за ўсіх і сапраўды нечым падобнае на трон. Насупраць яго, у правай сцяне, гарыць камін і каля яго стаіць высокі экран. Вісяць габелены і зброя, стаяць у прасценках латы. Зала таму робіць дзіўнае ўражанне: сумесь параднай залы і кардэргардыі. К н я з ь сядзіць на высокім крэсле, побач, на ніжэйшым – А л і ц ы я Г а й д а л о в і ч. Іхняй “канфідэнцыяльнай” размове аніяк не перашкаджае прысутнасць К а п і т а н а А д д з я л у Г р а н М у ш к е ц ё р а ў, асабістай аховы князя, і палкоўнікаў Д а н а в а н а і П я с т ж э ц к а г а.

Р а д з і в і л. Ды не магу я з та-табою ажаніцца, ду-ду-душка.

А л і ц ы я. Але чаму ж?

Р а д з і в і л. Ла-ладна, жо-жонка ўцякла. Шлюб ра-разарваны. Але ж яна была да-дачка Сапегі і жонкі ягонай з-з Браніцкіх. Прыйдзе час – ва-вазьму новую. З такога ж высокага дому.

А л і ц ы я. I тая ўцячэ. Бо і жанчыны з гэтых дамоў такія, халодныя, як рыбы. Дый ты.

Р а д з і в і л. Цы-цы-цыц!

А л і ц ы я. Два мокрыя палены не гараць. Сухое патрэбна – тады яшчэ сяк-так.

Р а д з і в і л. Гэта ты – сухая? Гм.

А л і ц ы я. Прынамсі, магу прьшусіць цябе варушыцца.

Р а д з і в і л. I мне ад жа-жанчыны патрэбна паслушэнства. Безагаворачнае, ду-душка.

А л і ц ы я. Ну н-не. Са мной не атрымаецца. Жыць замкнёнай і толькі чакаць, што часам з’явіцца муж і пан. Гаварыць няма з кім. Толькі праз вокны глядзець на вязняў і асуджаных. Крыкі слухаць.

Р а д з і в і л. А ш-ш-ш-то? Найлепшыя спевакі пры маім двары.

А л і ц ы я. Ціха, людзі ж тут.

Р а д з і в і л. Гэта не людзі.

А л і ц ы я. У цябе ніхто не людзі. Сам святло гасіш, сам дзверы запіраеш.

Р а д з і в і л. Бо не ха-хачу, каб іншы бачыў тое, што належыць мне (паказвае на яе).

А л і ц ы я. Ага, значыць, усё ж людзі. Глядзяць.

Р а д з і в і л. А гэта я-я-якасць не толькі лю-людзей, але й быдла.

А л і ц ы я. Якая табе розніца, калі на мяне, скажам, пёс паглядзеў?.. Угм. Толькі й ёсць у цябе, што зайздрасць, а толку што? Не палац, а турма. Паноў за стол – ніколі. У нясвіжскіх Радзівілаў чалавека на тым канцы стала ў твар цяжка пазнаць.

Р а д з і в і л. Нясвіжскія мне не ўказ. Я-я-яны адну сабачую мову змянілі на другую, польскую, таксама сабачую.