Маці Ўрагану

А л і ц ы я. А што ў цябе не сабачае?

Р а д з і в і л. Ня-ня-нямецкая. Там, у Нямеччыне, парадак, там законы, там – войска, там – мова, там – людзі... Дойч хайт... Дойч тум... Нямецкі побыт. Нямецкі дух.

А л і ц ы я. А сам у тым нямецкім, як я. Як той парыжанін, што Парыжа ў вочы не бачыў, Пляцеш – дык унь у палкоўніка Данавана, немца, вушы вянуць. Таксама мне, немец. Такі ты немец, як і Вайберхельд, як Вайберфройнд, Вайберфайнд1 , ты і не немец, ты і не паляк, а тутэйшае...

Р а д з і в і л. Нун гут... Іх геборэ вурдэ ін штадт Веlаjа. Ваlorussia. Абер... а ідзі ты да д’ябла! А шляхта за ма-ма-маім сталом – прабач. Яны павінны ведаць месца, душка. Я па-па ўладзе больш чым кароль. I вось таму мне з табою ісці ў касцёл не выпадае. (З пагрозаю.) Не па са-сабе дрэва ломіш. Я ка-ка-ка-кароль! Толькі пакуль не ка-ка-каранаваны! Я й падаткаў не плачу. Я самому каралю сказаў: “Мам войско венкшэ ніз Жэчпосполіта, готув естэм служыць нем ойчызне – дам е крулёві, але податкув жадных не заплацэн”2. Вось. “Маю войска большае, чым Рэчпаспаліта, гатовы служыць ім айчыне – дам яго каралю, але падаткаў ніякіх не плачу”.

А л і ц ы я. Яўрэям ты іх плоціш, бо лень самому займацца. Болей, чым каралю, плаціў бы. (Убок.) Ладна. Ты не ажэнішся, але я з цябе ўсё магчымае выцісну, мерын. А тады заікайся хоць па-нямецку, хоць на мове сваіх пастухоў.

Р а д з і в і л (ужо супакоены, задуменна). Вось бачыў сон. Сяджу бым і бачу – перада мною бым на троне кароль сядзіць. Наша бяссілая морда. Аўгуст трэці Фрыдэрык. I хачу бым я ўстаць перад ім, а ні-ні-ні-як не ма-магу. Варажбітка ска-ка-казала, што гэта нейкая дзяржава пасодзіць мяне на польскі пра-прастол. Пасля – вайна будзе, скінуць мяне з трона. Але я... я... я па магілу буду ганарыцца – я і зараз ганаруся, што бы-бы-быў польскім каралём. (Прыасаніўся.) Ве-ве-вельмішаноўны пан канцлер дзяржавы, пан Піліп Каршук, та-так бы мовіць мі-міністр замежных і ўнутраных спраў... Гэй! Прывядзіце канцлера, Пястжэцкі (той пайшоў, Радзівіл – да Аліцыі). З табой больш размовы няма. Змоўч!.. Ох-х, цось мі глова болі.

П я с т ж э ц к і вяртаецца. З ім К а р ш у к і І ц к а в і ч ы.

Што, бушацкія морды. Так бессаромна грошы вы-выбівалі, што да бунту дайшло? Колькі лішняга ўзялі?

Г д а л ь. Сонца наша найяснейшае! Дальбог жа анічога не ўзялі.

Р а д з і в і л. Бра-брашы! На што ж бы-было водкул, арэнду браць, калі сабе выгады няма?

Ш м у й л а. Ды толькі каб вам клопату не было. А вам лягчэй. А нам – прывілей на гандаль.

Р а д з і в і л. Павешу за ногі. Колькі тысяч у кішэнь паклалі? Дзесяць? Пятнаццаць? Ды я ж не супраць. Трэба ж і вам на кугель і рыбу?

Г д а л ь. Дваццаць тысяч... I палову з іх на каленях падносім вам, Саламону мудраму нашых дзён... Шмуйла, дай распіску.

Шмуйла ўкленчвае і працягвае распіску.

Р а д з і в і л. Мабыць, крыху больш. Ла-ладна, чорт з вамі.

Г д а л ь. Бралі болей, сын сонца. А чаму?

Р а д з і в і л. А чаму?

Г д а л ь. Каб я граў у вашыя карты, то сказаў бы: вось наш козыр. Падманшчыкі, вашамосць.

Ш м у й л а. Шкуру мала здзерці. Манюкі.

Г д а л ь. Народ разбягаецца, то яны цішком іхнія валокі, іхнія землі прыбіраюць да рук, а падаткаў вашай мосці за іх не плоцяць. Укрываюць ворныя валокі ад вас, гаспадара. I ў лесе зeмлі цішком аруць і грошай не плоцяць, бо тыя валокі ў інвентар не ўлічаны.

Ш м у й л а. Пан-князь у лес не палезе. А мы палезлі. А ў лесе паўсюль патаемныя пасекі і борці, няўлічаныя папасы, гарбузы ў бур’яне на палянах. Музікі! Падманшчыкі! Бушацкія морды!

Р а д з і в і л. А бунт?

Ш м у й л а. А грошы недаплочаныя князю? Мы іх выбівалі, і за гэта ў бунце ледзь не загінулі.

Р а д з і в і л. Як кулаком пад дых. Ну не, скаржнікаў гнаць, упартых – вешаць. Канец справе скаргаў... Чорт, галава разломваецца.

К а р ш у к. Там дэлегацыя скаржнікаў з Крычава. Два чалавекі, княжа.

Р а д з і в і л. Павесіць!

А л і ц ы я. А можа, яны не са скаргай.

Р а д з і в і л. Добра, гэтых яшчэ выслухаю. Але хай пастаяць, пачакаюць. I вы пачакайце... Можа, я вам і падмагну вярнуцца. Толькі – не-не-не да таго мне ц-цяпер. У мяне са Славацінскім вайна з Тарлам – усобная вайна. I... хто там яшчэ, Каршук?

К а р ш у к. Сяржант фон Швальбе ўцёк.

Р а д з і в і л. Як? Не паляк? Курляндзец? З іх-іх-іхнім безварнуковым паслушэнствам? Ве-ве-ведаючы мя-мяне сyум домiнум вiтэ эт нeціс, як па-пана свайго жыцця і смерці? Куa субдзiтус, як падданы, ве-ведаючы, што яго чакае? Ад мяне, дзе ў во-войску ад салдата да ге-генерала мова нямецкая? (У страшным гневе.) Сто... дзвесце... тысячу пагоні за ім. Спаймаць! Дзе б ні схаваўся – той палац або кляштар спаліць!.. Пястжэцкі – пяцьсот чалавек!

П я с т ж э ц к і. Слухаю (выходзіць).

Р а д з і в і л. Капітан Аддзялу Гран Мушкецёраў... Дзвесце... У пагоню. Калі паспеў уцячы за мяжу – да тых двароў патрабаванне: выдаць. Хоць бы і ў рымскага папы!

К а п і т а н. Ія... Абер іх глаўбе, князь...

Р а д з і в і л. Ты мне не глаўбай. Іначай будзеш мець кіёў у спіну.

К а п і т а н. Ія (выходзіць).

Р а д з і в і л. Та-а-ак. Ш-ш-шт-то яшчэ? Галава, халера, як гарбуз.

К а р ш у к. Ваша светлая велькаяснавяльможнасць. Кароль Славацінку просіць пардону ў іх яснавяльможнасці.