Маці Ўрагану

Р а д з і в і л. Падумаем. Забава, што праўда, зацягнулася. Ну, збудаваў я яму замак... пяцьдзесят тысяч каштаваў. Ну, аб’явіў яго ка-ка-каралём. Я лі-лічаныя двары сусвету лічу ро-роўнымі сабе, дык ён зазнаўся.

К а р ш у к. Дазволю нагадаць – гэта м ы яму аб’явілі вайну.

Р а д з і в і л. Капітана! Пястжэцкага!..

Тыя ўваходзяць. К а п і т а н мяце пер’ямі капялюха падлогу. Увогуле ўвесь этыкет – жахлівая пародыя на этыкет пры двары “караля-сонца” і нямецкім двары.

К а п і т а н. Ваша яснавяльможнасць, людзі дасланыя.

П я с т ж э ц к і. Мае таксама.

Р а д з і в і л. Дакладвайце аб штурме Славацінку, капітан. Замак...

П я с т ж э ц к і. Замка таго ўжо амаль няма. I ў іх і ў нас забітыя, параненыя.

К а п і т а н. Мы замак атачыць і падступіць. Тыя страляць...

Р а д з і в і л. Па-нямецку!

К а п і т а н. Холь ін дэр Тойфель! Ферфлюхунг! Гешворэнэр Файнд...

Р а д з і в і л. А, чорт, яшчэ горш! Канцлер, скажы яму – хай брэша па-тутэйшаму, а будзем лічыць – па-нямецку.

К а п і т а н. Ваш закляты вораг замак выхадзіць і біцца. То яны нас, то мы іх.

Р а д з і в і л. Падпалілі?

К а п і т а н. Ія.

Р а д з і в і л. Час канчаць. Досыць ужо з ім дыпламатычных зносін і вайны. Артылерыю, штурм, сам на чале. Узяць у палон. Судзіць. Асудзіць на-на-на смерць.

П я с т ж э ц к і. Ваша яснавяльможнасць! Караля! Які прыклад?!

Р а д з і в і л. Так. Караля нельга. Я яму... дарую. Уласкаўлю. I – вось што я зраблю! – вярну яму свабоду і дзяржаву.

П я с т ж э ц к і. Вялікі і мудры!

Р а д з і в і л. Ты не хвалі. Ты да-да-давай пра бойку, пра вайну з Сандамірскім ваяводам.

П я с т ж э ц к і. То ест правдзіва война за маёнткі Сабескіх. Война домова. Воевода Сандомежскі Ян Тарла, як сьвіня, пшэпрашам...

Р а д з і в і л. Ой, ды кі-кінь ты гэтае свінства. Валі па-хлопску, а хай лічаць, што па-польску. А то галава баліць, цяжкая, як жлукта поўнае. Не даходзіць па-польску.

П я с т ж э ц к і. Даслаў на яго дзве харугвы. Хай трывожаць. Пасля выступлю сам. Гэта – сапраўдная вайна. I мы ім хрыбты зломім... А што з галавою?

Р а д з і в і л. Напіўся ўчора... Пробашча Пёкура сюды... Ох, галава ты мая, галоўка, кадоўбец божы.

Уваходзіць П ё к у р.

Пан пробашч Бельскі. Нашто ты мяне ўчора напаіў, свіння такая?

А л і ц ы я. Ты ж не п’еш.

Р а д з і в і л. Гэты здолеў упаіць.

П ё к у р. Але, пане муй. Што там было? Палова вядра крупніку, кварта кмяноўкі ды пляшка пітнага мёду! Што гэта на дваіх здаровых драбаў?

Р а д з і в і л. І ў пляшцы чатыры кварты. Вось сядай зараз за стол і пішы... Пяро яму. Ох, макітра ты мая! З піяньствем вальчыць тшэба. Змагацца.

П ё к у р. Пішу. “Без жаднай клеменцыі маёй, яком Радзівіл...”

Р а д з і в і л. Так. Так. Піяньствам ба-ба-бавёных се, яко не жолнерскім і негоднім сьвінім налогем, не іначей як батыжкамі каралі.

П ё к у р. I па-хлопску тое самае. “Тых, хто п’янствам бавіцца, як не салдацкай і нягоднай, свінскай распустай, не іначай як батагамі караць...” Апахмяліцца б табе, княжа.

Р а д з і в і л. Трэ... ты-ты-ты што гэта тут?! Тут закон прынялі, а ты з апахмелкай.

П ё к у р. Пакуль не падпісаў – гэта ж не закон? Ну дык выпі, а пасля падпішы. Гэта зручна. Пазабівай ворагаў, а пасля выдай закон: забойства караецца смерцю. Але зваротнай сілы закон не мае. I людзям страх, і табе спакайней.

Р а д з і в і л. Ладна. Дапісвай...

П ё к у р. Дапішу: “Жэбы тыле веле кропель...” Тут ужо я, як ксёндз. Калі вып’е, то “каб столькі шмат кропель, каб столькі д’яблаў, што пры скананні бяруць с в а ю душу, бачыў...». А ты ўсё ж пахмяліся... Там Грабоўскі, пасол ад брата твайго Марціна-Мікалая чакае. Вось ты з ім аб богу пагавары дый выпі.

Р а д з і в і л. Што такое Грабоўскі?

П ё к у р. Фаварыт. Выканаўца ўсіх ягоных збродняў. Загадае Марцін – падсудка брэсцкага Грабоўскі заб’е ў карчме. Падюбоўніцу князеву па яго загаду задушыў. Забіў шляхціца Кукаўскага з жонкай – вясёлы такі чалавек. Маёнткі падпальвае. Наконт сялянскіх двароў падпаленых і мужыкоў забітых – і не кажу. Цяпер хваліцца, што заб’е брэсцкага гараднічага. А братка твой, княжа, з розуму з’ехаў. Верыць у перасяленне душ, алхімік, каменя філасофскага шукае. Ні пра што, акрамя баб, гаварыць не можа, людзей забівае. Перайшоў у юдаізм. Рабіны вакол. Суботу спраўляе. Ну, па-свойму ён правільна разважае. Яму ж невядома, які бог на небе, дуралому. Калі наш – ён крыж пакажа, а калі іхні... Ён і жанчын святых не пасаромеецца.

Р а д з і в і л. Звар’яцеў братка.

П ё к у р. Угу. I самае горшае – замест мёду і гарэлкі п’е пейсахоўку. Гэта ўжо зусім з розуму трэба з’ехаць. Ніякага параўнання – гэта і мурону ясна.

Р а д з і в і л. Так, гэта ўжо канцы. Увесці Грабоўскага. I крычаўскіх сюды!

У залу ўводзяць Г р а б о ў с к а г а, І л ь ю К а р п а ч а і Л а ў р э н а. Грабоўскі ідзе да “трона”.