Маці Ўрагану

Г р а б о ў с к і. Чалом табе, яснавяльможны, ад не менш яснавяльможнага брата Марціна-Мікалая – недатыкальны пасол ягонай дзяржавы Грабоўскі.

Р а д з і в і л. Ну, недатыкальны ці не – гэта мне меркаваць. Унь узброеныя вакол. Як у Берліне. Кожнай раніцы пры-прычасаныя і напудраныя, як да-да шлюбу.

Г р а б о ў с к і. Яны вакол. Але я – пасярэдзіне. Непрычасаны і ненапудраны. Але ўзброены. I шлюб мой – забойства па загаду майго пана.

Л а ў р э н. Бач ты, забойства ў золаце.

I л ь я. Змоўч!

Р а д з і в і л. Цік-кава. Ану, тыя, што вакол. Зброю нагала!

Капітан, Пястжэцкі і Данаван стаюць у пазіцыю, агаліў шаблю і Грабоўскі. Б’юцца. Пасол з цяжкасцю, але абяззброіў двух першых. Данаван знемагае.

Д а н а в а н. Ферфлюхтэ вайсрусішэ швайне! Саксонія, наперад!

Р а д з і в і л. Надзверны!

Вартавы каля дзвярэй прыяднаўся да Данавана. Ім з цяжкасцю ўдалося прыперці Грабоўскага ў кут. I тут Лаўрэн нечакана падхапіў выбітую шпагу мушкецёра і напаў на ўсіх трох, як ураган. Пацясніў.

I л ь я. Ты што робіш, патаўпешка?!

Л а ў р э н. А я ім пакажу, як нашы б’юцца. (Выцесніў тройку за дзверы, кінуў шпагу сярод залы.) Ваша яснавяльможнасць. (Прыдурваецца.) Не сячыце галавы. Не мог стрываць, што немцы так над чалавекам адной з вамі крыві пацяшаюцца. А мы ж вашы падданыя. А мы ж за вас у агонь і ваду... і сячыся во як умеем.

Т р о й к а апасліва заходзіць. Пабітыя стаяць у цэнтры залы. Лаўрэн адышоў да Ільі. I тут ксёндз Пёкур шэпча на вуха князю, паказваючы на вартаўніка.

Пёкур. Той самы. I трэба, каб бачылі. I крычаўскі хам бачыў і вывады рабіў.

Р а д з і в і л. То-то-той. Ану, сюды (еартаеы падыходзіць). Ты-ты-ты што ўчора казаў?

В а р т а в ы. Паночку, па-па-паночку, дальбог.

Р а д з і в і л. Такога слімака толькі вешаць... Ты што сказаў? Калі я ўчора, спатыкаючыся, ад пана пробашча вяртаўся... цужэсь ты по...по...ведзял?

А л і ц ы я. Ну ўсё, шыбеніца.

В а р т а в ы (з мужнасцю адчаю). Поведзялэм то, цо правда – нігдым Вашей Мосьці піяным не відзял, венд жеклэм, же велька ксенця Мосьць сьпілэсь сен як сьвіня і жэбы то бедны чловек так зробіл...

Р а д з і в і л. Кажы і для тых. Каб разумелі.

В а р т а в ы (гераічна). Сказаў праўду. Сказаў сябру, што ніколі Вашай Княжай Мосці п’яным не бачыў, дык сказаў... Бач, упіўся Ваша Княжая Мосць, як свіння, а каб гэта бедны чалавек так зрабіў, то яго б павесіў і...

Р а д з і в і л (перарваў). О-ох... До... до...добжэсь васан поведзял, естэсь васан сержантэм... Для вас, хамы: “Добра васпан сказаў, быць васпану сяржантам”.

Н е ч а к а н ы с я р ж а н т. Бу-бу-бу-буду.

Г а й д у к падносіць Радздвілу паднос з кубкам, той машынальна п’е, скрывіўся. Пасля сяржанту.

Р а д з і в і л. Бач, з радасці заікацца стаў, як я. На гэты раз дарую. Але як камандуючы будзеш заікацца – павешу.

Гайдук узяў кубак, на хаду абмахнуў крысо князю.

А ты што тут усё ля мяне цярэшся? По цо ту – тутай ходзіш?

Г а й д у к. Хцэн быць завшэ на ўслугах Вашай Ксёнжэнцэй Мосьці, венц естэм му на відоку.

Р а д з і в і л (з глухім гневам). Хочаш быць у мяне на вачах. Варта! Узяць яго і на дуб у двары.

Г а й д у к (крычыць). Ваша! Ва-а-а-ша! (Яго пацягнулі.)

Р а д з і в і л (наўздагон). Тэ-тэраз, вацпан, бе-бендзеш мі завшэ на ві-ві-відоку. Ты зараз, вацпан, будзеш заўсёды ў мяне на вачах. (Супакойваючыся, да Грабоўскага.) Чаго просіць брат, пасол?

Г р а б о ў с к і. Просіць аб прадажы таго каня.

Р а д з і в і л. Сказаў, што прадам. I нашто тое пасольства ганяць?

Л а ў р э н. Ваша яснавяльможнасць. За што вы? Даруйце беднаму дурному чалавеку.

Р а д з і в і л. Ды ты што-о?

I л ь я (выглянуўшы ў акно). Позна, Лаўрэн. Унь ужо ён вісіць, як груша.

Р а д з і в і л. Тваё шчасце, крычавец. Іначай бы я загадаў я м у павесіць ц я б е. Ён бы паве-е-есіў. Ён бым це жыця не пардоновал. Ён бы не злітаваўся.

I л ь я. Ну так. Ён в аш слуга.

Р а д з і в і л. Ну, пасол, што яшчэ?

Г р а б о ў с к і. Пляткараць пра ўзаемныя вашы падкопы.