Маці Ўрагану

Р а д з і в і л. Пра ўсіх так. Лю-удзі-і.

Г р а б о ў с к і. То, каб выказаць вам сваю прыхільнасць, панскі брат пасылае вам скаргу ад крычаўскіх мяшчан на яго імя (падае грамату).

Р а д з і в і л. А пры чым тут Марцін?

Г р а б о ў с к і. А яны просяць, каб ён адмаліў у караля Крычаўскае староства пад сваю ўладу.

Р а д з і в і л. Ну, адмоліць? А я караля не паслухаюся. ПІто далей?

Г р а б о ў с к і. А далей, каб адбіў іх у вас.

Р а д з і в і л. Ну, х-хай па-паспрабуе.

Г р а б о ў с к і. Ён не хоча. I выдае іх галавой, перадае вам скаргу, даводзячы тым сваю да вас зычлівасць.

Р а д з і в і л. Гм... Ды... ды вось і я-я-яны тут. Што, хлопі, хочаце, каб мой брат вас у мяне адбіў?

I л ь я. Ён вам далёкі брат. З другой галіны, няродны.

Р а д з і в і л. Ну, дык ці хо-хочаце?

Л а ў р э н. Пасля гэтай бязвіннай шыбеніцы (паказвае ў акно) – хочам.

I л ь я. Ды ты што?!

Л а ў р э н. Так. Яшчэ Людовік, кароль польскі, прысягаўся, што не будзе чужаземцам аддаваць старостваў і гарадоў. А ты каму аддаў? Іцкавічам драпежным?

I л ь я. Чакай, Лаўрэн, дай я. (Падае князю грамату.) Там усё ёсць.

Р а д з і в і л. А ты словам скажы.

I л ь я (ён таксама рашыўся). Каралі і князі мелі намеснікаў-старостаў. Яны не толькі баранілі замкі княскія, не толькі старажылі спакой зямлі, але і каралі гвалт, крадзёж і разбой. А гэтыя? (Паказвае на Іцкавічаў.) Яны могуць твой замак у Крычаве – памежны, заўваж! – абараніць? Яны, калі прыйдзе гвалтаўнік, гонару жонак сваіх не абароняць. Мала таго, іхнім гонарам адкупяцца. Яны могуць старажыць спакой зямлі? Яны могуць толькі біць слабейшых і бяззбройных. I ці могуць яны караць гвалт, крадзёж і разбой, калі самі гвалцяць і рабуюць?

Л а ў р э н. Права мяча старое замянілі правам бізуна. А нам лепей меч, чым бізун, лепей плаха, чым стайня.

Р а д з і в і л. А калі раней ста-стайня, а пасля – пла-плаха.

Л а ў р э н. Калі вачам сваім не верыш – спытай у гэтых вось сваіх, як ім ад мяне перапала. I ў нас шмат такіх.

Р а д з і в і л. Новае права Польшчы датычыць.

I л ь я. А ў нас зараз, вашым дбаннем, паўсюль Польшча.

Г р а б о ў с к і. Дазвольце мне, княжа, іх павесіць, саслужыць вам.

Г д а л ь. Басякі-і! Падманшчыкі!

Ш м у й л а. Княжа, сонца наша, аддай іх нам галавою. Аддай.

Р а д з і в і л. Пачакай з шыбеніцай. Я вось ім лепей Іцкавічаў вярну. Што бу-удзе! А то яны да браціка дужа хочуць. Ты, пасол, раскажы мне, як там брацік?

Г р а б о ў с к і. Ды што. Гаворыць пра перасяленне душ.

Р а д з і в і л. Ну гэ-гэ-гэта даўно. Ён мне раз сам сказаў, што нос у яго ве-вельмі доўгі, і таму ў мінулым жыцці ён, відаць, быў куліком. А ў будучым жыцці будзе сланом, на якім вялікі першасвяшчэннік бу-будзе ездзіць па Ерусаліме, а калі зноў вернецца ў чалавека, то сядзе на першасвяшчэнніка, які будзе аслом за свае грахі. Я ў яго пытаю: “А чым жа я стану?” А ён мне: “Кабаном за любоў да га-га-небнага дзярма”. Дурны брат зусім...

А л і ц ы я (ціха). Ды не, не такі ён і дурны.

Г р а б о ў с к і. Ходзіць у сінагогу. Вывучыў ужо, дрэнна, старагебрайскую і жаргон.

П ё к у р. Гэта ён выбраў найлепшую рэлігію. А службу хрысціянскую прагнаў.

Г р а б о ў с к і. Рабіны вакол. Кожную пятніцу збіраюцца ў князя на борурухі, ядуць лапшу, шчупака і кугель.

Р а д з і в і л. Пры-прыдуркаваты брат.

Г р а б о ў с к і. Шыбеніца кожны дзень цёплая.

Р а д з і в і л. Гэта лухта!

Г р а б о ў с к і. I кошэры і шабасы дакладна выконвае. А на шабасах сядзіць у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі.

П ё к у р. Божа! Ён бы яшчэ пад лапсердакам каўчэжац са святымі мошчамі насіў!

Р а д з і в і л (Іцкавічам). Тут не да Крычава. Тут брат здурэў, а вы, морды, са сваімі мужыкамі.

Л а ў р э н. Божа! Каб ён гэта сапраўды нас адбіў – да каго б трапілі?

I л ь я. Беларусам заўсёды шанцуе.

Р а д з і в і л. Ён бы, вас адбіўшы, жыва Іцкавічаў, вось іх, вярнуў, і тут бы вам літасці не было.

Л а ў р э н. Тут бы тады і вам усім літасці не было.

Р а д з і в і л. Ого! А што, можа, мне і вярнуць іх вам? Пад канвоем палкі ў тры? Га?