Маці Ўрагану

I л ь я. Вярні, княжа. Палкі нам – раз плюнуць. А яны? Ты ведаеш, колькі яны вышэй паложанага сабе ў кішэнь узялі?

Р а д з і в і л. Ведаю. I чаму ўзялі – ведаю. Частку – аддалі.

І л ь я. П а ў т а р а м і л ь ё н а яны сабе ўзялі.

Р а д з і в і л. Ко-колькі?

І л ь я. П а ў т а р а м і л ь ё н а.

Р а д з і в і л (злавесна, аж усё сціхнула). Та-ак.

Г д а л ь. Ваша яснавяльможнасць! Ой, не вер!

Ш м у й л а. Маняць! Маняць!

Р а д з і в і л. Не, не маняць. Та-ак. Ты, Пястжэцкі, зоймешся справай брата. Узяць! У жа-жалеза! У яму пад вежай. А то рас-рас-пусціліся з-з-занадта! Каб усіх яўрэяў пад замком, пакуль братца ў яму не кіну. Каб з ніводным з іх словам не па-паспеў пе-перакінуцца! Я-я-я стакрот гэта ўсё выб’ю. Я-я-я сінагогі вашы дымам пушчу. Прэч з вачэй!

Іцкавічы кінуліся ў дзверы.

Абселі! I брата абселі і мяне! (У ярасці.) Усіх дымам пушчу. I з вамі, што іх абагацілі, мужыцкія морды, тое ж будзе. (Прыпадак ярасці страшны.) За рабрыну іх на крук! На палю! Узяць!

Данаван, Пястжэцкі і Капітан набліжаюцца.

I л ь я (спакойна). А яшчэ Радзівіл. Ніякай велічы. Іншыя Радзівілы ваююць, пракудзяць, кнігі выдаюць.

Л а ў р э н. Крычыць, як рэзаны бугай. Іншыя Радзівілы – баявыя пеўні, а пан – кураня. Зносак.

Р а д з і в і л. Агнём! Агнём выпалю.

I л ь я (грымотным голасам). Хай вось тут кабеціна выйдзе.

А л і ц ы я. Чаго, я пагляджу.

I л ь я. Ну што ж. Хай паглядзіць, калі цікава. (Цягне экран да каміна.) Чакалі доўга, то назапасілі.

Р а д з і в і л. Агнём!

I л ь я. Назапасілі. Знойдзецца на ваш агонь наша вада.

Стае за экран, з-за якога хутка засычэла і рванула пара. I л ь я выходзіць, падцягваючы порткі. Усе стаяць збаранелыя.

П ё к у р. Ды... ды што гэта? Ды... бог жа бачыць. (Сам сабе.) А ўрэшце, якога толькі растуды ён, бедны, на гэтай зямлі не бачыў.

I л ь я (паказвае на Радзівіла). Чалавек стварыў бога па сваім вобразе і падабенстве.

А л і ц ы я. Геранім. Князь. Што тут пры мне робіцца?! (Пайшла да выхаду.)

Л а ў р э н (ціха). Гэх, валіць, як ступа. Дрэнна йдзе.

А л і ц ы я (учула). Князь! Яшчэ й абражае. Ён, хамуйла гэты, сказаў, што я дрэнна йду.

Р а д з і в і л (блізкі да ўдару). Ш-ш-ш-што?!

Л а ў р э н. Пано-очак! Велькая вашамосць. Яна ў вас да таго ж і глухая. Дык я басам скажу, што шэптам сказаў:

Усе дзеўкі дрэнна йдуць,

Мая дзеўка добра йдзець.

Мая дзеўка добра йдзець:

Круціць задам, як мядзведзь.

I тут Радзівіл няўмела і зусім нечакана разрагатаўся. Нават крыху істэрычным смехам. I тут зарагаталі ўсе.

А л і ц ы я (трохі ўлешчаная). Бач ты... Эх, князь. Такі спектакль смехам сапсуў.

Р а д з і в і л (рагоча). Ні-ні-ні-нічога. Паслоў не за-забіваць. Ідзіце, мужыкі. Я разгледжу ваш ліст. Адпраўце іх. Але глядзіце, калі па-па-падзецеся не пасламі, ды пад дрэнны настрой.

Л а ў р э н. Які ж гэта ў вас, паночак, дрэнньі настрой, калі гэты называецца добры?

Ідуць да дзвярэй.

Р а д з і в і л. Але ве-едай сваё месца, горад! Калі што – канец вам.

I л ь я (заўважыўшы дыван перад дзвярыма, да Лаўрэна). Бачыш хаднік? Мужык! Бушацкая морда! Ты дзе? У палацы! I куд-ды ты прэш? Куд-ды ідзеш? Выцеры ногі, хамуйла!

Выціраюць ногі і выходзяць. Усе ашаломлена глядзяць ім наўздагон.