Маці Ўрагану

Р а д з і в і л (з нечаканым спакоем). Гэта больш сур’ёзна, чым я думаў. Вы займіцеся мужыкамі, а я... Не, здурэў браток. Ты пойдзеш з палком саксонцаў туды, на Крычаў, Данаван.

Д а н а в а н. Ія. Іх хабе генуг. Іх трэба аўфс Хаўпт шлаген. Нагалаву разбіць.

Р а д з і в і л. Ты запамятай іх, Данаван. Не, паслоў забіваць не будзем. Але як Крычаў выкажа непакору – разбіць. Завадатараў на палю. I тады паслы хай паглядзяць... Вядзі кірасіраў, Данаван. А не справішся – у дапамогу пойдзеш ты, Пястжэцкі.

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Зноў тупат капытоў у змроку. I іскра. Коннік вязе паходню, “агнявую віцу” – знак паўстання. У цемры крык: “Данаван ідзе!” Пошчак капытоў множыцца. Ад першай іскры аддзяляецца другая... трэцяя... пятая. “Данаван!.. Данаван!.. Данаван ідзе!” – лятуць у ноч крыкі. А пасля ўзнікае харал:

Над борам, над полем, над вірам

Крумкачы прарочаць бяду, брат.

Жалезнай ступой кірасіры

На Беларусь ідуць, брат.

Зіхацяць гарматы і латы.

Але грозна рыкае зямля, брат.

Скача грозны коннік адплаты.

Вый, акаянны магнат, кат!

Прыкіпелі да шабляў далоні.

Устаў на пачвару Давід, брат, –

Ураганны бог жаху – коннік.

Скуголь, захрыбетнік магнат, кат!.

Коннік зломіць прыблудаў калоны,

Ён праломіць чужынцаў сталь, брат,

Бог адплаты, бог помсты, коннік.

Вый, пракляты магнат, кат!

Над ляснымі цёмнымі шатамі,

Над абшарамі роднай зямлі, брат,

Грукоча коннік адплаты!

Выйце, каты, паны, каралі, брат!

Коннік вечнасці, коннік бяссмерця,

Сонца светлага добры сын...

Хай яны паспрабуюць нас зжэрці, –

Падавяцца ўсе, як адзін.

У слабым водсвеце зарыва відаць с і л у э т ы ў з б р о е н ы х м у ж ы к о ў, а злева ад іх група: п о п з Б е с а в і ч а ў і п о п А н т о х. Між імі точыцца ледзь не сварка.

П о п. Не маеш права мужыкам...

А н т о х. Данаван ідзе. Шмат хто з іх вып’е смяротную чашу, і трэба ім асвячэнне, каб спадзяваліся яны на зброю сваю.

П о п. Гэта каралеўскім, магнацкім воінам зброю свянціць можна. А гэтым, якія без пана-магната і пана-караля – не можна.

А н т о х. Няма ў іх гэтых паноў, то няхай не будзе і пана-бога? Так?

П о п. Ты на свяшчэнства, на нас навальніцу наводзіш!

А н т о х. А што ж, бог з імі ў той час, калі ў хама поўна каўбас? А як сала хам не дасць, то і бог яго прадасць?

П о п. Не блюзнер! Агнём гэта пахне, асвячэнне зброі!

А н т о х. Я не ведаю, ці дапаможа. Але яны пойдуць у бойку з надзеяй на бога і зброю. Дык што, адабраць у іх надзею? Не. Гэтага я не магу. Кінуць іх адных – не на таго ты напаў. Не магу. Не на тое мяне высвяцілі, каб я іх у бядзе – адных...

П о п. Што табе ў іх? Яны з нас смяюцца, што поп і певень, не з’еўшы, не пяюць.

А н т о х. Гэта пра цябе. А я, як і певень, спяваю нашча.

В а ш ч ы л а. Пачнем і без папа.

А н т о х. Ідзі. I ў чужой царкве не папраўляй свечак.

Л а ў р э н. Ідзі ў сваю. У сваёй нары і тхор не смярдзіць.

Ударылі званы. Людзі ўзнялі ў чырвань іконы, харугвы і зброю. Пачынаецца асвячэнне зброі ратнай1. Антох з малітваю акрапляе зброю святой вадой.