Маці Ўрагану

ПСАЛОМ

Бог нам прыстанішча і сіла, скоры памочнік у бедах.

Таму не ўбаімся, хаця б пахіснулася зямля і горы рушылі ў сэрца мораў.

Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хвалявання іх.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Усшумелі народы; дзвігнуліся царствы: Усявышні даў голас Свой, і растаяла зямля.

Гасподзь сілаў з намі, Бог Іякава заступнік наш.

...Прыйдзіце і ўбачыце справы Госпада – якія зрабіў ён спусташэнні на зямлі.

Спыніўшы брані да краю зямлі, скрышыў лук і пераламіў кап’ё, калясніцы спаліў агнём.

ЭКЦЕННЯ

О як студа і бясчэсця абліччы праціўнікаў нашых сполніці, сэрца ж іх страху і жаху; і анёл гасподні хай будзе гнаць і паражаці іх. Госпадзі памілуй.

В а ш ч ы л а (з хорам). Госпадзі памілуй.

ЭКЦЕННЯ

О як пачуці ў царкве сваёй воп і ўздыханне адзінаверных нашых і ад ворагаў і супастат прыгнечаных рабоў сваіх, у тузе і журбоце сваёй да яго вапіюшчых...

К а р п а ч (з хорам). Госпадзі памілуй.

ДЫЯКАН (глас I)

Камень, якім пагарджаюць дойліды, ён будзе асновай асноў: ад госпада бысць сей і ёсць дзіўны ў ачасех нашых.

ТРАПАР

...не пагрэбуй, добрая, малітваў нашых, усяпетая маці божая... падай ім з нябёс перамогу, бо нарадзіла есі бога, адзіна блаславёная.

В е ц е р (з хорам). Амінь.

Цемра. I ў цемры марш соцень ног, якія аж скаланаюць і рвуць зямлю: ідуць у бой легіёны кірасіраў Данавана. I яшчэ тупат многіх ног, насустрач.

В е ц е р. Ідуць, як па шкілетах.

Д а н а в а н. Гешворэнэр файнд. Смерць ім! Меч!

Тупат ног. Узвіўся крык Вашчылы: “Юры святы! Край! Край!” I ўсё запаланіў шалёны ломат сталі аб сталь, маўклівая, лютая, нясцерпная сеча. Хробат, ляск, гром нарастаюць, як шаленства перуноў у навальніцу.

Д а н а в а н. Куды вы?! Саксонцы! Сак-сон-цы! Стой! Стой!

Ламаецца сталь, шэрагі, хрыбты. Зямля шалёна б’ецца ад конскага тупату. Стогне зямная цвердзь...

I цішыня. Пажар за вокнамі паступова наліваецца, асвятляючы ўсё чырваней і чырваней залу Магдзінай карчмы. У ёй, за сталом на покуці, адзін чалавек: п о п з Б е с а в і ч а ў.

П о п. Разбілі. Адолелі, халера на іх. Цяпер князь усур’ёз за Крычаў возьмецца. Цяпер толькі беражы скуру.

Абарваўся ля вокан конскі тупат. Увальваюцца ў карчму добра патрапаныя палкоўнік Д а н а в а н з с ы н а м.

Д а н а в а н. Усё, Раймунд. Усё, сынок. Канец. I на нашых конях не ўцячы.

Р а й м у н д. Бедныя коні. Змучаныя. Дзіва што, пасля такога. Я-ак яны нас! Як яны нас! Як молатам арэхі! Толькі кірасы трашчалі. Як яны біліся!

Д а н а в а н (заўважыў). Хто гэта? А-а, гэта ты, поп. Выпоўзіна гэткая! Куды цяпер?!

П о п (падыходзіць да сцяны). Унь тут лаз у падпол.

Д а н а в а н, Каб узялі, як пацука?

П о п. Чаму? Там ход да яра. Тут, ля яра, недзе Цялецкі з коньмі акалачваецца.

Р а й м у н д. Сам губернатар?

П о п. Які ён губернатар. У князя з ім адна манера: “Як не прыгоніш у тэрмін транспарт гарэлкі ў Слуцк, то будзеш цешыцца падарункам няхібных ста кіёў у задніцу. Падаю гэта да вернага ведання Яснавяльможнага Пана як добра выхаваны і пачцівы Яснавяльможнага Пана слуга...” Што гэта вы, пане, як не тут?

Д а н а в а н. За нейкія пару гадзін – і ўвесь полк. Мае саксонцы, найлепшыя ў свеце ваякі!

Р а й м у н д. Целамі віснулі на нашай зброі. Змялі. Вагой задавілі. I ані кроплі страху.

Д а н а в а н. Гэта не людзі! Гэта дэманы!

П о п. Уцякай, Данаван (адчыняў лаз, але там раптам з’яўляецца постаць Яўхіма Хмыза)...

Я ў х і м. Я й лічыў, што яны недзе тут.

Данаван і Раймунд памкнуліся былі да дзвярэй, але тыя ў гэты час упалі пад ударам нагі. Уваходзяць В а ш ч ы л а, закрываўлены В а с к а В е ц е р, І в а н і І л ь я К а р п а ч ы, Л а ў р э н, М а г д а і А н т о х.

П о п (пасля замяшання, паказвае на Данавана). Вось яны.

Д а н а в а н. Дзякуй свайму богу, што ў мяне ёсць гонар, сука.