Маці Ўрагану

Я ў х і м. Ох, і падступная ж ты тварына.

П о п. Я табе дам, тварына. Я табе пакажу... Вось яны.

В а ш ч ы л а. Вось яны. Апошнія з саксонцаў.

I л ь я. Замак дзякуючы ім не ўзялі.

К а р п а ч. I зараз той замак нам, як скабка.

Уваходзіць п і с а р Б а ч к о.

Б а ч к о. Кончыць іх, а я напішу, за што.

М а г д а. Дзіця пашкадуйце.

К а р п а ч. Гэтае лізь-мызь канчаць трэба. Чуткі ёсць, Гдаль са Шмуйлам даюць грошы ахвочым на нас ісці.

Б а ч к о. Войска Радзівіла збіраецца. Большае, чым у караля.

К а р п а ч. Шляхта, Пястжэцкі, мушкецёры. А мы тут валаводзіцца будзем. Дабіць.

В а с к а (ціха, аж нязвыкла для яго). Паслухай, Вашчыла. Ты ведаеш мяне. Я прапойца і гуляка. Не было тына, аб які я не абціраўся б, бочкі, якую я не абцалаваў бы. Лужыны, у якой бы не ляжаў. Мы, беларусы, усе без мяжы. Але каюся не ў тым. Што мне рабіць, калі той пажар і пагром стаяць у вачах? I я ўжо мноства дзён як з пахмелля. I ці злітуецца з мяне, п’янага, бруднага, грэшнага, бог. Я нібы ў гнаі і няма мне даравання... Ніхто ж не скажа, што я сёння дрэнна біў вось ягоных людзей.

В а ш ч ы л а. Так. У самую сярэдзіну іхняга строю ўдзёрся, падхарунжага зваліў. Прайшоў праз іх, як нож, вырваўся і ўдарыў у тыл..

В а с к а. Я паслужыў Крычаву. Хай я не замаліў грэх, але я паслужыў (стае на калені). Я зранены і ў крыві. Вось дзеля гэтага адпусці іх, Вашчыла.

Б а ч к о. Ты ж пагражаў і пажар уладкоўваў. Паліў, граміў, біў. Я запісаў гэта.

В а с к а. А пасля, запішы і гэта, паглядзеў смерці ў вочы. У вочы брата. Паглядзеў на яго далонь, а на ёй ляжала смерць. I сказаў, нельга нікога граміць і рабаваць... Так, паглядзеў смерці ў вочы. I скажу, нельга, каб у вочы ёй глядзелі людзі. Каюся перад вамі, людзі. Вашчыла, гэтымі вось ранамі прашу, адпусці.

К а р п а ч. А прыйдзе зноў?

Я ў х і м. Пусці. Усё адно.

Васка ўстае.

В а с к а. Пусці.

А н т о х. Будзь моцны. Даруй.

Уваходзіць захутаная ў плашч А г н а В е ц е р.

У с е. Агна! Агна тут! Агна прыйшла!

А г н а. Жаху вы нарабілі, мужыкі. Колькі пабітых! Ехала – усё поле стогне... I чую я сэрцам трывогу. Ці мне здалося?

Б а ч к о. Што здалося?

А г н а. Па-мойму, Цялецкі тут круціўся.

I л ь я. Ён у замку дзесяты сон бачыць.

А г н а. Пэўна, здалося.

В а ш ч ы л а. Дзякуй за сына. Каб не ён, не Васка і не Лаўрэн.

Л а ў р э н. Раскалолі мы іх на дзве паловы. Васіль прабіўся і ўдарыў па засаднаму атраду. У зямлю мы яго ўмялі. А пасля прабіліся да сцяга і сын твой дрэўца падсек. Тут яны завагаліся, пахіснуліся. Пачалося с м я ц е н н е, паніка і жудасць. Як перцу з рэдзькай з’елі. Як на агні закруціліся. Бягуць, выюць!

А г н а (ціха). Нарабіла я ліха. I ніводнага не... Таксама ж людзі. Не даруе бог за такое.

П о п. У, вядзьмарка. Закляла людзей – аж да іх дакрануцца нельга. Яна вам, людзі, накаркае бяду.

А г н а. Бяда і так і так будзе. Чуткі – ідуць войскі з усіх бакоў.

Б а ч к о. Канчаць гэтых, дый...

А г н а. Досыць забойстваў. Вайна – гэта так. Але досыць забойстваў (засланяе сабой Данавана з сынам). Хто першы падыдзе?

Д а н а в а н. Трымайся, Раймунд. Трымайся, хлопец. Пакажы ім. Не толькі яны смелыя.

Уваходзяць В е ц е р і Н а д з е я.

В е ц е р. Апошніх наздагналі... А-а, яшчэ гэтыя.

Н а д з е я. Васіль, не трэ...

В е ц е р. Апошнія два...

Ён такі страшны, што ўсе падаліся назад.

Р а й м у н д. Т а - т а т а ч к а. П р ы й ш л а н а ш а с м е р ц ь!

В е ц е р (правёў далонню па абліччы, ціха). Не, сынок. П р ы й ш л о в а ш а ж ы ц ц ё. Адпусці іх, Вашчыла. I не бяры з яго слова, што не падыме на нас зброю. Няма Слова ў таго, што ваюе з дзецьмі. I ўсё ж... Хай ідуць, Вашчыла.