Маці Ўрагану

П а л к о ў н і к П я с т ж э ц к і.

К а т.

Першая дзея адбываецца ў наваколлі двара Ветра,

другая і трэцяя – увосень і ўзімку 1743–1744 гадоў

у Белай Падляшскай, Цэркавішчы і Крычаве.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Ноч, поўная трывогі. У цемры парывае вецер, і адказваюць яму дрэвы. У адну з ціхіх хвілін далятае здалёк і пасля нарастае пошчак конскіх капытоў: нехта страшэнна спяшаецца. А пасля з’яўляецца і мацнее стрыманы, нібы праз зубы, Г о л а с. Песня-рэчытатыў. Такая самая шалёная, як конскі намёт. З глоткі. Хрыпата. Праз зубы.

Сэрца каня ірвецца,

Ў сэрцы конніка боль:

Радзіма твая прадаецца,

Кожны псяр над ёю – кароль.

Прадаюцца жанчын нашых вочы,

Прадаюцца калыска і храм,

Прадаюцца ўсім, хто захоча:

Ворагу й хцівым сябрам.

П ы т а н н е. Стой! Хто скача?!

А д к а з (голасна). Ганец ад арандатараў Іцкавічаў да іхняй высокасці яснавяльможнага князя Радзівіла.

Першы голас (голасна). Праязджай! (Ціха.) Ну і кампанія!

А д к а з (ціха). Саб-бакі.

Ізноў ноч, і галоп наўскапыт, і песня.

Прадаецца з бязмежкам дубовым,

З продкавым ачагом,

Прадаецца з золатам мовы,

З былым і будучым днём.

I кожны баіцца хоць слова

У абарону яе сказаць.

Дый як? На якой такой мове?

На чужой? На сабачай, пся маць?!

Прадаецца ўся і па частках,

За грошы і напавер.

I дзе скажуць: “Айчына” – там пастка.

I дзе скажуць: “Хрыстос” – там звер.

I сумленне, і воля святая

Дрыжаць на апошняй струне...

ПІто там недзе зямлю расцінае?

Гэта

Расце

Гнеў!

Шалёны конскі намёт.

Падвор’е Агны і Васіля Ветраў. Злева, праз яблыні – далёка, – цьмяная стужка Сожа. Пасярэдзіне чыстага двара, бліжэй да левага боку сцэны, вялізны дуб. Справа, крыху наўскос – хата. Ад яе, углыбіні, за плятнём і дрэвамі, арчатая галерэя драўлянага лямуса. На двор выходзіць ганак на слупах. Вокны між ім і лямусам асветленыя. Вокны між ганкам і краем сцэны – цёмныя. Гэта вокны бакоўкі, якая асветліцца, калі дзея перанясецца ў яе. З асветленых вокнаў далятаюць спевы, і жанчына на ганку – яна ўся ў чорным – нібы слухае іх... Зноў далятае здалёк тупат капытоў, замірае недзе за дубам. Чуваць пырханне каня, голас: “Дур-ры ў мяне”. Пасля адтуль выходзіць і ідзе паўз пляцень да ганка В а с і л ь В а ш ч ы л а. Песня выбухае з новай сілай:

– Чаго ты, лосю, чаго ты, сівы,

Так да сяла прыпадаеш?

Ды ці ты, лосю, ды ці ты, сівы,

Ліхую зіму чуеш?

– Чую не чую, добра ведаю,

Не будзе, як лецечка.

– Чаго, Надзейка, чаго, малада,

Так жалосненька плачаш?

Ці ты, Надзейка, ці ты, малада,

Ліху свякроў чуеш?

– Чую не чую, добра ведаю:

Не будзе, як мамачка.

В а ш ч ы л а. Вечар добры. Гэта Ветрава падвор’е?

Ж а н ч ы н а. Так.

В а ш ч ы л а. Што гэта ў вас?