Маці Ўрагану

В а ш ч ы л а (гледзячы ў зямлю). Хай ідуць.

Д а н а в а н з с ы н а м ідуць. Данаван спьшяецца, уздыхае і кідае Ветру да ног уламак мяча. Выйшлі.

Нашто ты так?

В е ц е р. Я ведаю, што такое смяротная туга, браце. Дзеля астатніх тое, што сёння, – свята. Падумаць, я н ы, моцныя, непераможныя, як бог, жорсткія, я н ы ў ц я к а л і а д н а с, аж абганяючы свой жа крык. А для мяне гэта – туга.

А г н а. Бог мой!

В е ц е р. Пане мой божа? Ты? Нашто?

А г н а. Час выпрабавання прыйшоў да нас. Цяжкі час. У цябе ўсё добра?

В е ц е р. Так.

А г н а. I ў цябе, дочухна?

Н а д з е я (памкнулася да яе). Як жа не добра, калі ты нас звяла. I ён самы смелы за ўсіх?

А г н а. А ты не думаеш, што ён проста шукае смерці?

В е ц е р. Я нават яе шукаць не маю права. Праз вось яе (паказвае на Надзею). Нічога ў мяне няма. Я нават і смеласцю ганарыцца не магу. Яна не мая. Яна твая... Ну, дзень добры.

А г н а. Не дакранайся. Пакуль не скажу. I ты, дачка, адыдзі. Яшчэ няўчасна. У замку сядзіць Цялецкі.

Усе пераглядаюцца, нічога не разумеючы. I ўсім чамусьці цяжка. Лаўрэн паспрабаваў перабіць гэты настрой.

Л а ў р э н. Хай сядзіць. Антох, га Антох!

А н т о х. Чаго?

Л а ў р э н. А ці не до ўжо дурня строіць? Невядома, ці будзем жывыя. Вось баба поруч: цягавітая, як мурашачка, спеўная, як зязюлечка, а... спінаю, ну як печка. Дык абвянчай мяне з гэтай вось заразай. Яна ж, людзі...

Усе жонкі дрэнна йдуць,

Мая жонка – добра йдзець.

Мая жонка – добра йдзець,

Круціць задам, як мядзведзь.

Усе зарагаталі. Але Агна гне сваё.

А г н а. Т а м абвянчаецеся.

М а г д а. Ды ці пайду я яшчэ за гэткі недатопак?

Л а ў р э н. А мая ж ты дзюбачка. А хай жа ж я з лапаць, абы за мной не плакаць.

А г н а. Абвянчаецеся т а м (у яе тоне ўладная, гіпнатычная, няўхільная сіла). А т а м пакуль што Цялецкі сядзіць. З гарматамі. I з усіх бакоў войска ідзе. Пакуль не ачомаліся – трэба браць замак, сядзець там як цвік, мець апору.

В а ш ч ы л а. А калі адаб’юць?

А г н а. Адкуль? Яны не чакаюць. I вось пакуль не чакаюць... Ну, а калі адаб’юць – збірацца ўсім пад Царкавішчамі, куды ідзе мужыцкая сіла, уздымаць яе і абкласці замак. Каб муха не праляцела. Зморам узяць.

В а ш ч ы л а. Іван, ганцоў туды. Але думаю, што замак мы зараз возьмем. Знянацку.

Поп замуляўся.

Ты што, поп?

П о п. Так, нешта млосна. Задуха тут.

Прабіраецца да ўвахода.

Б а ч к о. Там, у замку, гарматы... Ты куды, поп?

П о п. Млосна нешта.

Выходзіць.

Л а ў р э н. Браць! Браць замак. Як на вяселле пайду, каб хутчэй. I сапраўды ж вяселле.

М а г д а. Во, як на злом галавы.

В а ш ч ы л а. У нас гэта заўжды так.

К а р п а ч. Браць замак. Неадкладна, пакуль не спахапіліся.

I л ь я. Каб гарматны адпор зрабіць – час патрэбен. (Дастае з сумкі пясочны гадзіннік, ставіць на стойку.) У мяне яны назапашвалі зелле і ядры і самі былі гатовыя ля гармат – вось пакуль пясок не перасыплецца. Тады я лічыў, што вучэнне прайшло добра.

К а р п а ч. Ай, татка! Гарматнікі твае ў Магілёў паехалі па зелле. А там вучні, свежанабраныя.

I л ь я. Тое і кепска, што свежыя. Свае страляць бы не сталі. I кепска тое, што я зараз не там. Дарэмна я ад іх пайшоў з вамі на поле, перачніца старая. Многа з мяне было тут карысці. А там я і гэтым не даў бы стаць ля гармат.

А н т о х (раптам, нібы ўражаны чымсьці). Людзі. Стой. Дзе поп?