Маці Ўрагану

Я ў х і м. А што раптам поп?

А н т о х. Н-не ведаю. Як стукнула. Поп дзе?

З’яўляецца п о п з Б е с а в і ч а ў, чарпануў з рукамыйніка вады, плюхнуў на твар.

П о п. Тут поп. Чаго ты лопаіссі?

М а г д а. Што з табой?

П о п. Збляваў – лягчэй стала.

М а г д а. Ясна. Столькі крыві бачыць – як не бляваць? Вечна ты, Антох...

В а ш ч ы л а. Адразу ж на замак. З боку Сажа не йсці – далёка відаць. Ты, Іван, пойдзеш з боку Крывічанкі... Ты, Вецер, Лаўрэн і Стэсь павядзеце людзей як мага больш ціха і скрытна праз роў на валы вось тут, крыху правей карчмы.

М а г д а. I карчму па прычыне скрытнасці раскідаць на мост не трэба. А я б на такі выпадак з радасцю б сама раскідала.

Л а ў р э н. Ух ты, мая півонька!

М а г д а. Укараці лапы.

В е ц е р (збіраючыся). Маці, нашто ты тут?

А г н а. Даведаешся пасля. Ідзіце.

А н т о х. Ну, я наперадзе з крыжам. Толькі вы... гэта... ведайце, гэта больш для парадку. Казаў табе бог, каб сабе сам памог.

Выходзяць. Цякуць імгненні. Магда і Агна маўчаць, і маўчанне ўжо нясцерпнае. Зарыва за вокнамі: нешта загарэлася.

М а г д а. Лаўрэн вяселле правіць.

А г н а. Не. Не паспелі б яны яшчэ нічога падпаліць. Дый не трэба ім. I гэта кепска, вельмі кепска. I ці не замкавыя гэта самі падпалілі, каб поле асвятліць?

М а г д а. Адкуль ім ведаць?

А г н а. Кепска. Цяжкае будзе вяселле. Кепска, вельмі кепска.

М а г д а. Ды – не – кар-кай!

Н а д з е я (вяртаючыся). Пасадзіла на каня. Пайшлі. I адышлі недалёка, а ля замка нешта як шугне, як запалае. (Паўза.) Маці, ты не гаруй. Хай табе не баліць ні за яго, ні за мяне. Не было б у нас так добра, каб не тое, што шчасце наша адмеранае і кароткае, як дзіцячы пальчык. А так ён мне і я яму – усё. Бо абапірацца нам толькі адно на аднаго. Бо мы адны і нікога больш, акрамя цябе, у нас няма і не будзе. Сонца згары, неба трэсні, зямля раскаліся – нам горш, чым цяпер, не будзе. Бо кожная хвіліна мая з ім – як апошняя. I таму трэба ўсю душу аддаваць, бо “праз гадзіну” можа і не быць. Дзякуй, матуля! Жыццё сплывае...

А г н а. Пясок сплывае. Апошнія пясчынкі.

М а г д а. Ціха!.. Чуеце!..

Здалёк нястройны шум, а затым уздымаецца рык соцень галасоў: “Край! Край! Наш!.. Наш!.. Наш горад!!!”

А г н а. Усё. Сплыў пясок.

У гэты момант, перакрываючы ўсё, выбухае пякельны рык. Затрэсліся, закалаціліся сцены, дзынкнула ў вокнах шкло. Над усім светам раве наканаваны, пякельны, хаўтурны пярун. Ва ўсю глотку, дзіка, як нямы сатана.

Н а д з е я. Што гэта?

М а г д а. Пярун з яснага неба?

А г н а. Гэта гарматы.

Усе падышлі да акна, за якім злавесна скача зарыва.

М а г д а. Б’юць ва ўпор у натоўп.

Н а д з е я. Падаюць! Падаюць! Божа, заслані іх!

М а г д а. Ля гармат б’юцца. Каша.

А г н а. Б’юць з вокан палаца! Паспелі колькі там гармат туды ўсцягнуць!

Натужлівы, на апошнім дыханні, пагрозлівы рык гармат.

М а г д а. Бягуць!

Н а д з е я. Бог мой, бягуць!

А г н а. Так, бягуць. (Паўза.) Што ж, дарэмная ахвяра?.. Ну не, хай да скону вякоў ведаюць: мы ніколі не гінулі. Ніколі не гінем дарэмна.

У дзверы ўвальваюцца ў д з е л ь н і к і н я ў д а л а г а ш т у р м у: усе выкачаныя, твары ў парахавым куродыме, сёй-той паранены.

В а ш ч ы л а (у дзвярах). Гэй там, падбіраць параненых. Каб ніводнага жывога ім у рукі. Убачыце, цягнуць некага – дзесяць ляжце касцямі, а выручыце аднаго.

А г н а. I што?

Б а ч к о. Патрапалі нас.

К а р п а ч. Адбілі.