Маці Ўрагану

Я ў х і м. Гэта ўсё.

В а ш ч ы л а. Не, гэта не ўсё. Адыходзім пад Царкавішча. Збіраем усіх.

П о п. Пад Царкавішча?

В е ц е р. Там збіраюцца з усіх бакоў.

В а ш ч ы л а. I ўсе абкладзем горад. Зморам возьмем.

Л а ў р э н. Ясна, возьмем. Спалох тут развялі. Якое тут усё? Мы з іх яшчэ тэльбух вытрасем (ірвануў рукаў). Зачапіла-такі (да Магды). Пасунь сваю тоўстую паню, дай сесці. Не адну цябе ногі не трымаюць.

В е ц е р. I мяне зачапіла.

Я ў х і м. Дай перавяжу. Пляваць на гэты праклён. Усё адно канец.

Н а д з е я. Не. (Перавязвае Ветру плячо.)

В е ц е р. Не, нам не канец. Мы яшчэ вернемся з-пад Царкавішча (устае). Хлопцы, я не патрабую ў вас клясціся ў любові да Крычава, Пасожжа, Падняпроўя, усёй нашай зямлі... Я проста хачу спытаць у вас, ці дарэмна вас нарадзілі вашы маці?

Л ю д з і моўчкі пацягнуліся да выхаду. Выйшлі. За акном сумятня, стук падкоў.

Ты – недарэмна, маці. Давяду ўсім на свеце.

Пайшоў. Стук капытоў. Стрыманая песня:

Ой, едзь, сынку, мой Васільку, ды не аглядайся,

За год, за два, за тры, за чатыры назад варачайся.

О бог знае, бог ведае, калі я вярнуся,

На двары, двары шырокім мой конь спатыкнуўся.

Сціхла песня. Агна і Магда адны.

А г н а. Бывай, сынок.

М а г д а. Ды што вы гэта, нібы ў палонцы седзіцё?

А г н а. Веры ў добры канец няма. Няма веры, Магда. I я нават не магу яму сказаць, што праклён з яго зняты, што праклятая – гэта я. Хай ён і надалей страшыць ворагаў і хлуслівых сяброў. Без гэтага ён можа часам злітавацца з сябе, а ён павінен быць не Ветрам, ён павінен быць сынам урагану. (Паўза.) I ўсё ж я праклінаю тое, што зрабіла. Такое глупства – Крычаў, добрае імя, памяць мёртвых. Дзеля гэтага забіць хоць у адным чалавеку радасць?.. Я ўсяго слабая жанчына, Магда... I нельга нават, каб ты мяне пашкадавала... Пракляты будзь той дзень.

М а г д а. Ты мацуйся. Я не ведаю, што з табою, які гэта праклён, але я веру табе. Мацуйся, маці ўрагану.

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

КАРЦІНА СЁМАЯ

Ноч на 26 студзеня 1744 года. Поле пад Царкавішчамі. Сям-там гараць на ім вогнішчы. Справа – памяшканне напаўразбітай капліцы з вузкімі байніцамі акон. Тут, на каменных плітах падлогі, таксама гарыць вогнішча. Да вонкавага мура капліцы прыткнулася нейкая пабудова: капліца не дзейнічае так даўно, што нехта палічыў за магчымае прыбудаваць да яе летні крыты загон для быдла. Паўсюль безнадзейнае запусценне, на якое глядзіць з адзінага, што збераглося ў капліцы, – з распяцця, – Хрыстос. У капліцы сядзяць ля вогнішча В а ш ч ы л а, В а с і л ь і В а с к а В е т р ы, Н а д з е я, дудар Я ў х і м Х м ы з, І в а н і І л ь я К а р п а ч ы, А н т о х, Л а ў р э н і Б а ч к о.

Я ў х і м (спявае).

Завея над хатамі свішча,

Вакол на ўзгорках ваўкі.

На полі пад Царкавішчамі

Мужыцкія сталі палкі.

I кліча груган груганятаў

На палеткі заўтрашніх сеч.

У магнатаў гарматы і латы,

У нас – толькі ісціны меч.

Але вера наша і гордасць,

Славы божай іскра адна

Спапяліць вашы п’яныя морды.

Чуеш, Князь-Сатана?

Так жарэ яго сэрца нянавісць бяссілля,

Што пажэр бы цябе ён, мужыцкі кароль,

Як пажэр ужо край свой, і продкаў магілы,

I народа свайго сіроцтва і боль.