Маці Ўрагану

В а ш ч ы л а. Які я кароль? Нашто мне гэта?

I л ь я. Праўду кажа. Сілы ў нас, як у караля. Нашага караля. У Варшаве.

В а ш ч ы л а. Гэта праўда. Чатыры тысячы слаба ўзброеных людзей. Сапраўды, кароль.

У прыбудове-загоне п о п з Б е с а в і ч а ў ціха нешта гаворыць Ц я л е ц к а м у, захутанаму ў плашч.

П о п. ...Вось так. Які ён кароль? Чатыры тысячы людзей.

Ц я л е ц к і. Многа. У Пястжэцкага каля дзевяцісот чалавек.

П о п. Узброеных да зубоў. Дзвесце пяхоты, сто пяцьдзесят конных казакоў і пяцьсот з гакам гусараў. Ды твае людзі. Ды яшчэ чатыры твае гарматы і гарматы з крычаўскіх муроў.

Ц я л е ц к і. Усё адно мала.

П о п. Заўтра яны выступяць. Перадай палкоўніку, ёсць план аблогі горада. Калі закрыецеся там – возьмуць зморам. Адзіная ваша надзея – апярэдзіць. Зараз. Знянацку. Неспадзеўкі. Ноччу. Вы ж на падыходзе. Унь там галоўныя сілы мужыцкага табара. Як снег на галаву. I яны ж без гармат. Здыміце каравул ля Воўчага Яра і – ярам у самы цэнтр табара.

Ц я л е ц к і. Не папом бы табе, а палкоўнікам. Аднаго не разумею – ты чаго пнешся? Табе якая карысць?

П о п. Вашчыла хоча, каб князі ў зрэб’і хадзілі. Усе. А каб усе папы былі – як Антох. А роўнасць – дзе ты яе бачыў? Святыя на іконах – у парчы.

Цялецкі. А Хрыстос на крыжы – голы.

П о п. А хто нармальны хоча на крыж?

Ц я л е ц к і. Ну так, папом быць лепей... нават у Бесавічах... Іду.

Пайшоў. Поп заходзіць у капліцу.

А н т о х. Ты дзе цягаўся?

В а с к а. Адвяжыся ад яго, смала.

А н т о х. Святы стаў. Анёл!

В а с к а. Калі ж чортам быць абрыдла.

А н т о х. Калі табе дазарэзу прахвост патрэбен – ты ведаеш, як яго шукаць?

Л а ў р э н. Ну.

А н т о х. Ідзі ў касцёл або царкву і глядзі, хто там шырэй за ўсіх хрысціцца. Бяры. Не памылішся.

П о п. Гэта наш абавязак хрысціцца... (Крыва.) Нас з табою і возьмуць.

А н т о х. Ты мяне да сябе прыпражным не бяры.

В а ш ч ы л а. Ну до, до... Значыць, так, людзі, заўтра выступаем. Нас чатыры тысячы ды ў Крычаве прыдатных да зброі знойдзецца столькі ж. Карпач, каравулы праверыў?

К а р п а ч. Праверыў. I перад імі хаця б чый след.

I л ь я. Які след? Завея мяце. I пройдзе нехта – міргні вокам і ўжо не відаць.

П о п. Хто ў такую завіруху куды палезе? Спяць на печках.

В а ш ч ы л а. Усё ж трэба яшчэ прайсці. I асабліва ля Воўчага Яра. Ідзі туды... ну хаця ты, Ілья.

П о п. I я з ім.

А н т о х. Я пайду.

В а ш ч ы л а. Вы там перасабачыцеся. Ты, Антох, ідзі лепей з Бачком і Ветрам на ўсходнюю лінію вазоў. Вы, Карпач з Яўхімам, на лінію Мікіты з Барсукоў. Ну, а я з Васкам ды Лаўрэнам праверым з боку Сажа. Рушылі.

Разыходзяцца ўсе, акрамя Надзеі, якая зараджае і раскладае на лаве пісталеты. Дзесятка паўтара.

Н а д з е я. I пораху няшмат. У Крычаве порах. Куды ні кінь, адна дарога, Крычаў.

Вяртаецца п о п з Б е с а в і ч а ў.

Ты што так скора, айцец?

П о п. А Ілья адзін пайшоў. Мне сказаў вяртацца і не кідаць цябе адну. Каб бярог.

Н а д з е я. Мяне страх беражэ. Лепей, чым што.

П о п. Ды што, урэшце, з табою і з Ветрам такое?

Н а д з е я. А ты спытай, як скончыў войт з Ківаверцаў.

П о п. Страх з ім скончыў. А іншага, можа, нічога й няма.

Н а д з е я. Паспрабуй.

П о п. Ну, не. На ўсякі выпадак не буду.

Н а д з е я. I правільна зробіш.