Маці Ўрагану

П о п. I вораг памрэ, калі дакранецца?

Н а д з е я. I ён.

Абтрасаючы бурку, заходзіць А г н а В е ц е р.

Ты?

А г н а. Дзе сын?

Н а д з е я, На пасты пайшоў. Што такое?

А г н а. Пястжэцкі яшчэ ўдзень рушыў з усімі сіламі на Царкавішчы. Папярэдзь Васіля і Вашчылу.

П о п. Я папярэджу (выходзіць).

Н а д з е я. А вы ж як?

А г н а. А мы пайшлі папярэдзіць вас ды збіліся. Блукалі. А пасля ўбачылі след, што вёў з вашага табара. Напаўзанесены. Па ім і прыйшлі.

Н а д з е я. А як жа каравулы мінулі?

А г н а. А не было ніякага каравула. Выбіліся па следу акурат на Воўчы Яр.

Н а д з е я. Чакай. Там жа самы моцны каравул. Туды Ілья пайшоў. Папа назад адаслаў. Ой, нешта нядобрае. Ой, маці, нядобра!

I тут яны замерлі, бо спачатку наводдаль, а пасля бліжэй і бліжэй з усіх бакоў пачуўся крык, тупат ног, ярасны ляск сталі аб сталь, ломат мячоў, а пасля гул гармат. Вялікага мноства гармат, у акружэнні якіх зараз яны.

А г н а. Спазніліся. Усё.

Грукат – адкінуў дзверы, і ў капліцу ўварвалася завіруха, забіўся, затрапятаў агонь. Пасля ў праём упаўзае з акрываўленай галавою І л ь я К а р п а ч.

І л ь я. Ярам прайшлі. Табар штурмуюць. Мяне аглу... (Траціць прытомнасць.)

А г н а (бярэ пісталет). Бяры і ты.

Чакаюць. Несамавіты, вар’яцкі, безупынны гул гармат. Нема крычыць сама зямля.

Н а д з е я. Нібы пекла раскрылася.

А г н а. Бегчы трэба. Адкуль прыйшлі – там іх зараз няма. Коні за прыбудовай. Бяжыце.

Н а д з е я. Куды нам бегчы, асуджаным? Ад каго? Ад сябе?

А г н а. Якія вы асуджаныя? Якія вы да д’ябла асуджаныя?! Хто асуджаны – ведаю. А вы – не!

Н а д з е я. Не разумею.

А г н а. Зразумееш. Шукай яго. Усё яшчэ наперадзе ў вас.

Адстрэльваючыся, збіраюцца ў капліцы ўсе, што спачатку былі тут.

В а ш ч ы л а. Усе тут? Усе. Хаця ненадоўга, а ўсе. Сціхнулі гарматы, але страляніна мацнее. Ненадоўга. Што ж, дзешава яны нас не возьмуць. Зараджайце ўсё, што ёсць. У каго колькі пісталетаў?

Г а л а с ы: Адзін... тры... два... тры... адзін...

П о п. У мяне два. Дзве кулі. Так і загінеш.

А г н а. Не трэба гінуць. Яр вольны ад іх. Коней завадных – пятнаццаць. Вось, праз прыбудову. Вы можаце яшчэ зноў пачаць. Гэта не канец.

В е ц е р. Астатнія хай бягуць. Мне – нашто?

А г н а. Нічога ты не ведаеш, дурню. Ты...

У гэты момант знадворку рвануў залп, замалаціла па мурах і атынкоўцы. Сёй-той страляе ў адказ у праём дзвярэй. Страляе з абодвух пісталетаў і поп. Прыцэльна. Не ў дзверы. Цішыня.

К а р п а ч. Параненыя ёсць?

В а ш ч ы л а (трымаючыся за плячо). Я... Я, здаецца, адваяваўся.

В е ц е р. Дурань, ты толькі пачынаеш ваяваць. Не сёння дык заўтра зноў пачнеш. Уцякайце! Добра, што аднаго цябе зачапіла.

Гамана. Усе спяшаюцца да лазу.

Больш нікога. Надзея... Надзея!

Кінуўся да яе. Тая ляжыць нерухома.

В е ц е р. Надзея! (Прыўзняў ёй галаву.)

Н а д з е я. Няма... надзеі... Шчаслівая... I бог з намі... I я з табой... Ва ўсе дні да сканчэння веку.

Д у д а р. Усё.