Маці Ўрагану

А г н а (як праз сон). Не, цяпер я не скажу яму. Як гэта яму будзе. Ведаючы. Пакінуць яе адну... Цяпер я знікну. Чаму – не пытай. Трэба.

В е ц е р. Я цябе не пакіну. Не. Вы ідзіце. Мы прыкрыем вас.

А г н а. Благаславенне чалавечае з табой.

В е ц е р. Ідзіце. Мы прыкрыем вас.

Усе выбіраюцца праз прыбудову. Выносяць параненага В а ш ч ы л у. Вецер падцягвае да дзвярэй пацурбалкі і дошкі. Стаў ля дзвярэй. Пасля, пачуўшы ўдары сталі, выглянуў у байніцу.

Перастрэлі... Вось, хапаюць кагосьці... Не, прарваліся... Частка прарвалася ўсё ж.

Г о л а с П я с т ж э ц к а г а (за сцэнай). Вашчыла, здавайся.

В е ц е р (страляючы ў адказ, бурчыць сам сабе). Чорта б вы выпусцілі тых, каб не думалі, што Васіль тут. Пагналіся б усім палком.

Некалькі стрэлаў, і зноў ціха. Вецер узводзіць ля дзвярэй барыкаду. Моўчкі. I ўвесь час гучыць і гучыць у ягоных вушах голас Дудара:

Везлі ў Крычаў палонных скутых...

Паўсюль, як страшныя сны,

Глухія і безнадзейныя

Пажары вёсак начных.

Панства сабрала сілу

I там, каля Сожа-ракі,

Жалезам сваім раздушыла

Яно мужыкоў палкі.

Не было ў тыя дні адлігі,

Але ў першы раз на зямлі

Ад крыві нашай вогненнай крыгі

Па Сожы ў Дняпро паплылі.

I ўцякалі людзі па звею,

А вакол снягі і ільды,

I завея, завея, завея, завея

Космамі снегу

Лізала, залізвала іх сляды.

Кроў на лёдзе гарэла расная,

Трушчыў косці ім крыгаход.

О, радзіма мая няшчасная!!!

О, мой бедны народ!

Сціхнуў голас. Вецер паставіў лаўку, расклаў на ёй пістілеты, падцягнуў цела Надзеі да агню і лёг побач з ёй, замёр.

Г о л а с П я с т ж э ц к а г а. Вашчыла, здавайся!

Вецер страляе ў адказ. Перастрэлка. Цішыня.

В е ц е р. Баліць табе? Не... табе ўжо не баліць. Я так і не сказаў... I што я даў табе, акрамя холаду?! (Страляе.) Нічога, мы затрымаем іх. (Мосціць яе бліжэй да агню.) Бедная. Цёпла табе?

Стрэлы.

Цёпла... Цёпла табе.