Маці Ўрагану

КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

У цемры вядзе песню хор мужчынскіх галасоў:

Сядзеў крумкач на магіле,

Дый каркнуў шалёна.

Наша слава, наша воля

Ў палоне, ў палоне.

Наша сонца ў кайданах,

Доля ўмерла ад ранаў.

Наша зброя, наша воля

Пабіты, зламаны.

Святлее. Вядуць песню людзі, кінутыя ў сутарэнне Крычаўскага замка. Хто сядзіць, хто ляжыць без усякай змогі ўстаць.

К а т (зверху сходаў, што вядуць у сутарэнне). Ды канчайце. Усю душу на шматкі падзерлі.

Л а ў р э н. Гэта ты нас... На шматкі. Дзёгаць ты чорны, шыя твая як халява. Толькі цягаеш людзей, як дурань дзверы. Узрадаваўся.

К а т. Вялікая гэта мне, думаеш, радасць? Загад. Не зробіш – са ўсіх маіх скуры злупяць. А яны... Кожную раніцу цягнуцца сюды, як казіная смерць. Рыгаць хочацца. Вы ўжо не таіце злога, хлопцы.

Л а ў р э н. Ды мы не таім. Што ўжо тут псяр, як загадвае цар.

К а р п а ч (пасля паўзы). Хто ўратаваўся?

Л а ў р э н. Пісар, Стэся Бачко сын, Агна Вецер, Яўхім Хмыз, Васка Вецер, твой бацька Ілья, поп з Бесавічаў.

К а р п а ч. Бацька, перад тым як нас схапілі, казаў: аглавушыў яго доўбняй і ворага ў стан пусціў, зняўшы каравул, гэны з Бесавічаў. Не лічы яго.

Л а ў р э н. ...Айцец Антох Крапіла... I вось што, галава ўратаваная. Васіль Вашчыла з братам Багданам уцяклі праз Цімошкаўскі фарпост на Украіну.

К а р п а ч. Значыць, не ўсё яшчэ згубілі. Шмат уратавалася. I лічы, што ўратаваўся – смерцю сваёю – Васіль Вецер.

Вартавыя, Цялецкі і Кат уводзяць у сутарэнне В а с і л я В е т р а.

Т-та-ак, паспяшаліся мы цябе запісаць ва ўратаваныя. Думалі – памёр.

Ц я л е ц к і. І я мысліў, што памёр. Страляў, як ашалелы. Сціхнуў. Ну, думаю, са духам святым. Аж калі ўварваліся – аглушаны. Ну, бабе нічога ўжо не дапаможа. Непрытомны, а ледзь адарвалі. А Вашчылы няма. Прыкрыў, чорт гэны. Гэта ён нас як мокрай анучай па зубах. Каб не ты, чорт шалёны, – галаву ўзялі б. (Замахваецца.)

В е ц е р (стома ягоная і безнадзейнасць жахлівая). Ты на смерць сваю замахніся, гіцаль.

Цялецкі адступіў.

Мне ўсё адно. Але ты войта ўспомні. А мне... нашто мне ўсё? Вось Васіль уратаваўся – гэта як бог радасць паслаў... Вы што, хлопцы, катаваннем зламаныя?

К а р п а ч. Анягож. Гэй, цялецкае рыла, князь прыпоўз?

Ц я л е ц к і. Прыбыў. З трыма сотнямі. I гэта значыць – канец вам. Нядоўга. Ды нашто тры сотні? Спакойна ўжо тут. Хто ўцёк, хто ў лесе... Кат, што там за гарлаграй?

Варта з Пястжэцкім прыводзяць В а с к у В е т р а і п а п а А н т о х а.

П я с т ж э ц к і. Вось вам яшчэ да кампаніі. Самі прыцягнуліся, як п’яныя па пляшку.

Выходзяць усе, акрамя Ката. Маўчанне.

В е ц е р. Нашто вы?

В а с к а. Не адпакутавана.

А н т о х. З бяздоні пекла клікнулі вы...

В е ц е р. Дурасць. Жывыя Вашчылу б вы болей спатрэбіліся. I ты, Васка, сваю пакуту лепей збыў бы, чысцячы іх па зубах.

К а т. Прытрымайце язык.

Л а ў р э н. А чаго нам цябе саромецца. Ты ўжо нам як свой чалавек, хатні.

К а т (азірнуўшыся). Хлопцы, хоць частку маёй правіны... Кажуць, Радзівіл Вашчылу патрабаваў выдаць, ды яго ўжо адаслалі ў Кіеў. Але каб і быў, то выдаць яго не маглі без указу царыцы. Аб чым і адказаў у лісце да князя капітан Цімошкаўскага фарпоста Селядзец Папоў.

А н т о х. Маліць буду за царыцу.

К а р п а ч. Ты памаліся, як яна, сучка, Пятрова кроткая дшчэр, нас выдала. Уцяклі ж – выдала. Мяне, ды Мікіту з Бараўкоў, ды Навума Буяна, ды іншых. Ды як нам, перад тым як выдаць, сто кнутоў выдалі (ай тут сто бізуноў). Ды унь Мікіту з Бараўкоў язык адціснулі, бо імперыю ды імператрыцу лаяў... Так што дарма прыйшоў, Антох.

А н т о х. Няўжо вы думалі, што я кіну вас у пекле, дзеці?