Маці Ўрагану

В а с к а. Шмат ты грахоў царквы гэтым адмаліў. Нават я пашкадаваў.

А н т о х. Ды я ведаю, як ты апраўдваўся: “Я не грэшнік. Ці я ў царкву калі хаджу, ці карчму мінаю?”

Л а ў р э н. Проста мучыўся. Манах. Аскет.

Рогат.

К а т. Ціха.

К а р п а ч. Ціха, як поўху ўдарыўшы.

У святле паходняў заходзіць князь Г е р а н і м, К а р ш у к, К а п і т а н Г р а н М у ш к е ц ё р а ў, Ц я л е ц к і, П я с т ж э ц к і, П ё к у р, п о п з Б е с а в і ч а ў.

Р а д з і в і л. Ого. Ды ў вас тут ве-се-весела.

Л а ў р э н. Ну, ве-ве-весялей, чым у тваім палацы. Што ж нам, слязьмі залівацца?

К а р п а ч. Божа, колькі іх?! Усё кодла.

В е ц е р. Не. Дзе Данаван?

П ё к у р. Яго няма болей... на службе ў князя. Захацеў усё разам, і службу і сумленне. Дудкі! У нас такая планета, што ўжо нешта адно...

К а р п а ч. Ясна, куды яму сярод такога хаўрусу. Усё ж адносна прыстойны.

Л а ў р э н. Цікава, колькі ж у гэтым прытоне дурных?

К а р п а ч. Лягчэй сказаць, колькі ў ім разумных. Адзін быў Данаван, дый той...

Рогат.

Р а д з і в і л. Др-дрэнны смех. Пястжэцкі, колькі ты іх адразу пад Царкавішчам?

П я с т ж э ц к і. Дзвесце забітых, безліч параненых, сто семдзесят шэсць у палон.

Р а д з і в і л. Вось аб тых, параненых, і тых, што ў палон.

П я с т ж э ц к і. Ну-у. Пагарачыўся трохі. Шэсць дзесяткаў адразу на пaлі, ды на шыбеніцы, ды абсадзіў на крук.

К а п і т а н. Ды пад Крычавам палонных семдзесят сем. Суд.

К а р ш у к. I чаго было зброю хапаць? Вось ваш найяснейшы і справядлівы князь замест прымусовай працы на будах будзе браць грашовы чын. Зняў абмежаванні ў сялянскім гандлі, а вы. Ы-ы- ы-ы, ён абяцае староства не здаваць у арэнду, а вы гэтак-так? Вось і на калы. I вам тое будзе. А да таго...

В е ц е р. Ведаем, кінь звягаць.

Р а д з і в і л. Уратавальнік Вашчылы? Не памёр?

Ц я л е ц к і. І я думаў, памёр, аж – аглушаны.

В е ц е р. Я загавораны. Не памёр. Хаця лепей было б.

Р а д з і в і л. I ў Санкт-Піцербурху, і ў Кіеве, і тут – паўсюль вам ворагі. Усе па-памрэце. I іншага лёсу, іншага вы-выхаду вам няма.

В е ц е р. Ёсць. Добрая слава. Душы, якіх не стопчаш. Людзі, што супакутваюць нам.

К а р ш у к. Дуж-жа супакутваюць. Вось цябе, Карпач, білі і на царскім і на нашым баку і унь яму, Мікіту, браты на тым баку язык адціснулі. Што, духам палі?

К а р п а ч. Слухай, Мікіта, во каб нам гэта ў царыцы ды ў караля тую заціскачку ды тыя бізуны пазычыць. Я-ак бы яны для нашых жонак прыдаліся б ды спатрэбіліся (рогат). А то ж, бывала, як загавораць – ну, галава як Нясвіжскі касцельны кумпал – хаця ты з хаты ўцякай (рогат). А тут ледзь пачне звягаць – мы б ім гэтым самым... ды за язык, ды па тоўстым азадку.

Мікіта нема рагоча.

П о п. Пасаромеліся б хаця перад таінствам смерці. Нічога чалавечага ў вас няма.

А н т о х. Гэта ў цябе няма. А ў нас ёсць. Вось гэты рогат. Я б цябе сваімі рукамі... (I заспяваў.) “...Нечасцівы Іуда, срэбралюбствам заражаны, звар’яцеў і вось здраджвае беззаконным суддзям цябе, праведны суддзя... Глядзіце, збіральнікі маёнткаў, на таго, хто ўдавіўся праз іх”.

Р а д з і в і л. Хадзі сюды, Вецер.

Той падыходзіць. Наступная размова ідзе амаль без голасу і вельмі значна.

Гэта та-табе апошні шанц. Апошняя сцежка да выйсця.

В е ц е р. Аб чым ты?

Р а д з і в і л. Ты. Яны – зра-зра-зумела. Яны – чэрнь. Але ты? Як ты з імі, высокапісьменны? До-до-добры. Пальцам нікога не зачапіў – пагромшчык. Кніжнік – з падпальшчыкамі кніг. Яны ж спалілі разам з даўгавымі і проста кнігі. Розныя. Не разбіраючыся па цемры сваёй. Учынілі пажар – да неба.

В е ц е р. Што ж, калі іх вымусілі. Кнігі? Ну так. Некаторыя з іх думалі, па непісьменнасці сваёй: няма чаго пісаць. Раз піша – так і лічы, што падман або данос. Але гэта таму, што ў іх забралі святло. Вы адабралі. То з кім мне быць? З дзікунамі? З табою, князь-сатана?

Р а д з і в і л. Ты, высокі кніжнік – з забойцамі?

В е ц е р. Паўтараю: а з кім мне? Я ўсё адно адрынуты ўсімі. Я магу-у сказаць ім: вы мне чужыя. Чужыя са сваімі пагромамі, грубіянствам, нянавісцю да кніг. I гэта будзе праўда. Але гэта я т а б е кажу, князь, што ўзнёсся над усімі, а нос задзёр яшчэ вышэй, скажу, каб запомніў ты гэта да канца клятага богам твайго жыцця. Што трэба быць за звычайных, сярэдніх, простых, нават калі пагарджаеш імі, нават калі на сто галоў вышэй. І м я гэтага не скажу. (Уголас.) Я з вамі памру, людзі.

А н т о х (зразумеўшы). “Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку”.