Маці Ўрагану

Р а д з і в і л. Бач, проста як бог. (Пёкуру.) А што скажа твой бог?

П ё к у р (дужа спакойна). А ён нічога не скажа. Бо гэта не ён стварыў сатану. Бо калі ён стварыў, то павінен быў бы ведаць, колькі будзе мець з ім непрыемнасцяў. I, калі ўсё ж ён стварыў, – нашто ён мне, такі непрадбачлівы?.. Не, не ён стварыў. Спрадвечна існуе два супрацьлеглыя, варожыя пачаткі: прычына ўсяго добрага і прычына ўсяго злога. Роўныя яны па сіле, ніхто не пераможа. Ідзі да таго, да каго цябе цягнуць унутраныя схільнасці. (Усміхаецца.) Вось бог. А вось сатана. Бог даў табе свабоду волі. Выбірай.

Р а д з і в і л. А калі і туды і туды цягне?

П ё к у р. I там і там будуць радавацца.

Р а д з і в і л. Значыць, чаго Мая Нага захоча?

П ё к у р. Ну. Гэта ж і ёсць твая сутнасць.

Р а д з і в і л. Бадай што гэта па мне... Страшны ты чалавек.

В е ц е р. Ён – я не ведаю чыё стварэнне, калі такое гаворыць. А цябе, прынамсі так кажуць, бог стварыў. А ў яго ёсць пекла: хвіліна смерці, калі ў жыцці ўжо нічога-нічога нельга змяніць. I ты памрэш голы. Адзін. А я памру з людзьмі.

Р а д з і в і л. Ты памрэш страшнай смерцю, Вецер.

В а с к а. Што вы прычапіліся да яго? Я Вецер! Усе ведаюць, што г э т а я, В а с і л ь В е ц е р! Які падпальваў і граміў!

Р а д з і в і л. Не, Васіль – гэта ён. Ты – Васка. Ты граміў, гэны – думаў. Ты – толькі доўбня ў руцэ. А найгоршы ён, які не граміў. Ён, ды яшчэ гэты рагатун Карпач, бо-бо-бо гэта ненатуральна, рагатаць, калі над табою стаіць смерць. Я-я-я!

К а р п а ч. Смерць. Пакуль сам не памрэш. Бо яна ж неўміручая. А ты будзеш смярдзець, як усе. I слабыя яшчэ ў цябе кішкі, каб не толькі што над Ёю ўзвысіцца, але й рагатаць з Яе. Як я.

В а с к а. I я... Княжа... I я з імі...

Р а д з і в і л. Добранька. I т-т-ты. То-толькі ка-калі даведаешся, я к ты будзеш паміраць, ты памрэш тройчы.

В а с к а. Пляваць. Браце Вецер. Выкупіць. Аднаго прашу. Бо помню, як ты хацеў падаць мне руку, а ахвяры маёй – не хацеў. Браце, цяпер усё адно. Хаця цяпер... падай мне руку... Не, стой, Вецер... Яны ж падумаюць, што я лёгкай смерці шукаю, танна хачу адкупіцца... Ты здалёк благаславі мяне. А пойдзем – разам.

Вецер з адлегласці благаслаўляе яго.

Р а д з і в і л. Аб чым гэта яны?

К а п і т а н. Не ведаю. Забабоны нейкія. Дзікуны.

Р а д з і в і л. Я думаю, ты, Вецер, – і гэта за нашу з табой размову, – і ты, Карпач, – за дзёрзкасць і крайнюю непавагу. I ты, Васка, бо надта ж прасіўся з імі. (Паўза.) У мяне харошая зграя сабачая ёсць. Абвучаная спецыяльна на мядзведзя. Кожны бярэ мядзведзя адзін на адзін. Вось мы вас у шкуры мядзведжыя зашыем і... Пасярэдзіне Крычава. Відовішча, якіх мала! Каму папярэджанне, каму забава.

Л а ў р э н. Эх-х ты! (Узяў сябе ў рукі.) М я н е ты забыў. Памятаеш, як я пра тваю шлюху? Нічога яна не круціць задам, як мядзведзь. Я вось пайду з імі і пакажу ёй, як трэба. Хай вучыцца. (Прайшоўся па-мядзведжы.)

Р а д з і в і л. Ідзі і ты.

В е ц е р. Князь, гэта праўда, што мядзведзі?

Р а д з і в і л. Ну так. А ты што, хочаш нешта пра-пра-прапанаваць?

В е ц е р. I ім?

Р а д з і в і л. Ну і ім. А раптам па-пашанцуе дый адаб’ешся.

В е ц е р. А што? Я ігрок. Ну, не выйду жывы. Але лепей ужо так, у бойцы. Не раздумаеш?

К а т. Што ты робіш, чалавеча?

Р а д з і в і л. Не раздумаю.

В е ц е р. Дык руку на гэтым, князь.

Падаюць адзін аднаму рукі, і Вецер, паглядзеўшы князю ў вочы, цалуе яго.

К а т (ціха). Цьху!

Ц я л е ц к і. Вось яны, нераскаяныя. Што б яны нарабілі, што было б, калі б перамаглі? А маглі перамагчы. Маглі б адолець, каб...

Р а д з і в і л. Маё войска? Адолелі б? Каб не што?

П я с т ж э ц к і (паказвае на папа з Бесавічаў). Каб не ён. Расказвай, Цялецкі.

Ц я л е ц к і. Калі гэтыя (паказвае на вязняў) пачалі – ён зразумеў, што гэта зусім не тое, што патрэбна... роднаму, так бы мовіць, гораду.

К а р п а ч. Угм. I падбіваў людзей – унь хаця б Васку – разам з Хрыптовічам на пагромы.

Л а ў р э н. А пасля ветліва раіў Іцкавічам размятаць Магдзіну карчму. А пасля клікаў, калі нашы ўваліліся, Іцкавічаў пабіць і ісці да князя са скаргай і ўсіх зваў на новы пагром, бо ўсё адно войска прыйдзе.

К а р ш у к (важна). Я думаю, ён проста хацеў, каб скула хутчэй наспела. Разважаў па-дзяржаўнаму.

К а т (ціха, але князь пачуў). Хто яго ведае, чаго ён хацеў. I чым разважаў.