Маці Ўрагану

Р а д з і в і л. Н-на. Па-па-пазіцыя стойкая.

К а р ш у к. Але тут ён да канца стаў наш. Калі выступіў супраць асвячэння зброі, бо ведаў, чым гэта царкве пахне. I Данавану хацеў памагчы ўцячы.

А н т о х. Але як убачыў, што не выйдзе – выдаў. Усім свой.

Р а д з і в і л. Да-да-Данавана варта было выдаць. Як па-па-пачаў дзя-дзяўкаць мне пра гонар.

П я с т ж э ц к і. I тут ён нам бясцэнна дапамог. Цялецкі, кажы...

Ц я л е ц к і. Я не ведаў, што ў горадзе за шум, каго б’юць. Пайшоў лазутчыкам. Сам. Бо на каго спадзявацца?! Нарваўся на яго. Я яму льготы рабіў, і ён па добрай памяці мне сказаў, каб я чакаў на пэўным месцы, а ён, як даведаецца... I пасля ён перадаў мне асабіста, што ідуць на штурм. I я паспеў паставіць пушкароў. I – на той выпадак, калі ўварвуцца ў замак, – частку пушак завалачы ў палац, каб біць з вакон. Ну, разгром. Лёгка было. Ён даў нам на гэта амаль гадзіну.

А н т о х. А нам гэта каштавала сотні забітых, пяцісот зраненых, сямідзесяці сямі закатаваных у палоне. Шэсцьсот семдзесят сем разоў Іуда. Хлопцы, плaчу разам з усёй сумленнай службай божай крывавымі слязьмі.

Ц я л е ц к і. Я абяцаў яму плату, але ён сказаў, што пасля.

П о п. Ну – плата платай. Можна і плату. Але я не за плату. Я...

Р а д з і в і л. Угм... Ві-вір інацэнцісімус і-ідэмквэ дакцісімус... Най-найсумленны і ў то-той жа час най-найадукаваны чалавек. І-ідэ-аліст. Ах, як жа ва-ва-вакол м-м-мяне шмат ідэалістаў. У-у-у-усе.

Ніхто не заўважае нядобрага, нават злавеснага ў ягоным тоне, і таму Цялецкі шпарыць далей.

Ц я л е ц к і. І ён тады папярэдзіў мяне, што ў выпадку няўдачы іхні збор пад Царкавішчам.

К а р ш у к. Ды як яно ўрэшце, Царкавішча ці Царкавішчы?!

П я с т ж э ц к і. А ляд яго ведае. Ці не ўсё адно, калі я іх там заспеў знянацку з ягонай дапамогай?

Р а д з і в і л. Ну так, зноў з ягонай.

Ц я л е ц к і. І ён шкураю рызыкаваў, пайшоў пад Царкавішчы, каб далей нам служыць. I там, мяне ў стан правёўшы, папярэдзіў аб Воўчьм Яры, якім нам можна прайсці да сэрца іхняй абароны. I каравул мы знялі. I ён, каб Ілья Карпач трывогу зарана не ўзняў, аглушыў яго і даў нам час прайсці. I мы ахнулі па іх з пушак і нечакана.

К а р п а ч. I нам гэта – дзве сотні забітых на месцы, шмат параненых і сто семдзесят шэсць тых, што ў палон. А многіх “браты” выдалі пасля. Колькі забітых!

В е ц е р (ціха). I Надзея.

П ё к у р. Спрытны мужык.

К а т (ціха). Аж надта.

П я с т ж э ц к і. I ўсё сам. Каб не ён – ой скрутна б нам было.

Р а д з і в і л. Значыць, каб не ён. Здорава... (Вельмі журботна.) Ну-у (паглядзеўшы на Ветра), гэтага падарунка я табе не магу не даць... Гм... М а я сіла нішто, каб не здрада. Ну так. Я немец па сваёй ахвоце, капрызу, перакананні – і пляваў я на палякаў і свой народ. Я паляк па выхаванні – я і пля-пля-пляваў на свой на-народ. А-а-а-але апо-по-апошняй кропляй сваёй беларускай крыві я по-пом-ню правіла свайго народа. Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць. Вазьміце яго. Рабрынай на крук.

П я с т ж э ц к і. Княжа?! Чаму?!

Р а д з і в і л. А яны ўсе, ці ве-ве-ведаеце, думаюць, што здрада ду-дужа выгаднае рамяство. А здрада рамяство яшчэ й дужа небяспечнае.

П о п. Ды за што? Што я такое? (Паверыў.) Княжа! Кня-а-а-ажа! “Памяні, госпадзі, цара Давіда і ўсю рахманасць яго”. Ай! А-а-а-ай! Княжа, залаценькі, ручкі... ножкі... Я Надзею... Я Вашчылу параніў.

Р а д з і в і л (вязням). Пацешцеся перад смерцю, бо літасці маёй вам не будзе.

П о п (лямантуе). А-а-а! Княжа! Княжа! (Страшна.) З глыбіні пекла клічу! (1 раптам выпрастаўся.) Хаця якім коштам апраўдацца хочаш? Маёй шкурай?! Шкада мне, шкада. Цьху на цябе, гліста! Шкада-а.

П а п а выцягнулі.

Р а д з і в і л. А па гэ-гэтых ту-тут зараз – чын пахавання. Жывым – экценню па мёртвых. Папоў! Усе туды! Цялецкі! Каб да адчаю давесці, каб трэсліся ад жаху! Тут! Яшчэ жывых! I ўставайце. Збірайцеся.

Пайшоў з астатнімі аксамітнікамі. Антох падымае людзей і ў страшным маўчанні спрабуе пастроіць іх, і гэта яму сяк-так удаецца. Тых, хто падае, зламаны катаваннямі, трымаюць пад рукі. I тут далятаюць звонку змрочныя галасы пахавальнага чыну.

ЭКЦЕННЯ АБ ПАМЕРЛЫХ.

“Злітуйся з нас, Божа, па вялікай літасці Тваёй, малімцеся, пачуй нас і памілуй.

Яшчэ молімся пра ўспакаенне душ заснулых (усопшых) рабоў Божыіх... (Тыя, каго ўспамінаюць, ускідваюць галовы або апускаюць іх.) Івана... Васіля... Лаўрэна... Пакі Васіля... Анцівоха... (Поп Антох хрысціцца.) Навума... Захарыі... Хвёдара... Восіпа... Кузьмі,.. Курылы... Атрохіма... Пакі Кузьмы... Ігната... Міхайлы... Пракопа... I пакі – пакі дваіх Васілёў і шасцёх Іваноў і о ежэ прасціцеся ім усякаму граху вольнаму жэ і нявольнаму, яка да пан Бог учыніць, душы іхнія там, дзе праведныя ўспакаяюцца”.

А н т о х. Хадзем, людзі. Гэты чалавек жадае зрабіць усё, каб давесці нас да адчаю.

Л а ў р э н. Страшна.

Нехта ў натоўпе заплакаў.

А н т о х (уздыхнуў). Страшна. Але для радзімы нашай разадранай, для нас, пашматаных і змучаных, – суцяшэнне.

Вядуць экценню галасы:

“Літасці Божыя царства нябеснага і пакідання грахоў іх, у Хрыста, бессмяротнага Цара і Бога нашага просім. Яка Ты ёсць уваскрасеніе і жывот і спакой заснулых (усопшых) раб Тваіх, Хрысце, Божа наш і Табе славу ўссылаем са безначальным Тваім Айцом і Прасвятым і добрым і жыватворным Тваім Духам, ныня і прыснам і ў вякі вякоў. Аман”.

А н т о х. Пяюць. Просяць, каб дараваў нам усякае саграшэнне, вольнае і нявольнае. Каб убачылі мы святло боскай любові, – мы, усімі на свеце пазбаўленыя яе, – а ўсе, што застаюцца на зямлі, атрымалі суцяшэнне. Ідзем, нясем ім святло.

Усе ідуць да сходаў. Антох ціха і вагома кажа ў натоўп.

Гэта князю адпяванне будзе страшнае. Бо не зрабіў ён нічога добрага на зямлі. То хай ён слухае. I вы там слухайце, наверсе. Разлічвалі вы, мучыцелі, на іншае, а тут... тут заспакаенне. Цярзанні спыняцца, мукі скончацца. Яны – не вечныя... Не вечныя.