Маці Ўрагану

Ж а н ч ы н а. Перадвясельная ноч у сына. Я Агна Вецер.

В а ш ч ы л а. Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.

А г н а. Можа, пойдзеце да іх?

В а ш ч ы л а. Не трэба, каб мяне бачылі. Я пачакаю на двары.

А г н а. Тады лепей хадзіце сюды.

Вядзе Вашчылу на ганак, пасля – у бакоўку, прыносіць аднекуль каганец. Пайшла. Вашчыла аглядаецца: печ, стол, крэсла з падлакотнікамі, ложак пад самаробным пакрывалам. На стале дзесятак кніг, чарніліца з пяром. Вашчыла ўзяў адну кнігу.

В а ш ч ы л а. Де рэвалюцінібус орбі-юм (гэта па складах). Колы нейкія. Мудрагеліць Вецер. Не да “колаў” – была б жывая душа... Гм... Жэніцца. Знайшоў час. Хай жэніцца – больш старцоў будзе.

Жанчына прыносіць пару місак з ежай і “ўдаву” – бутэльку ў выглядзе абаранка.

А г н а. Вось мірона смажаная... Вось траўнічак... Падмацуйся, госцейка. Я сказала сыну, што нейкі лёзны чалавек яго пытае. Ён зараз выйдзе. Радуюся я за яго. Надзея ягоная – пані, а не дзеўка. А вы скуль? Хто?

В а ш ч ы л а. Сына вашага ведаю з Крычава. I зараз адтуль.

А г н а. Дык чаму туды не пайсці? Узрадаваўся б як?

В а ш ч ы л а. Мне туды нельга.

А г н а. Сын даўно не быў у Крычаве. Прыехаў – а тут яна. Сірата зусім, як ён напалову сірата. Яшчэ са снежня року божага тысяча семсот васемнаццатага. Калі Карпач кашу заварыў. Дваццаць шэсць год мінула. Не, меней. Нашы загінулі праз тры гады. Ох, божа! А мой нябожчык як напрошваўся на бяду. Гэта ж яны яшчэ ў шэсцьсот дзевяноста шостым харугву Агінскага гетмана пабілі.

В а ш ч ы л а. Слаўная была справа.

А г н а. Добра, што Васіль нявесту тут сустрэў і зараз тут і застанецца. Зараз ехаць небяспечна. На дарогах ловяць людзей. Што гэта будзе? Адзін воўк здае староства на водкуп другому. Рабуюць простых. Гора!

В а ш ч ы л а. А чаго гэта вы са мною так адкрыта, сястра?

А г н а. Бачу мазалі на вашых руках... Не, хай ужо зараз тут сіроты мае.

Далятае песня. З “сіроцкіх вясельных”:

А хто ж там каля рэчанькі гукае?

Малады малойчык,

Маладая дзеўка свайго татачкі шукае.

– Ды прыйдзі, прыйдзі, мой ойчанька, блізенька,

Паклонімся табе тройчы ды нізенька.

– Не прыйду, маё дзіцятка, не прыйду,

Не прыйду, маё роднае, не прыйду.

Дзіцятка маё роднае,

Хай цябе бог гадуе,

Долю, шчасце гатуе.

Ой, не магу я ўстаці

Да свайго родна дзіцяці:

Сасновы дошкі сціснулі ножкі –

Не скрану,

Жоўты пясочкі засыпалі вочкі –

Не ўзгляну.

Шэра каменне лягло на грудзі –

Не ўздыхну.

Ды злажылі ручкі на шчырым сэрцы –

Не здыму1.

В а ш ч ы л а. Што людскія сіроты? Зямля наша – сірата. Толькі чалавечым сіротам – бог абаронца. А пра зямлю нашу ён забыў.

А г н а. А вам што, так конча бог патрэбен? Постаць у вас магутная, рукі жылаватыя, галава ёмістая.

В а ш ч ы л а (іранічна). Угм... дзеўкі мяне любяць.

А г н а. Сябры любяць... I дзеўкі. I пад старасць у такіх, як вы, не менш за дзесяцёра дзяцей.

В а ш ч ы л а. Тут не ведаеш, нашто іх заводзіш? На жабрацтва? Бізун? Турму?

А г н а. Спіны моцныя. Здужаем.

В а ш ч ы л а. На гэтай вось маёй магутнай спіне ад арандатараў, братоў Іцкавічаў, за скаргу князю сто пяцьдзесят бізуноў. Ледзь не памёр ад гэтага.

А г н а. Куды скардзіцца ездзілі?

Вашчыла. У Варшаву. Восем год назад.

А г н а. А цяпер прыехалі сюды. Ці аднымі бізунамі цяпер справа пахне?

В а ш ч ы л а. Цяпер так ці інакш кепска пахне справа. Забіваюць да смерці, гойсаюць па шляхах слугі арандатараў. Няма жыцця так і так... А пра вас, відаць, праўду кажуць, што вы ў місцы з вадою бачыце ўсё, што мае адбыцца.

А г н а. Вядзьмарка? Не. Няма вядзьмарак на свеце. Проста бачыла многа, ведаю людзей. I чую, што шчасця паменее, сірот пабольшае.

Песня:

Прашу цябе, матухна, прашу, родная,

Да мяне на вяселле ды на сірочае.

– Весяліся, дзіцятка, весяліся, маладое,

I з панам богам, і з добрымі людзьмі.

Я к табе прыйду ў суботу ўвечар.