Маці Ўрагану

КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ

26 лютага 1744 года. Плошча перад замкам. Налева і направа будынкі з галерэямі, на якія вядуць сходы. Між будынкаў каменны мур. У левым доме – дзверы ў сутарэнне. Ля правага дома, у муры, дзверы, якія вядуць на арэну. Такім чынам, асуджаныя павінны прайсці сцэну злева направа, каб трапіць тымі дзвярыма на месца пакарання смерцю.

З-за мура відаць верхавіны дрэў і вярхі шыбеніц.

На галерэі і сходах ля левага дома – н а р о д. У натоўпе Я ў х і м Х м ы з, М а г д а, І л ь я К а р п а ч, А г н а В е ц е р, п і с а р Б а ч к о. На больш багатай галерэі справа – ч л е н ы с у д а, Р а д з і в і л, К а р ш у к, Ц я л е ц к і і іншыя. Грай крумкачоў і варон. Павялі з сутарэння асуджаных. Вядуць К а п і т а н А д д з я л у Г р а н М у ш к е ц ё р а ў і П я с т ж э ц к і з салдатамі.

К а п і т а н (паказвае Лаўрэну). Глядзець. Унь на дрэве, на круку, вісіць поп Бяссовітц. Хе-хе, дэр Бірнбаўм... Як ігруша. I вашым так.

Л а ў р э н. Во каб гэта на кожным беларускім дрэве ды па такім хрукце.

К а р п а ч. Ты што народ ганьбіш? Нібы ў нас на кожнае наша дрэва па гэткай сволачы хопіць.

Л а ў р э н. Суседзям у арэнду аддамо. Для іхніх.

А н т о х. Чым табе дрэвы беларускія правініліся?

Л а ў р э н. Нічога. Дзеля такога свята адзін дзень пацерпяць.

А н т о х. Не, не дам паскудзіць гэтай навалачы й дыму ад нашых дрэў.

Р а д з і в і л (спакойна). Кончыць. Мы яму пакажам і дрэвы і дым ад іх. Чытай, Цялецкі.

Ц я л е ц к і (чытае). Злаўмыснага і злашкоднага папа Анцівоха – Антоха – Крапілу і яшчэ некалькіх такіх самых (а спіс па імёнах – тут)...

К а п і т а н. С і л а на нашым баку.

А н т о х. Угу. Гэта ж закон. Мудры мацуе свой дух, а дурань – цела. А што яму застаецца рабіць? Дай слухаць.

Ц я л е ц к і. ...Пасадзіць у коміны, а печкі знізу запаліць дзеля павольнага ўдушэння.

А н т о х. Нішто. Гэта свой дым. А вось якім дымам вы ў пекле дыхаць будзеце, бажавольцы, баўбешкі, анцыпары, вашапрудзіны, хракі дурныя?! Канарэзы, падхлебнікі сабачыя, зачухі, дрынды.

П ё к у р. I тут пад табою жар будзе. I ў пекле.

А н т о х. Не ўбаюся, недаедак блышыны, капусцяная галава, пустамол і лустасвят. Хай пекла. Рэшткамі свайго жару з табой падзялюся. Яго хопіць, каб і князя з усёй світай засмажыць.

К а п і т а н. I гэта поп? Лаецца, як брудны кароф.

А н т о х. Сам ты кабыл тоўсты. Мушкецёраў голадам морыш. Яны як лучынкі, а ты – тоўсты кабыл.

Радзівіл дае знак, варта набліжаецца да Антоха.

Чакай!.. Васка, не сумуй душою. Не плач. Грэх твой страшны ў смяротны гэты час здымаю. Людзі, чысты ён у вашых вачах! (Ціха.) Памры годна – будзеш з богам, п’янюга ты мой родны, гуляка, прапойца ты мой бесшабашны... Лапы брудныя прэч!

Ідзе. I тут зараўла аднекуль дуда: “Тапчыце зямлю, легіёны божыя”.

Князь! Мардун, дурань маляваны, рапуха аблезлая... п’яная карова! Дымам пайду ў роднае неба. Да бога! I вымалю ў яго праклён на ўсе вашы галовы. (Яго валакуць.) Хлопцы! Хлопчыкі! Благаслаўляю вас, так вашу! Благаслаўляю вас!

Яго вывелі.

П ё к у р. Княжа, гэты тэатр можа абысціся дорага.

Р а д з і в і л. Тэатр? Ну так. Такі тэатр, каб нашчадкі іхнія пра-пра-праз трыста год здрыгануліся. Калі яны бу-будуць, на-на-на-шчадкі.

П ё к у р. Будуць. Памылка, па-мойму. Не туды відовішча.

Р а д з і в і л. Чытай, Цялецкі.

Ц я л е ц к і. Акрамя тых, каго біць бізуном і адрэзаць па адным вуху, памочнікаў галавароў паўстання – а лікам іх трынаццаць, аднаму, сыну Стэся Бачко, сакратару бунту, адрэзаць абодва вухі і на лобе выпаліць шыбеніцу.

К а р ш у к. Каб ведалі... вось чыя рука пісала.

Ц я л е ц к і. Івана Дакуку, Захарку Сямашку, Іванішку з Баранкова – а ўсяго тры галавы – на шыбеніцу. Сямёна Варону, Ігната Мадунёнка, Івана Крывулю ды Івана Галёнку – абезгаловіць. Мікіту з Бараўкоў, Івана Труса, Навума Буяна, Васіля Пушчаёнка ды Васку Косціка – жывымі на вострую палю.

Р а д з і в і л. Рэшту таксама было асудзілі на кол. Але па асабістай просьбе – некаторых з іх, а менавіта: Івана Карпача, Васіля Ветра, Лаўрэна Каўбасу...

В а с к а. Князь, прыпомні...

Р а д з і в і л. ... I Васку Ветра, зашыўшы ў мядзведжыя шкуры, разарваць на плошчы сабакамі.

Ц я л е ц к і. На галоўнай плошчы.