Маці Ўрагану

К а р ш у к. На галоўнай плошчы? Зашмат ім, злодзеям, гонару.

Р а д з і в і л. Унь там. За мурам. Як усіх.

Варта вядзе ч а ц в ё р к у назад у сутарэнне.

М а г д а. Лаўрэн! Я з табой, хадзяка мой каханы, трыбухлей ты мой, лында, бадзяга ты мой няшчасны.

Л а ў р э н. Магдачка! Уцёк я ўсё ж ад цябе. Нішто, на тым свеце сустрэнемся. А там нам лаяцца не дадуць. Там строга. I нам добра будзе. А вы, панове, скажыце гэта сваім бабам, бо ў вас не бабы, а кожная – качарга старога лесу.

Іх вывелі. Пястжэцкі з вартай вядзе і астатніх у дзверы, што ў муры.

П я с т ж э ц к і. Не спяшайцеся, мілыя, паспееце на шыбеніцу.

К а р ш у к (Пёкуру). Ведаеш, што Данаван сказаў князю, калі яго выгналі? “Яны навучылі мяне, што ёсць людзі, якія б не ўсё на зямлі зжэрлі. А вы хочаце мець болей, чым заслужылі. I гэта вам хай дзякуе свет за ўсе войны, ганьбу і зло”.

П ё к у р. Дурань. Набраўся ад іх, як сучка блох... Але гэтыя і сапраўды лічаць за лепшае быць пакрыўджанымі, чым самім крыўдзіць.

К а р ш у к. I вось таму трэба кідаць гэты народ, бо з гэтай прычыны ён не жыхар на зямлі.

П ё к у р. Хто ведае, х т о не жыхар на зямлі? Магутныя магнаты або сініца, што села на мачту Ноевага каўчэга? Хто ведае?

К а р ш у к. За што ж вам плоцяць, калі вы не ведаеце?

П ё к у р. Нам плоцяць за тое, што мы ведаем. Бо каб начальным людзям плацілі за ўсё тое, чаго яны не ведаюць, – золата б на зямлі і ў сусвеце ў бога не хапіла б... Я гляджу на іх і, ненавідзячы, пачынаю сумнявацца, што ім канец.

К а р ш у к. Але чаму?

П ё к у р. У іх ёсць нешта г а л о ў н а е. Яны жывуць сярод звяроў. I дасягнулі, не пабаюся сказаць, таго, што неяк – хай не заўсёды – ужываюцца з імі. Пустэльнікі сярод ваўкоў.

К а р ш у к (раззлаваўшыся). Калі яны такія ўжо святыя – хай ідуць у нашы высокія замкі і манастыры і паспрабуюць ужыцца з нашым братам, каб не ўкусіў ніводны сабака.

П ё к у р. Таму і палім... Калі хочам жыць.

Асуджаных вывелі за мур.

Р а д з і в і л. Ну што яны, капітан?

К а п і т а н. Цялецкі! Тоўсты кабыл? (Ціха.) А добра: “тоўсты кабыл”.

З сутарэння павольна ідзе шэсце: ч а ц в ё р а ў ш к у р а х. Толькі маскі-морды яшчэ не апушчаныя на твары.

Р а д з і в і л. Пра гэтых не пішы, што ў шкурах. Выкраслі наконт шкураў. Усё ж недзе там лічаць, што мы Еўропа.

Ц я л е ц к і. Ваша... Заўсёды ж знойдуцца сведкі.

Р а д з і в і л. Нічога, заўсёды знойдуцца і в-в-вуч-чоныя, якія: “Раз у дакуменце няма – значыць, не было”. Мы з табою ім свечку павінны ставіць. Абаронцы. У азадак за нас улезуць.

Б а ч к о (сам сабе). Запішу я. Я запішу. I няхай не павераць, няхай нейкі крот скажа: байка, дакументаў няма. Гэта не байка, тое, што помніць народ. А вы можаце дзе хочаце ўжыць тыя паперы. Памяць жыве.

Р а д з і в і л. Развітвайцеся.

А г н а (спускаючыся да Васіля). Бывай... Я ўсё ж не буду цалаваць цябе... А раптам дзіва...

В е ц е р (ціха). Маці, мінуў такі час. Не трэба. Я ўсё зразумеў, маці. Я толькі раблю выгляд, каб не заламаўся хтось іншы. Я нават без гэтых падпорак даўно ўжо жыву без страху. Без яго і памру. Цяпер жа мне ўсё адно, і дзіва не будзе. Ну...

Кідаюцца адно да аднаго.

А г н а (ціха). Ідзі. Я ведаю, што ты не Вецер. Я ведаю, што ты ўраган... А цяпер глядзі на мяне.

Ідзе па сходах на панскую галерэю. У яе выгляд не то захоплены ад радасці, не то апанаваны адчаем.

Злітуйцеся з яго, злітуйцеся з іх. (Цалуе рукі ўсім, акрамя Радзівіла.) Паночкі. Паночкі. Вось бог пашле лёгкую смерць таму, каго я пацалую. (Цалуе Пястжэцкага.) Даруе табе жорсткасць і дасць табе лёгкую смерць. (Цалуе ў рукі і вусны Каршука.) Даруе ліхое кіраванне і дасць лёгкую смерць. (Цалуе Цялецкага.)

К а р п а ч. Апамятайся! Праклянем!

Л а ў р э н. Маці, што ты робіш?!

В е ц е р. Змоўч. Ціха. Яна ведае, што робіць.

А г н а (цалуе рукі ў Пёкура). Даруе табе, што ўсё-ўсё разумееш і аднак робіш паскудствы, тваю подласць... I дасць табе лёгкую смерць. (Хоча пацалаваць руку кату.)

К а т (у жаху). Што ты робіш, жанчына?! Мне?!

А г н а. Не буду. Ты лепшы за іх усіх. Ты сумленны кат... I табе я таксама не буду цалаваць руку, князь Геранім-Фларыян. Не было б цябе – не было б і іх. Бог не дасць табе лёгкай смерці.

Р а д з і в і л (прыняў зухаватую паставу). А я што казаў? Аблізала ўсіх. Няма меры іхняй нізасці. Пайшла прэч.

Агна пры поўным маўчанні спускаецца і ідзе да левых сходаў, дзе ўжо стаіць Магда.