Маці Ўрагану

В е ц е р (са шкадобай). А ты ніч-чога не зразумеў, князь Геранім-Фларыян Радзівіл. Ясна ж. Разумны заўсёды распазнае дурня, бо сам калісь быў такі. А дурань ніколі не ўгадае разумнага, бо ім не быў... і не будзе. Ты яшчэ і зараз нічога не зразумеў.

М а г д а (Агне, ціха). Затое я цяпер у с ё зразумела. Так? Так? Дай і я пацалую цябе, гаротная ты мая, бедная ты мая маці ўрагану. (Цалуе Агну.) Вось цяпер мы сёстры, маці ўрагану.

В а с к а (яго вядуць паўз Агну). Людзі. Зямля... Маці. Даруй мне, п’янаму, даруй акаяннаму!

А г н а (абдымае яго). Ідзі. Усе даруюць табе.

Вывелі. Цяпер чарга Лаўрэну.

Л а ў р э н (князю). Ты здохнеш, князь. За сённяшні дзень.

К а п і т а н. Гэта чаму?

Л а ў р э н. Бо дурань. (Князю.) Добра, калі ворагі – людзі з вялікім розумам. Разумны сто разоў падумае, перш чым учыніць паскудства і зло. А дурань што захоча, то й зробіць на злом галавы. Як ты, княжа... Бывай, Магда (ідзе прытанцоўваючы). Гэх...

Мая дзеўка добра йдзець:

Круціць задам, як мядзведзь.

Ах, каб мяне халера з-пад цёмнай хмары. Магда, я маўчаў! Магда, душа мая з табой!

М а г д а (крычыць). I мая!.. I мая!..

Вывелі Л а ў р э н а.

Бывай, цецярук ты мой пышны. Бывай.

К а р п а ч. Мая чарга, князь. Хаця? Які ты князь? Нясвіжскія – гэта князі. Шырокія ў зле і дабрыні. А ты – кур’ян, курыца, што пеўнем крычыць. Хамут!

Р а д з і в і л (здзекліва). Адно мне шкада, Карпач, не танна мне вашае здыхла выйдзе. Гэта ж аж чатыры такія шкуры ўшчэнт, у дробныя шматкі.

К а р п а ч. Ты, князь, дарма ганарышся ашчаднасцю і скупасцю. Ты самы шчодры ў свеце. Бо ты здохнеш без дзяцей, а грошы – усе! – пакінеш братам, якіх ненавідзіш. Ворагам. I яны будуць смяяцца й жэрці твой набытак.

Ц я л е ц к і. Пястжэцкі, ды вядзі ты яго. До!

В е ц е р. I праўда, досыць камедыі. Не атрымалася твая кумедзь, княжа. I не атрымаецца. Ты не бог. Бацька Антох сказаў бы, што ты чорт смалены з бурага балота, Лаўрэн – што ты шатанская сіла. Карпач – што ты паршук і шкарадзь. А я табе скажу, што ты й на чорта рылам не выйшаў. Чучала ты. Асклізлы шыцік, чарвяк з дзярма.

Ідзе да дзвярэй.

Гэтыя – яны здохнуць, людзі! А за намі... за намі святло нябёсаў. Даруй мне, люд, калі чым саграшыў табе. Дзякуй і табе, маці Агна.

Апусціўшы маску, В е ц е р пераступіў парог.

Р а д з і в і л (з клёкатам у горле). Вядзі сабак, кат.

К а т. Княжа (распластаўся на зямлі). Княжа, не смею.

Р а д з і в і л. Я сказаў. Ведаеш, чым пахне?

К а т. А хаця і самога да іх. Не смею.

Р а д з і в і л. Капітан.

К а п і т а н (дастае шпагу). Магу засячы і не міргну.

Р а д з і в і л. Ну.

К а п і т а н. Я ўсё ж воін, а не псяр.

Р а д з і в і л. Пястжэцкі, ідзі аддай загад псярам. А то ў гэ-гэ-гэ-тых псяроў кішкі сла-слабыя.

Той пайшоў. Праз некаторы час за мурам сабачы брэх.

Ц я л е ц к і. Што буйвалы. Адзін пёс лоб у лоб мядзведзя бярэ.

П ё к у р. А тут іх дваццаць на чатырох.

Р а д з і в і л (нервова). Ды-ды-ды што, урэшце, цягнуць? Пяст-жэцкі!

П я с т ж э ц к і падымаецца на галерэю.

Што там?