Маці Ўрагану

П я с т ж э ц к і. Муляюцца псяры.

Р а д з і в і л. Спушчай, іначай усіх на кол!

Б а ч к о. Людзі! Сведчыце ўсе, калі каму казаць будзеце. Князь наш зараз абмочыцца са страху.

I л ь я. Сынкі! Трымайцеся! Яны свой агонь самі замочуць.

К а р ш у к. Жолнежы, узяць!

Р а д з і в і л. Гэта той, гэта пасол! Варта!

Варта ідзе да левых сходаў, і ў гэты момант шалёны брэх і рык зграі.

М а г д а. Пусцілі! Пусці-і-ілі! Пусцілі сабак!

Варта спынілася. Агульнае замяшанне, спалоханы енк, стогны, лямант адчаю і плач сярод людзей. Брэх за мурам. Гучныя, перападам, басы: “Бам-бам! Там-бам!”

Р а д з і в і л. Дзе яны?

Ц я л е ц к і. Няма.

Бачко, Ільі і Хмыза сапраўды няма. Стаяць толькі, як скамянелыя, Магда і Агна. А за мурам нястрымнае гаўканне, хрыпенне, брэх, віск, рык, клёкат праз забітыя поўсцю пашчы. I ачумелае, шалёнае гырканне неўтаймаванай бойкі, нібы дзве ваўчыныя гайні б’юцца не на жывот, а на смерць. I не звычайныя ваўкі, а казачныя, жалезныя.

Р а д з і в і л. Вось яны, псы мае. Душы іх, ірві, шматай!

М а г д а. Б’юцца. Б’юцца! Псу хрыбет зламалі. Другому. Упаў нехта. Яшчэ два сабакі... Нехта другі ўпаў.

Сладастраснае, хцівае гырканне.

Пятага пса забіў нехта... Сёмага... Божа, нашто доўжыць мукі?!

Р а д з і в і л. Дзесяты пёс. Яны мне перакалечаць зграю. А-а, адольваюць. Хапай іх! Ірві!

Жалезны брэх.

Як той жалезны воўк, які прарочыў узнікненне радзімы!

П ё к у р (ціха). Жалезны воўк, які, мабыць, прарочыць развал радзімы.

П я с т ж э ц к і. Адзін застаўся. Цікава, хто гэта?

К а п і т а н. Дас іст мір айнерляй. Аднолькава. Паўсюль у свеце такая... такая (узняў палец) айнзамкайт. Самота.

К а р ш у к. Вецер самотны.

К а т. Самотны Вецер.

Страшны сабачы рык.

Р а д з і в і л. Узяў!

Г о л а с В е т р а. Клічу на страшны суд! Клічу. Клі... (Голас абарваўся.)

Р а д з і в і л. Скончана.

П ё к у р. У с ё скончана.

Маўчанне. Усе стаяць, нібы ашаломленыя тым, што нарабілі.

А г н а (ціха). Колькі мёртвых. Я забіла яго, Магда.

М а г д а. Ну, не плач, не плач.

Ціха плачуць адна ў адной на плячы.