Маці Ўрагану

М а г д а. Саба-акі.

Задаволены, залівісты брэх і бурчанне сабак за мурам.

Бывай, Лаўрэн. Я не абяцаю табе вернасці. Наадварот, я буду... з кім напрапалую. Толькі не з добрымі. Я... унь з такімі, як тыя. Калі некаму, крый божа, сёння пашанцуе выслізнуць. Ты даруй мне гэта, Лаўрэн. Гэта будзе мая мядзведжая шкура. Не твая, славутая ды грымучая, а мая, ганебная. Ну ды ўсё адно. Ты ім так проста не сыдзеш з рук. Даруй мне, Лаўрэн.

Усе на галерэі стаяць як прыбітыя, хаваючы вочы адзін ад аднаго.

Р а д з і в і л. Усё.

I тады Агна выпрасталася і рушыла да “панскіх” сходаў.

А г н а. Не. Яшчэ не ўсё. Слухайце, вы. (Яна гаворыць наступнае звычайным голасам, але з такой стрыманай сілай, што ўсе нібы слупянеюць ад беспрычыннага пакуль што жаху.) Я прайду праз вас, як вогненны нож праз масла. (Варце.) З дарогі. Смерць ідзе. (Ціха.) Князь. Чуеш? Напярэдадні паўстання я паслала Ветра ў нару да пракажонага, і ён там вячэраў з ім.

Р а д з і в і л. На-на-нашто?

А г н а. Кепска ведала яго. Баялася ягонай слабасці, калі будзе па-ранейшаму любіць жыццё. Я памылялася ў ім, дурная. Спачатку ён не ведаў, ён не мог захварэць так хутка. I я не казала яму, не магла сказаць, бо ён плакаў бы, што не пашкадаваў жонку. А калі б сказала, радаваўся б, што ў яе была лёгкая смерць. А смерці нельга радавацца. I смерць не бывае лёгкай. Я не сказала, дурная...

Р а д з і в і л. ...Ён па-падаў мне руку.

А г н а. ...Але ён здагадаўся сам. Думаю, што д а т а г о, я к п а д а ў т а б е р у к у. Ён не падлюга, мой хлопчык, ён не такі, як ты... I ён не захварэў тады. У яго не было на скуры чырвоных плям, што знікаюць, калі націснеш пальцам. А пасля з’яўляюцца белыя...

Р а д з і в і л (справіўся і кажа наступнае з іроніяй). Ну так, яму пашанцавала.

А г н а. Святкуеце? У вас не будзе свята. Ну так, яму пашанцавала. В а м н е п а ш а н ц а в а л а.

Р а д з і в і л. Чаму?

А г н а. Ён не захварэў. Затое я. Я ўсе гады насіла таму пракажонаму ежу, а апошнія месяцы дакраналася да яго і – чым жа ён вінен, што адзін? – я закрыла яму вочы, апускаючы ў магілу. Сын не мог яшчэ захварэць. Затое я (раздзірае на плячы сарочку)... Бачыце белую пляму? Як матыль... Праказа... Белы матыль смерці... Ён, Васіль, не атрымаў хваробы. Хвароба – гэта маё. А цяпер і ваша. Ну так, я ж аблізала ўсе вашы рукі, як прыніжаная валачашчая сука. I ты, князь, яшчэ казаў, што няма меры нашай нізасці. (I завыла.) Ну так, я сука. У мяне аднялі майго шчанюка.

Напятае маўчанне, і раптам галерэя ўзвыла. Усе шарахнуліся ад Агны. I застаўся ля парэнчаў адзін князь, а астатнія кішаць за ім, а над галовамі стаіць несамавітае, жывёльнае выццё і рык: “Дыму!”, “Жару!”, “Абпячы рукі!”, “Запаліць!”, “Гарэлкі!”, “Спірытусу сюды!” З’яўляецца бачонак са спірытусам, і яго вырываюнь адзін у аднаго з рук, льюць на рукі, у рот, абліваюцца, б’юцца за струмень.

П ё к у р. Спыніце віск... Сорамна.

Але віск і выццё гучаць і далей у гэтай штурханіне звар’яцелых.

А г н а. I сука ашалела. I перакусала вас усіх. Чаго вы шарахаецеся? Чаго кідаецеся? Позна. (Яна гаворыць з ледзяным спакоем.) Ну так, ваша смерць не будзе такая хуткая, як у яго. I яна будзе лягчэйшая, я вам не хлусіла, я праўду казала. Праказа ж не баліць. Проста ў вас будзе адгніваць аблічча, нос, вушы, шчокі. Пальцы рук не будуць адчуваць болю – як ён адчуваў – і нават апёкаў – як балелі яны яму. А пасля, паступова, адгніюць і яны. А пасля ногі і іншае. Вы зажыва згнілі душою – цяпер згніеце і целам.

Усе прыкіпелі да месца, як саляныя слупы.

Вузлаватая праказа цягнецца дзевяць год. Гладкая – васемнаццаць. Я не скажу вам, якая яна ў вас. Бо нават той, каму пашанцавала не заразіцца зараз, будзе дзевяць, а то васемнаццаць год чакаць лянівай смерці. I ў кожную хвіліну дрыжаць ад жаху. Будзе засынаць і прачынацца з думкай аб ёй. I кожную раніцу першая думка будзе: “Божа, вось няўжо сёння... Бо-о-о-ожа, ратуй. Вось... Вось здаецца... Вось-вось...” А людзі і ўласныя дзеці будуць цурацца вас. Не, я не назапасіла вам лёгкай смерці. Будзь спакойны, сынок. (Узвысіла голас.) Яны памруць. Яны – памерлі ўжо.

Цяпер яны твар у твар, як на двабоі: яна і Радзівіл.

Не торгайся, князь. Сука не лізала цябе. Табе будзе горш. Я ж акрамя ўсяго і ведзьма, прарочыца – ты не ведаў? Табе будзе нават горш за іх. Богам і зямлёй сваёй клянуся, што ўсё гэта збудзецца. Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. I трэцяя. I ўсе – з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў. Ты будзеш пасмешышчам нават у вачах бяссілых і садамітаў. I ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой. Не ведаю, ці хопіць у цябе сілы абгадзіцца ў чацвёрты раз?! I нішто з таго, што ты задумаў, не споўніцца. I ўсе будуць бегчы ад цябе, як бягуць з дома – нават калі дом гэты замак – пацукі ад пацука, якога злавілі, вымазалі дзёгцем і выпусцілі. I ты будзеш блукаць адзін бясконцымі замкавымі калідорамі і сутарэннямі, дзе шкілеты замучаных, і ніхто не падасць вады. Блукаць і смярдзець пры святле месяца. I ніводнай роднай душы... А мой хлопчык загінуў страшна, але сярод родных і любоўных. Бо мой хлопчык – Чалавек, а ты – пацук.

Р а д з і в і л (амаль непрытомна). У-у-узя-аць!

Усе муляюцца ў страху.

Ды няўжо... ды няўжо ніхто?

А г н а (кладучы руку на грудзі). Сустрэчы з табою... шукаць стану... Сэрца... яно такое вя-лі-кае...

Падае павольна, як падсечанае дрэва.

Вялікае.

Мёртвая цішыня. I толькі потым далятае аднекуль, як з таго свету, трубны голас ці то Ільі, ці то Дудара.

Г о л а с. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!

Заслона

1982 г.