Маці Ўрагану

Я на двор сыду дробным дожджычкам,

Я ў сенцы ўвайду ясным сонейкам.

Я за сталом сяду табе на параду,

А як будзе трэба – стану да пасаду.

А г н а (насцеражылася, прыслухоўваецца да чагосьці). Едуць.

В а ш ч ы л а. Хто?

А г н а. Едзе нехта шляхам... Што за часы – як тупат конскі, дык чакай бяды?

В а ш ч ы л а. Не чую.

А г н а. Я чую. Наслухалася за жыццё... Ешце госцейка... А як звернуць конныя сюды – гасіце агонь. Далей ад ліха.

Пайшла. Вашчыла налівае чарку, пачынае закусваць. За сцэнай нехта завёў – госці, відаць, падпілі ўжо – ні з пушчы ні з поля:

– Ці не нявесту вязуць?

– Нягож каго!

– Чаго яна не плача?

– Чорт чаго!

– Ды няхай той плача

I рвецца,

Хто яе ў гэты дом

Дажджэцца.

Пасля чуваць рогат і голас Лаўрэна Каўбасы: “Лепш ехаць па сена, чым на такое вяселле”. Голас: “Сват – сабачы брат”. Лаўрэн: “Сват не сват, а добры чалавек”.

Адзін сват жонку хваліць,

Што харошы абед варыць,

А другі сваю судзіць –

Што ні зварыць, то спаскудзіць.

Гоман. У дзверы ўвальваецца падпіты Л а ў р э н К а ў б а с а, абвіты ручніком.

К а ў б а с а. А каб вам, госцейкі, пабіцца, а мне на вас падзівіцца. Не п’яны, не драны – называецца, на вяселлі быў... А вяселлейка бог нам даў: ажаніўся пяхцер, торбу ўзяў... Абвёў вакол елі, і чэрці ім пелі. (Заўважыў Вашчылу.) Стой! Хто такі? П’е! Закусвае! Чам-му адзін сядзіць, як пацук? Устаць слупам! Сват Лаўрэн Каўбаса прыйшоў!

В аш ч ы л а. За саплівым сватам не находзішся з платам. Сціхні... сват.

К а ў б а с а. Чаму не між людзей?!

В а ш ч ы л а. Каб не ведаў войт Аўдзей.

К а ў б а с а. Унь як? Хі-ітры. Сцеражэцца. Хто такі?

В а ш ч ы л а. А гэта, сваток, не табе ведаць. Не табе ведаць, каб з бядой не абедаць.

К а ў б а с а. Цік-кава. Стой, а я цябе недзе бачыў. Ці часам не ў Селішчы? Ці часам не ты гэта пакаштаваў Гдалевага ды Шмуйлавага крапіла? Ці часам не ты...

В а ш ч ы л а. Кума пытала, а пасля язык кусала. Менш ведаеш, сваток, менш балбочаш, а то бізун гаваркіх лю-убіць.

К а ў б а с а. С-служкі паўсюль па дарогах. Ноччу ездзіць нельга. Нас многа, дый тое са зброяй ехалі. А ты, па ўсім відаць, адзін...

В а ш ч ы л а. I тут, сваток, не твая справа, убрыкні цябе камар. I не сунь ты сюды, сваток, свой нос, каб табе на старасць кот яйка знёс.

Урываецца М а г д а М я к е н ь к а я, таксама крыху на падпітку.

М а г д а. А во ён дзе, барыла гэты, авечка гэтая блудная! Чаго ад людзей уцёк?

Л а ў р э н. Я да чалавека... а ён ісці не хоча.

М а г д а. Не хоча, дык не хоча, ягоная справа. А ты ідзі, апівашына гэткая, валацуга, атрута мая.

Л а ў р э н. А ты на мяне не крычы. Не асядлала пакуль.

М а г д а. Цябе асядлаеш. Адна паспрабавала, дый прамым ходам да бога ў рай.

Л а ў р э н. Ты ўжо маўчы сама, апсюганка. Другога мужа данасіла дый на мяне мецішся. А яшчэ клічуць Мякенькая? Як кій дубовы.

М а г д а. Патрэбен ты мне, атрутнік гэткі, гламазда, гіцаль, прабыдла ты няшчаснае, акаянная твая паганая сіла. Мякенькая, ды не для цябе.

Л а ў р э н. Ну-ну-ну, ну-ну-ну. Бач, абрыда, бач, бабішча непралюдная (валтузяцца, Магда хоча выпхнуць Лаўрэна за дзверы), булава ты бязмозглая!

М а г д а. А хадзі-хадзі, мой каточак. Хадзі, балдавешачка ты мая любая-ненаглядная, роднае ты маё аб’еддзе блашынае.

Л а ў р э н (пручаючыся). Баба! Не смей! Гасцявыя людзі!

М а г д а. Смею, любенькі, каб цябе так чэрці любілі.

Л а ў р э н. А-ёй, каб табе жаба цыцкі дала.

Магда выпхнула яго. Вашчыла наліў чарку.

В а ш ч ы л а. Н-ну-у. Прапаў, сваток. Паплачуць па табе твае сабакі, паходзяць па табе яе каты. (I раптам прыслухаўся, пачуў тое, што значна раней чула Агна: часты і шматлікі пошчак капытоў, які набліжаецца і набліжаецца.) Ну й слых у кабеты. У варту б яе – цаны б не было. (Дзьмухнуў на каганец. Цяпер ён толькі слабы цень, які прыпаў да акна і выцягнуў з-за паяса пісталет. Асветлены цяпер толькі ганак, на якім стаіць Агна Вецер, і – цьмяна – двор. З левага боку глухія ўдары ў браму.)