Маці Ўрагану

Г о л а с к а м і с а р а. Гэй, адвальвай браму! Гэй, пускай конных, ваўкі вас еш! Чый двор? З дарогі збіліся, увесь свет прападзі акрамя пападдзі! Чый? Двор чый? Хвёдара Барана?! Адчыняй, каб вам на тым свеце хаціну збудавалі! Паны-арандатары Іцкавічы, Гдаля і Шмуйла.

А г н а. Не крычы, камісар. Гэта не Бараноў двор. I рабіць тут Шмуйлу з Гдалем няма чаго. Гэта двор вольнага землеўладцы.

Г д а л ь. Якога яшчэ вольнага?

А г н а. Удавы панцырнага баярына Агны Вецер і яе сына, Васіля Ветра.

Ш м у й л а. Ну, Ветра, ну, Ветра. Адчыняй.

А г н а. Каралю, а значыць, і князю тут усё заплочана да апошняга шэлега. То і няма чаго тут рабіць яго папіхачам.

Ш м у й л а. Баба... не каштаваў гэты двор бізуна?

А г н а. А госць няпрошаны не каштаваў бязмена ў лоб?

Г д а л ь. Спакойная ты, кабета.

А г н а. Спакойная. Як хочаце па-добраму – не ламіцеся ў браму, пакіньце сваё воўчае мяса за агароджаю і пеша, як ветлівыя госці, ножкамі, ідзіце ў двор. Унь лава пад дубам. Чарку вам вынесуць сюды.

Г д а л ь. А што там у хаце за гвалт?

А г н а. Вяселле... на якое вас не клікалі. А сілком дзерціся на чужое свята – не раю.

Маўчанне. Пасля пырханне коней. З’яўляецца к а м і с а р, а за ім браты Г д а л ь і Ш м у й л а І ц к а в і ч ы ў суправаджэнні в а р т ы.

Г д а л ь. Уй, Ветрыха. Грубіяніш. Хто да цябе лезе ў хату на тваё вяселле, на тваю трэфную ежу?

А г н а. Прабач, бацюхна. Каб ведала – кошарнага прыпасла б дзеля такіх дарагіх гасцей. А ў хату? У хату не запрашаю. Няма чаго ясну панству Іцкавічам баляваць са свіннямі.

К а м і с а р. Захочуць – самі ўвойдуць. Вашага не будуць есці, а й вам не дадуць жэрці.

Ш м у й л а. Так, пані. Мала што вольныя вы і ваш сын. Мала, што выплацілі інвентары. У нас – арэнда. I фактычна-такі пабор звыш чыншу мы браць-такі будзем. I ссыпка жыта, і грашовыя паборы – меты – возьмем і не спытаемся.

З’яўляецца Лаўрэн з Магдаю, заўважыў прыхадняў, штурхнуў яе назад.

Л а ў р э н. Бяжы па людзей.

Ш м у й л а. I выберам гіберну і іншыя плацяжы. А калі чынш заплацілі – дзе вашы квітанцыі?

А г н а. ІПто ж, у другі раз браць будзеце?

Г д а л ь. Па паперах дзе відаць, што вы плацілі?

А г н а. Якія паперы? У нас заўсёды – на слова.

Г д а л ь. Гэта раней было – на слова.

Л а ў р э н. Ой, падавішся, пёс!

К а м і с а р. Цяпер – вось вам ваша слова (паказвае дулю). А будзеце бараніцца – возьмем сілаю. Усё возьмем. Бізуноў захочаце – будуць бізуны. Турмы – будзе вам турма. Нам вашы кароль і князь– не ўказка. Псом яснага пана Гдаля абазваў – псам тваё падла кінем.

Г д а л ь. Ну і нашто лезці і гарлаць? Ціхенька скарыцеся – і не будзеце пасля доўга хварэць, а мо і паміраць.

З хаты пацягнуўся на ганак і галерэю лямуса натоўп. Стаіць пакуль што, у пагрозлівым маўчанні.

Ну і што? Вось Вашчыла ездзіць па наваколлі – мала яму паўтараста плётак. Ён хоча на кол сесці. I на палі не дапаможа яму ані Хрыстос, ані хто.

Ш м у й л а. Не было тут злодзея Вашчылы, басякі-і? Не ў хаце ён?

Л а ў р э н. Гэта мы басякі? Ану зайдзі, зайдзі ў хату, тварына паршывая.

Ш м у й л а. I што заходзіць? Нашто мне заходзіць? Унь у вёсцы Гарбовічы сем забітых. Унь у Вепрыне шмат калек. Ім хочацца ў пакутнікі? Я-ткі ім зраблю, пакутнікі.

Л а ў р э н. Сабака, змоўч!

Г д а л ь. А што, пры Пятровічу, пры сваім арандатару, вам лелей было, музікі-і?

А г н а. Праўда, не лепей. Відаць, толькі падлюгам падмога і ад нашага, і ад вашага смуроднага бога... Ідзіце адсюль.

Г д а л ь. Гэта невядома, хто пойдзе.

А г н а. Ты што, басурманская душа, жэрці гэтыя грошы будзеш? Здохнеш – няма ў твайго савана кішэняў.

Г д а л ь (філасофскі). Што ты ведаеш аб грошы. Гэта – усё. Мы гэта разумеем. Для караля з князем яны ўсё. Для нас яны – адзіная абарона супраць вашых дурных паноў. Адзіная ўлада над вамі, брудныя свінні з неабрэзанымі вушамі.

М а г д а. Вось мы вам галовы абрэжам, кручанымі вяроўкамі гадзіць прымусім.

Г д а л ь. Гэта яшчэ хто каго прымусіць. Наша цяпер сіла, нам уладу аддалі. I мы ўжо лейцы з рук не кінем. Не, не палянуемся тут дымам усё пусціць. Выведзем, як клапоў.

Л а ў р э н. Лупіш ты па краі, як конь па градах. Не дачакаўся б ад нас...

III м у й л а. Што, пугі?

Л а ў р э н. Не. Молатам у лоб, як на бойні.

Г д а л ь. I пуга і молат – у таго, у каго грошы. А вы іхняй карысці, іхняй сілы не ведаеце. Мы ведаем, у каго яны ў руцэ.

А г н а. Сцеражыся, Гдаль. Устануць людзі. I адказваць за твае паскудствы будуць тыя з тваіх супляменнікаў, што грошай у вочы не бачаць, што не вінаватыя. Ты ўцячэш, я ведаю. А тыя?

Г д а л ь. А перад кім адказваць? Стрыечны брат твайго Васіля, Васка Вецер, палохае гэтых бедных, грошы ў іх адбірае, пагражае пагромам і вымагае ад іх гарэлку. А твой сынок сядзіць тут. I твае супляменнікі і мае цяпер кажуць: Васіль Вецер, справядлівы, – увесь выйшаў. Застаўся разбойнік Васка.