Маці Ўрагану

А г н а. Адкажаш ты за абразу гэтага дома, паршывы д’яблаў вырадак.

М а г д а. А дом твой – карчма пасярод дзярма.

Г д а л ь. Слухай, камісар, дзе твая ўлада? Тутэйшыя шлюхі, самадайкі паноў сваіх абражаюць.

К а м і с а р. А мы іх пагрэем.

Уздымае паходню да дваровай страхі. Напятая цішыня, потым Лаўрэн дастае з-за апаяскі два пісталеты і страляе з аднаго проста над галавою Гдаля, у шату яблыні. Адтуль падае да ног Гдаля яблык.

Г д а л ь (камісару). Ты што? Апусці сваю капцёлку, халбер гой... А ты, басяк, што страляеш? Яблыкі зялёныя яшчэ.

Л а ў р э н. Так, маленькія яшчэ, ясны пане. Бо як вырастуць, то яны ў нас вялікія, не раўнуючы, з вашу галаву... У такое пацэліць – гэта раз плюнуць.

Ш м у й л а. Ён як гаворыць?!

Г д а л ь. Змоўч, Шмуйла. Вой, і пажартаваць нельга з гэткімі людзьмі. Ну, едзем ужо. Але хай на вашу каросту батагі – з вамі яшчэ такі пагавораць. Запомні, маці Ветра.

А г н а. Запомні і ты, сын кабана і сукі.

І ц к а в і ч ы аддаляюцца і знікаюць з в а р т а й. Пасля далятае пошчак капытоў.

Не скончыцца дабром гэта.

М а г д а. Так. Не скончыцца. Для іх. Бо апошнія ўжо кроплі цярпення...

Г о с ц і паволі ідуць у хату.

Л а ў р э н. Вось табе, матка, за смеласць жменю медзі, каб унукі былі, як мядзведзі.

Песня:

Аж у нашага свата

Ды сасновая хата,

На двары сады цвітуць,

На стале мяды цякуць.

Усе знікаюць у хаце. Вашчыла ў сваёй бакоўцы адарваўся ад акна, сеў за стол. Нехта ўваходзіць. Чуваць голас Ветра: “Дзе тут госць?” Пасля – іскры ад крэсіва. Запальваецца губа, а пасля каганец.

В е ц е р (аслупянеўшы пры выглядзе Вашчылы). Ты? Чаму ж маці не сказала?

В а ш ч ы л а. Мусіць, забылася імя.

В е ц е р. Добра, што прыехаў. А ў мяне шчасце.

В а ш ч ы л а (сумна). Бачу. Няўчаснае шчасце.

В е ц е р. Што так?

В а ш ч ы л а. Твой двор толькі што наведалі Іцкавічы.

В е ц е р. Мужыкі не пусцілі мяне да іх. Госці.

В а ш ч ы л а. Ну вось. А каб не госці, ты, свабодны чалавек, які чысты ад даўгоў, але не мае распіскі аб уплаце, бо верыць, як усе мы, на слова...

В е ц е р. Ну?!

В а ш ч ы л а. Ты, свабодны чалавек, ляжаў бы, адхвастаны да паўсмерці, як сотні людзей у старостве, быдла тваё было б зведзена, хата абдзёртая, як ліпка, і спаленая.

В е ц е р. Князь збіраецца адабраць арэнду ў Іцкавічаў і аддаць свайму.

В а ш ч ы л а. А ты ўспомні свайго. Пятровіча. Лягчэй было?

В е ц е р. Ну, усё ж свой.

В а ш ч ы л а. Угм. Гэта і праўда лягчэй, калі табе родны брат зубы выб’е, а не траюрадны.

В е ц е р. Цэрквы, прынамсі, бурыць не будуць.

В а ш ч ы л а. А папы, за выключэннем самых бедных і простых, накшталт Антоха Крапілы, таксама не нашы, каб ім на вежы сем год гойдацца.

В е ц е р. Што ты шуміш, Вашчыла? Нам усё ж лягчэй. На захадзе зямлі беларускай паншчына непрыкрытая, а ў нас заплаціў грошы – і ты вольны. Баяцца ўсход занадта чапаць. Мы – на мяжы з Масквой, мы, у выпадку чаго, і да яе.

В а ш ч ы л а. А там паншчына горш за нашу. Людзі адтуль да нас бягуць. А што лягчэй, дык зразумей і ты, што ў цябе ўмова з панам, у цябе крыху волі, у цябе ёсць час падумаць. I ясна, што пры такім стане будзе казак, а самастойнаму казаку лягчэй паўстаць, чым рабу. I... меней на гэта трэба прычын.

В е ц е р. Няма ў мяне на гэта ніякіх прычын.

В а ш ч ы л а. Ой-ёй! А Іцкавічы? Іцкавічы, што дзяруць вышэй інвентара? Узялі староства ў арэнду, на водкуп. I грабуць з нас вышэй пісанага, вышэй таго, што народ павінен. Князю мы колькі павінны былі выплаціць? Дык яму самому лень было выбіваць, ён нас гэтым цмокам перадаверыў. А тыя за час арэнды, звыш паложанага інвентара, выбілі і паклалі ў сваю кішэнь амаль мільён трыста тысяч злотых, ды звыш ста дваццаці коп пянькі, ды падаткі, ды адработкі, ды штрафы... Толькі грашыма з чалавека лішніх па шэсцьдзесят злотых у бяздонную, у нясытую гэтую сваю глотку. Гэта не клоп. Гэтыя браткі, пакуль усю кроў не высмакчуць, – не адваляцца. А не заплоціш – б’юць да паўсмерці і да смерці і хаты паляць. А ўцячэш – доўг твой здзяруць з таго, хто застаўся. А яшчэ на вайну аддай. А воінскія пастоі? А жаўнеры, якія рабуюць? Адна харугва Слушкі з нас семдзесят тры тысячы злотых выбіла. Пасля іх, сваіх, як пасля варожай навалы. А скардзішся – б’юць, і ёсць мёртвыя, і шмат калек.

В е ц е р. Нашто ты мне гэта?..

В а ш ч ы л а. Умова парушана – і ўсе абурыліся. Бедным падзёншчыкам трэба жыць, нам, багацейшым, трэба гандляваць. А з кім? З усімі, акрамя арандатараў, клапоў гэтых, забаронена. Вяжа нас рабства, бедных людзей, па руках і нагах. Каму чаго ў нас купляць, калі трыццаць двароў з сотні памірае з голаду, а грошы нясуць не табе за хлеб, а Радзівілу на хлеб, Іцкавічам – чорт ведае на што.