Маці Ўрагану

В е ц е р. Князю на іх скардзіцца. Князь – наш.

В а ш ч ы л а. Ну так. Мы бацьку ягонаму належалі, пасля – маці, пасля – сыну. Я скардзіўся. Сто пяцьдзесят бізуноў на маёй спіне і турма. А паршывы Гдаль хваліцца, што “плявала на вас улада, што як дам тысячу або больш талераў, то камісія будзе за мяне, а не за цябе, смярдзючае беларускае быдла”.

В е ц е р. Масковія?

В а ш ч ы л а. Там панскае дзікунства без прасвету.

В е ц е р. Кароль?

В а ш ч ы л а. Аўгуст наш трэці? Ён Рэч Паспалітую і Беларусь прапіў, давёў да ручкі. Каралёўская ўлада ляжыць, як п’яная баба за карчмою, і ўсе магнаты, хто захоча, яе топча... Мы ім цікавыя толькі як паўстанем, як сала за шкуру зальем. А тое, што мы кожны дзень, кожную гадзіну бубнім, варочаемся, супраціўляемся – ну, гэта іх не абыходзіць. Пісьме-енныя, вучо-оныя! Што ім да таго, што хлоп думае? Мы – беднае бесславеснае быдла. Мы хлеба кавалка не можам купіць, не паведаміўшы Гдалю са Шмуйлам.

В е ц е р. Гандаль? Ну ясна. Не вера, не незалежнасць, а прагнасць і своекарысце. Грошы яны ў нашых гандляроў перабілі.

В а ш ч ы л а. А што вера? Поп багаты, пакуль не абдзярэ – адпяваць не будзе. Што ж нам, гэткіх умацоўваць? За іх біцца супраць уніі? Няма чаго казаць – варта дзеля такога дзярма ліць кроў лепшых людзей.

В е ц е р. Што ты мне казані чытаеш? Я ўсё гэта і сам ведаю, а ты не поп і не ксёндз. Кажы проста, чаго трэба?

В а ш ч ы л а (з вялікім значэннем і вельмі важка). М ы п а ч ы н а е м, В е ц е р.

В е ц е р. Толькі Крычаў?

В а ш ч ы л а. Крычаў – кацёл з варам. Але не толькі ён. Усё староства. Цярпець больш немагчыма.

В е ц е р. Хто ды хто?

В а ш ч ы л а. Я, Стэсь Бачко, Іван Карпач.

В е ц е р. Род славуты.

В а ш ч ы л а. Род падобны на твой. I стан такі... Ну і яшчэ твой стрыечнік Васка Вецер.

В е ц е р. Ветрагон, занадта любіць гуляць.

В а ш ч ы л а. А ты занадта любіш жыццё. Ну вось, пашлем ганцоў. Ты павінен быць у Крычаве. Ты вельмі пісьменны чалавек, без цябе цяжка. I табе вераць збройнікі і многія астатнія людзі... Мы ім, прабыдлам, сухалом на іх, справім Хмяльніччыну.

В е ц е р. Пры і м паўстала ўся Беларусь. З намі былі казакі. I ўсё ж нас разбілі. А тут адзін маленькі Крычаў і мужыкі з косамі. Мы немінуча загінем.

В а ш ч ы л а (тужліва). Я ведаю, браце. Ды лепей паступіцца жыццём, чым сумленнем. Ведаю, справа толькі ў часе. Можа, мы не пратрымаемся і месяца, можа, нас хопіць на некалькі год. Ды бывае так, што трэба гінуць. Мы зараз як жабяняты, якіх нават зайцы палохаюць. Нас катуюць, як жадаюць. Памяць іхняя каціная: наторкаюць носам, а яны зноў за тое самае. Хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Трэба ім напомніць, каб асцерагаліся чапаць нас. А мо і перамога? Яны ж прагнілі, як бурак.

В е ц е р. Што, крывёю Крычава купіць адносны спакой усім?

В а ш ч ы л а. Трэба пашкадаваць, трэба дужа пашкадаваць сваю радзіму, Вецер.

В е ц е р. На ёй зараз цішыня, хай няпэўная. Пашкадаваць – значыць выклікаць вецер. Ураган. Знішчыць гэты няпэўны дабрабыт, гэтае слабае шчасце. I чужое, і... сваё. Ты бачыш, сёння...

В а ш ч ы л а. Праз год ці два будуць дзеці. Думаеш, будзе лягчэй? А шчасце? Унь яны вывелі людзей з Ліпічна ва ўрочышча Філазопаўскі грунт і загналі ў дрыгву... з малымі дзецьмі. I смяяліся, калі да іх працягвалі дзяцей. I ты будзеш смяяцца разам з імі... ад шчасця? Будзеш араць, калі яны самое месца вёскі зааралі?

В е ц е р. А ўздымем бунт – загінуць у с е д з е ц і в а ў с і х в ё с к а х. У с е ж а н ч ы н ы. I мая Надзея таксама. А тут яна смяецца ад зелені, сонца. Бачыш, якая справа. Я абяцаў ёй усё добрае, а аддзячу самым злым. Магілай.

В а ш ч ы л а. Ты абяцаў не толькі ёй. За ўсё ў жыцці трэба плаціць, Вецер.

В е ц е р. Ведаю. Я не баюся... Я проста не магу. Раней мне было ўсё адно. Але тут з’явілася яна. I ўсё стала іншае. Зямля стала прытульная, узгоркі зрабіліся такія сытыя, вочы ў аленяў добрыя... як у яе. Нават кот такі пульхны і мяккі. Калі прыходзіць такое – нельга ліць кроў, нельга несці смерць іншым... і ёй. I чалавек жа створаны для любові, я зразумеў гэта. Для шчасця.

В а ш ч ы л а. Шчасця няма. Ваўкі вакол.

В е ц е р. Ёсць шчасце. Няпэўнае, але вайна знішчыць яго. Людзі загінуць немінуча. Ваўчыная моц, ваўчыная жорсткасць яшчэ не былі дасюль пераможаныя. А тут ёсць свае сцены, зброя ў руках... і яе вочы. Я не магу здрадзіць ёй.

В а ш ч ы л а (пасля паўзы). Сынок, будзь сумленны і не чапай яе. Хадзем. Светлую памяць зберажэ яна пра цябе, пра твой голас, валасы, гэтыя вочы, гэтыя моцныя рукі. (Паўза.) Ведаеш, мы часам павінны ахвяраваць сабой той маці-зямлі, што прыняла ў сябе тваю пупавіну і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў. Але немагчыма жыць без Радзімы, яна ў цябе адзіная, сынок. I ёй плююць у вочы...

В е ц е р. Я не баюся бітвы. Але ўва мне зараз такая любоў да ўсяго. Ходзіш па цёплай зямлі і павінен яшчэ хадзіць шмат год – а тут схопяць і пераб’юць ногі. Спяваеш, п’еш віно, цалуеш – а тут кладуць у рот жар. I ноч перад плахай – а ёсць змярканні, ранкі марозныя... і трава ў срэбры. I ўсяго гэтага... А-ах!

В а ш ч ы л а (ўстаў). Ну так, ты не баязлівец. Ты давёў гэта. Але хапіла бабы і... Я не думаў, што можа быць чалавек, які ціскае жонку, калі ягоных братоў ціснуць кляшчамі. Які глядзіць у неба, а народ ягоны ў гэты час глядзіць у вочы катам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму пікаю ў бок. Трасца з табою... (Запіхвае пулгакі за пояс.)

В е ц е р. Вось пулгакі... Пісталеты... Яны нясуць смерць. А я пакахаў. I зразумеў: любоў не можа несці смерць. Стаяць жывыя лясы... Дымяць жывыя хаты... Смяюцца і спяваюць у іх жывыя людзі... Грэюцца на прызбах старыя... Бегаюць дзеці... I на ўсё гэта я праз вашую дурасць выварачу загібель, тло, агонь. I вы і яны будзеце забіваць, рэзаць, граміць, як ашалелыя, а пасля пакінеце вялізныя могілкі. Вось чаму яшчэ я не з вамі, а з жыццём. Людзі, Надзея і я. I, можа, ты скажаш, як гэтым людзям, як мне перамагчы жаданне жыць? Я люблю, ува мне ўсё неба, а ты клічаш загібель... Чалавек створаны для любові.

В а ш ч ы л а. Правільна. I адзін такі, што даў сябе распяць за нас, сказаў: “Няма любові большай за тую, як нехта душу сваю паложыць за друзі свая”.

Паўза пасля гэтых слоў доўгая і страшная.

Бывай. Я жыццём рызыкаваў, едучы да цябе. Бачу, дарэмна... Я шкадую таксама, што еў і піў тут... у доме здрадніка... На!

Адчыніўшы дзверы, ён кідае на стол манету – яна заракатала між місак – і выходзіць... Праз хвіліну ўваходзіць А г н а В е ц е р.

А г н а. А сыночак, а што ж гэта ён крычаў пра дом здрадніка, гэты вар’ят?

В е ц е р. Чула?