1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

Ў ЧАТЫРОХ ДЗЕЯХ, ВАСЬМІ КАРЦІНАХ

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Ц ы к м у н А с і н с к і, млынар – 50 год.

Т э к л я К а в а л ь, яго сваячка – 56 год.

М а р ы с я, дачка Цыкмуна – 18 год.

А н д р э й Л а ў р а н о в і ч, студэнт – 20 год.

В і к т а р С м і х а л ь с к і – 24 гады.

К а л я д а, пісьменнік, старшыня гарвыканкома, потым камісар атрада – 40 год.

П я т р о Л а ў р а н о в і ч, бацька Андрэя, камандзір партызанскага атрада – 42 гады.

А п а н а с Ж а ў р у к – 56 год.

П а н Е л п і д з і ф о р Д з ю б к а, загадчык музея, пасля “камерсант” – 45 год.

Б а б а Е р э т ы ч к а, самагоншчыца – 48 год.

В ы с а к а р о д н ы з л о д з е й – няпэўных год.

Т р у б а й л а, былы шляхціц – 43 гады.

Г р а ф А д л е р б е р г, камендант горада – афіцэр у гадах.

Б е р н г а р д Ш в а л ь б е, камісар гестапа – 30 год.

Ф о н Р а н ц о ў, маёр – 32 гады.

З і г ф р ы д І л ь з е н в е л ь д э, гаўптман – 26 год.

Г е н р ы х Ш т а р к е н ф а у с т

В о л ь ф г а н г Л а м с д о р ф афіцэры.

Фе р д ы н а н д Э в е р т

Н я м е ц к і ў р а ч.

Л і р н і к.

Народ на кірмашы, партызаны, вартавыя, нямецкія салдаты, людскі натоўп на барахолцы.

Дзея адбываецца ў ваколіцах маленькага раённага гарадка,

загубленага ў глухіх лясах, у 1941–1942 гг.

Стварылі вас не для жывёльнай долі, –

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Кабінет старшыні гарвыканкома. Вялізны пакой, вельмі светлы, з двума квадратнымі вокнамі, за якімі панарама горада. Звычайнае кабінетнае абсталяванне: вялікі стол, крэслы. Двое дзвярэй: адны налева – выхад, другія направа – у зал. Карта на сцяне. Вельмі ціха і спакойна, але нешта не так, як заўсёды: папера на рэпрадуктары прадзёртая, з адчыненага сейфа на падлогу вывалілася купа паперы, фіранка вырываецца з акна на вуліцу, як сцяг. Відаць, што па пакоях гуляе пройма. Толькі пасля далятаюць здалёк гукі кананады. Ля акна К а л я д а і П я т р о Л а ў р а н о в і ч. Маўчаць. Кураць. I раптам гучны, злёгку асіплы голас з рэпрадуктара.

Голас з рэпрадуктара. Увага! Увага! Грамадзяне горада! На ўсходняй аколіцы ідуць баі. Палае горад! Палае горад! Грамадзяне горада, усе, хто можа трымаць зброю, ратуйце горад...

Лаўрановіч. Горад вырашылі здаць?

К а л я д а. Так. Утрымаць няма магчымасці... Жах бярэ глядзець на адступаючых. Чорныя ўсе, раненых вядуць... Немагчыма, ну немагчыма ж без дапамогі, без боепрыпасаў.

Лаўрановіч. А радыё яшчэ трымаецца?

К а л я д а. Там, напэўна, ужо немцы блізка, але яшчэ трымаецца. Гэта дыктар наш, Ветка, сепаратна сядзіць там... Кажа, што не пойдзе стуль. Яму ўсё добра відаць, вышэйшага месца за радыёвузел у горадзе няма. Зусім дрэнна, браце. На Ленінскай склады палаюць, нехта разбіў, дзе-нідзе грабёж там пачаўся. Напэўна, зладзеі...

Г о л а с. Грамадзяне горада! Калісьці вашы продкі не пусцілі за гарадскія муры Іасафата Кунцэвіча, драпежнага ваўка, навялі на яго гарматы і наказалі пайсці прэч. Будзьце вартымі іхняй славы! Браты! Сёстры! Бацькі! Сыны! Таварышы! Бярыце зброю! Заходняя станцыя ледзь трымаецца.

К а л я д а. Калі прыйдуць людзі па справе з млынам?

Лаўрановіч. Прызначылі на трынаццаць гадзін.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21