1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

Ш т а р к е н ф а у с т. Цікава. Вы золата. Эверт, налі шклянку чалавеку.

Т р у б а й л а. За здароўечка пана. То добра, душу пакропіць. Але я скарыстаюся выпадкам, каб нагадаць. Па субстытуцыі я – другі спадчыннік. Мой старэйшы брат загінуў, і зараз калішні хутар павінен належаць мне. Можа, вы можаце гэта аформіць?

Ш т а р к е н ф а у с т. Добра. Добра. Эверт, яшчэ чарку чалавеку.

Т р у б а й л а. Як кажуць, каб не дзірка ў роце – хадзіў бы ў злоце. Ваша здароўечка, панове (п’е).

Ш т а р к е н ф а у с т. Вам трэба апавясціць пра гэта. Маёру Ранцоў я перадам сам. А вы зараз жа спяшайцеся ў горад, да Адлерберга. Перадайце, патрэбны ўсе яго рэзервы: мы абавязкова нападзём на след брыгады цераз гэты млын. Ясна? Можаце ісці.

Трубайла выходзіць.

Сінія Віры? Трэба распытацца ў людзей.

Л а м с д о р ф. Дазвольце падняць трывогу?

Ш т а р к е н ф а у с т. Не, нашто непакоіць перадчасна людзей. Спачатку паабедаем. Сёння суп з чарнаслівам, мой улюбёны. Ранцоў няма – ну і ляд з ім.

Занавеску зашморгнулі.

Т э к л я. Што ж гэта робіцца, га? Людзі добрыя? Зусім разгубілася я. Што рабіць? Марыська там! Цыкмун! Млын забяруць, што ж тым, у пушчы, рабіць? Тысячы іх, жанчыны, дзеці маленькія з голаду пухнуць будуць! Іхняя якая правіна, што будуць яны пакутаваць за нашы грахі? ...А можа, нічога? Можа, яшчэ не дабяруцца да млына? Можа, не лезці на ражон? Не, абавязкова дабяруцца. Распытаюць людзей, прачэшуць пушчу на поўдзень – натрапяць. Нашы ж людзі. I мне будзе сорам. Каляда тады паручыўся за мяне, калі судзіць хацелі, на такое месца паставіў цяпер, давярае. А тады і ён у вочы плюне. Марыська адвернецца. Такога сораму сваёй хаце я не зраблю. Але як? Як мне іх папярэдзіць, як гэтых прымусіць маўчаць?.. Так... так... толькі гэта, толькі гэта. Даруйце мне, людзі, калі каму саграшыла. Трэба ўхадзіць. Зажылася на свеце, старая торба.

I ўжо рашуча ідзе за занавеску.

Паны афіцэры, дазвольце аканіцы зачыніць. Лес, ведаеце, можа нешта небяспечнае здарыцца.

Ш т а р к е н ф а у с т. Зачыняй.

Т э к л я (ціха). Зачыню я тваю труну.

Пайшла. Паступова з грукатам зачыняюцца аканіцы. Паўцемра. Эверт запальвае свечы. Тэкля вяртаецца.

Т э к л я. Ну вось, зараз не скуголіць, не замовы чытаць. Станавіся перад панам-богам, раба божая Тэкля, а то і проста ў яму.

Лезе на печку, дастае стуль пучок сухой травы.

Зараз чыста, толькі вось у каструлю (робіць гэта і далей, як кажа), на ежу, дзе магчыма, у кохвей. Многа трэба сыпаць, многа, каб адразу. А цяпер ратуй мяне, маці Багун-трава, даруй, што ўжываю я цябе для такіх... свіней, будзь моцны, рабі адразу справу тваю. Выратуй, божухна, Марыську, і Цыкмуна, і таварыша Каляду, хаця і бязбожнік ён, і дзетак нашых, птушанятак малых. А мяне, калі зробіш так, як прашу, хаця і ў пекла пасадзі, я не паскарджуся, на ўсё святая воля твая.

Э в е р т. Матка, накрывай на стол.

Тэкля носіць на стол стравы. Афіцэры пачынаюць есці, толькі Штаркенфауст сядзіць і нюхае ежу.

Ш т а р к е н ф а у с т (да Тэклі). Чым гэта ежа сёння пахне такім... дзіўным?

Т э к л я (халодна). Можа, кмінам, можа... я гуркі з парэчкавым лісцем салю.

Штаркенфауст, павагаўшыся, пачынае есці. Тэкля адышла да печкі, зашморгнула занавеску, ціха кажа.

Ежце, ежце.

3 вуліцы заходзіць маёр Р а н ц о ў, спыняецца ў дзвярах і размаўляе з кімсьці за сцэнай.

Р а н ц о ў. Будзьце ўважнымі, інакш гэта дрэнна скончыцца для вас, Фрыдрых.

Ш т а р к е н ф а у с т (з-за занавескі). Маёр, просім да нас, мы ўжо пачалі, і тут ёсць для вас тое-сёе цікавае.

Р а н ц о ў. Зараз, зараз, панове.

Тэкля застыла каля печкі, як жывая статуя адчаю.

Р а н ц о ў (за дзверы), Пачакайце, Фрыдрых, вы ўжо паслалі людзей да старога зімніка? Не? Добра. Мне патрэбна праінструктаваць іх (да Штаркенфауста). Я зараз прыйду, панове, адну хвіліначку.

Пайшоў. Тэклю адпусціла. 3 палёгкаю адвяртаецца ад печкі, але тут жа зноў перапалашылася.

Т э к л я. А як жа гэты смоўж, шляхціц гэты? Пра яго я зусім забылася. Ну да млына, каб папярэдзіць, можна і Апанаса Жаўрука паслаць, а як затрымаць Трубайлу?

Лёгкі стук у дзверы, заходзіць пераапрануты ў жабрака В і к т а р С м і х а л ь с к і.

За занавескаю дзвэнкаюць нажы.

Т э к л я (шэпча). Ты яшчэ чаго тут, блазень? Не бачыш, куды прыйшоў?

В і к т а р. Цётка Тэкля, што яны тут намерваюцца рабіць? Вас на млыне два тыдні не было, мяне Каляда паслаў, непакояцца ўсе, ці не пранюхалі наконт нас.

Т э к л я. Добра, добра, Віценька, што прыйшоў. Млын на валаску вісіць. Трубайла тады ў выканкоме падслухаў частку размовы, расказаў афіцэрам і зараз пайшоў у горад да каменданта, папярэдзіць пра млын. Пакуль што ведаюць толькі гэтыя афіцэры. Але іх я паспрабую не выпусціць. Бяжы, хлопча, спачатку да Жаўрука і накіруй яго на млын, папярэдзіць. Людзі на млыне няхай, на ўсякі выпадак, гатуюцца. А ты бяжы ў горад, прамуй пушчаю, можа, дагоніш. Калі дагоніш, абавязкова забі, забі неадменна. Лепей усе кулі выстралі, як сумнявацца, ці жывога ты яго пакінуў. Калі не дагоніш – папярэдзь Дзюбку: Трубайлу трэба прыкончыць хоць у самым будынку гестапа, пакуль не расказаў пра млын. Бяжы, хлопча, паўтары тысячы людзей залежаць ад цябе. А гэтых (паказвае на занавеску) я ўжо сама... затрымаю.

В і к т а р. Трэба і вам бегчы, цётка Тэкля. Іначай загінеце.

Т э к л я (горка). Мне бегчы нельга. Можа падвесці мой сродак, давядзецца іншы ўжываць.

В і к т а р. Чаго гэта?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21