1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

Т э к л я. Ты яшчэ не зразумееш, хлопча. Скажы ўсім, што я хутка памру, ужо зараз памерла. Хай не памінаюць ліхам. А Калядзе скажы, што і травы могуць іншы раз спатрэбіцца. Спатрэбілася і Тэкля Каваль, ведзьма, яе нагаворнае зелле. Можа, не заўсёды ў турму, можа, і крыж на магіле можна іншы раз паставіць ведзьме. Бяжы, хлопча...

Віктар ідзе да дзвярэй.

Марыську за мяне пацалуй.

Цішыня, афіцэры размаўляюць аб нечым за занавескаю.

Т э к л я. Чагосьці не дзейнічае? Напэўна, рана яшчэ. Пранясі, божа, не вядзі сюды другіх афіцэраў... Даўно было, стаяла дзяўчынка ў гародзе, гарбузы ляжалі на сухіх гічках, неба было сіняе, жоравы ляцелі ў вырай. Былі ў гэтай дзяўчынкі анучныя і гліняныя лялькі, клала яна іх спаць у разору, чакала чагосьці ад жыцця... Цяжка цяпер паміраць гэтай дзяўчынцы, не так як трэба чалавеку, не ў ложку, не на руках у сваякоў. Але што ж паробіш?.. Трэба... Але чаму не дзейнічае? Напэўна, трошкі рана. Але цяпер ужо хутка, хутка і адразу. Што ж вы ціхія такія, травы мае? Збірала вас гаспадыня па лясных дарогах, на берагах азёр, збірала, каб лячыць, а цяпер вось, у першы раз, забіваю вамі. Даруйце мне. Ты, скрыпень, знайшла я цябе ў сухім лесе, на выгары. Мёдам нясе ад цябе, нават калі ты сухі, дапамагаў ты чалавеку ад галавы. А вось і ты, трава жабіца, калі жаба ў чалавека, дык жуюць цябе многія і глытаюць сліну, дапамагае. А вось ад варагушы ад хінці, ружовы верас. Ты ў жніўні квітнееш. I лес тады зялёны зверху, ружовы знізу, гудзіць ад пчаліных спеваў. А вось і ты, пасконь, трэба твой цвет у самым пачатку жніўня збіраць і прэжчы ў гарэлцы – для зубоў. Я ў такі сродак не верыла, не ўжывала... А вось і вы, любыя, вось наперстаўка, вось баркун жоўты і белы, раманы. Жывеце вы, травы, ля дрыгвы, жывеце ў смалістых пушчах, жывеце на закінутых лясных дарогах. Лятуць над вамі на поўдзень жоравы, перадайце цераз братоў сваіх ад мяне ім прывітанне. Мне ўжо болей не хадзіць па пушчах, мне вас болей не збіраць чырвонай зарою, летнім ранкам, непагодаю асенняй.

Ціха.

Не дзейнічае чамусьці. Пэўна, стары багун адмовіўся. Ну, што ж, калі пачала ўжо, дык рабі да канца. Знойдзецца і іншае (пайшла да печкі).

Поўны болю і жаху жудасны крык з-за занавескі.

Пачалося! Пачалося! Нічога, нічога, гэта спачатку. Праз хвіліну і крычаць ты не зможаш. (Зноў крык.) Узяло, узяло вас за пячонкі, Нічога. Здохнеце, скавытаць будзеце. Будзе вам і за кабылу, і за гуску, і за цярпенне маё, і за ўсіх нашых людзей. (Крык, але слабейшы.) Нічога, нічога. Ніхто не пачуе. Аканіцы, аканіцы я зачыніла.

Яна вырастае, стае жахлівай, распластала на белым фоне печкі рукі, як раскрыжаваная, як вялікая драпежная птушка. Кідаюцца, мітусяцца па бэльках вялікія цені.

Мітусіцеся, мітусіцеся. Мала вам часу засталося. Мала.

За занавескаю роў, потым толькі стогны. Штаркенфауст апошнім намаганнем падае галавою з-за занавескі. Тэкля хутка кідаецца да яго, штурхае назад. За занавескаю, што адхілілася на хвіліну, бачны Ламсдорф, ужо нерухомы, галавою на стале. Эверт прыгнуўся, быццам яго ванітуе. Потым занавеска падае.

Ш т а р к е н ф а у с т (за занавескаю). Праклятая баба...

Т э к л я. Ну вось, здаецца, і ўсё. Пайсці зараз? Не, можа, яны яшчэ жывыя, скажуць яшчэ.

Уваходзіць маёр Р а н ц о ў. Хоча ісці ў пакой.

Маёр!..

Р а н ц о ў. Што трэба?

Т э к л я. Ведаеце што... ведаеце што... мне трэба вам адкрыць нешта вельмі цікавае. Сёння я чула цікавае для вас. Два чалавекі размаўлялі пра партызан, быццам яны пайшлі з Звініцкай пушчы.

Слабы стогн з-за занавескі, Ранцоў прыслухаўся.

Мала таго, кажуць пра тое, што непадалёк ад лясніцтва... ну, словам, знішчылі нейкі нямецкі атрад і... быццам прарваліся на захад.

Р а н ц о ў. Глупства вярзеш, кабета. Плёткі пераносіш.

Т э к л я. Можа, і плёткі, я жанчына цёмная, непісьменная. Дый наогул, народ у Чарнабогаў такі: жывём у лесе, молімся лазоваму кусту.

Яна яшчэ доўга загаварвала Ранцоў зубы, але ў гэты час нешта грымнула за занавескаю, Ранцоў, западозрыўшы нешта, зрывае занавеску. На гэты раз за ёю ўсе нерухомыя. Толькі адзін Штаркенфауст паўзе на жываце павольна-павольна.

Р а н ц о ў. Штаркенфауст, што з вамі? (Бяжыць і адчыняе нагою дзверы.) Доктара сюды! Хутчэй! (Вяртаецца.) Маёр, маёр, што з вамі, што? Трымай яго, баба, я яму гарэлкі ўвалью.

Т э к л я. Няма чаго яго трымаць. Не дачакаецца. Ён і сам здохне.

Ш т а р к е н ф а у с т. Атрута... Млын на... (апускае галаву).

Р а н ц о ў. Генрых! Генрых!

Хата запаўняецца людзьмі. Ля дзвярэй стаў салдат. Хутка ўваходзіць д о к т а р, ля Штаркенфауста завіхаюцца. Тэкля Каваль стаіць ля печкі спакойна, скрыжаваўшы на грудзях рукі: вялікі чорны цень.

Р а н ц о ў. Доктар, ён казаў нешта пра млын. Прымусьце яго гаварыць. Няхай скажа два словы, толькі два словы, а потым можа паміраць.

Д о к т а р. Я не думаю, што ён такі жывучы. Але я паспрабую.

Завіхаецца ля цела Штаркенфауста. Улівае яму нешта ў рот.

Ш т а р к е н ф а у с т. Атрута... яна, яна атруціла. Божа, які жах, які жах!.. Якая жахлівая краіна!.. (Апускае галаву.)

Р а н ц о ў (трасе яго). Млын! Млын! Генрых, кажы пра млын! Два словы!

Д о к т а р. Пакіньце яго, маёр, гэта ўсё дарэмна.

Устае і ідзе да дзвярэй. Ранцоў даганяе яго.

Р а н ц о ў. Доктар, што магчыма зрабіць?

Д о к т а р. Зараз ужо нічога. Гэта нейкая невядомая арганічная атрута. Супрацьяддзя ад такіх рэчаў у нас няма. I, да таго ж, позна.

Выходзіць. Ранцоў павярнуўся да Тэклі.

Р а н ц о ў. Дык я ўсё адно ведаю, што рабіць. Ты ўжо з маіх рук жывою не выйдзеш, калі не скажаш. Які млын?! Якая атрута?!

Т э к л я. Атрута звычайная, багун-трава. А прыгатавала яе я, так што не старайся, панок. Ён ужо цяпер і на трубу архангела не ўстане. Ён мёртвы, мёртвы, як камень. Як кажуць у замове ад зубнога болю: “Маладзік, маладзік, дзе ты ўчора быў? – На тым свеце. – А што ты там бачыў? – Труну і ў труне раба божага цела мёртвае. – А ці баляць у таго раба божага зубы? – Не, не баляць”. Так што ніколі больш ваш маёр, паночак, на зубы хварэць не будзе.

Р а н ц о ў. Чаму ты атруціла яго?

Т э к л я (спакойна). Шмат ведаў таго, што толькі нам, тутэйшым людзям, ведаць можна. (Салдаты выносяць мёртвых.) Вось і цягнуць яго, як сабаку нейкую, за ногі, даруй божа.

Р а н ц о ў. Ты ж пацярпела ад савецкай улады.

Т э к л я. А ты мне яе не ганьбуй, шчанюк. Яна цягнула людзей ад мяне да сапраўдных дактароў, хаця і ў мяне было чаму павучыцца. Савецкая ўлада мяне прыгнятала, а вы мяне выратавалі ад яе, выпхнулі з уласнае хаты, савецкая ўлада мяне хацела арыштаваць, але і там мяне ніхто кабылай не называў, як вы, савецкая ўлада дзяцей маіх вывучыла, а вы дзяцей малых, як самавар, за вушы з хаты выносіце. Так што маўчы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21