1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

Д з ю б к а. Ты што, думаеш, я не варты нават, каб мяне паказвалі? Ого! Нічога, яны дастаткова моцныя будуць, каб без шкоды для псіхікі паглядзець нават на старую малпу. Я-то, праўда, тады нядрэнны буду, я прыгожы, а вось ты – не ведаю.

Паўза.

Вось што, Лаўрановіч, хоць ты і камандзір атрада, але на сына звярні ўвагу. Хлопец марнее, цяжка яму.

Л а ў р а н о в і ч. Я і сам хацеў пагаварыць з ім. Пашлі яго сюды, я на лаўцы пачакаю. (Дзюбка пайшоў, выходзіць з крамы Андрэй.) Сядай, сынок. Ды смялей. Добра ўсё ж, што нас у горадзе тут не ведаюць. Каляда вось так не можа прыйсці і сесці. Ты з Віктарам знаёмы па вобласці?

А н д р э й. Так. Па інстытуту. Цікава, як там зараз?

Л а ў р а н о в і ч. Штосьці ты мне, сынок, не падабаешся. Што з табою сталася?

А н д р э й. Цяжка мне, адпусці ты мяне з млына, дай цяжкую справу. Іншыя хлопцы б’юцца, падрыўнікамі работаюць, адзін я...

Л а ў р а н о в і ч. Ты ведаеш, Каляда не хоча. Ён кажа, што млын, калі ты там, у добрых руках. Ён табе верыць. Ды і ў камсамол ты менавіта дзеля такой справы паступаў, а не дзеля таго, каб на зборах алоўкам па графіну лупіць. Так што будзь мужным.

А н д р э й. Усё ж я не магу. Ты ведаеш, я нікому не скажу, але цяжка мне там...

Л а ў р а н о в і ч. А я лічу, што тут не справа. Ты такі, што паўсюль будзеш рабіць так, што лепей нельга. Тут іншае. Табе цяжка глядзець на Віктара і Марысю, сынок? Ты яе кахаеш?

А н д р э й (ціха). Так.

Л а ў р а н о в і ч. Я гэта сэрцам ведаў. Ты, як нябожчыца-маці, адналюб. Што ж паробіш? Віктар бліскучы, на ім рамантычны арэол, а ты ў мяне пакуль што брыдкае качаня, такіх, як ты, адразу не заўважаюць, бо ты паўсюль, нават у цяжкім месцы, толькі са сваёй сціплай усмешкаю. Можа, яно і лепей, не наскочыць на цябе нейкая фіцюлька, ажэнішся на добрай, простай дзяўчыне. Ці мала іх на свеце, прыгажунь, добрых, разумніц?

А н д р э й. Мне лягчэй, калі я паразмаўляў з табою, даўно гэтага не было. Але не магу, не магу я яе забыць. Пячэ ў сэрцы.

Л а ў р а н о в і ч. Та-ак. Значыцца, як у песні:

“I чарка мала,

I гарэлкі няма,

Люба, люба, не цячэ,

Каля сэрца пячэ”.

Не паробіш тут нічога, сынок. I лепей за ўсё забыць. Не руш сэрца сваё. Ну, дай я цябе пацалую. Час “да дому”. Цыкмуну перадай, што мы за апошнія дзесяць дзён высадзілі на трох чыгунках у паветра чатыры саставы.

Пайшоў.

А н д р э й. Марыська, чуеш? Цяжка мне... На плошчы шум. Самагоншчыца, баба Ерэтычка крычыць, махаючы кулакамі.

Б а б а Е р э т ы ч к а. Падла ты, злодзей, паліцайская твая душа!

Д з ю б к а (падышоў да Андрэя). Баба Ерэтычка разараецца.

Б а б а Е р э т ы ч к а. Людзейкі добрыя, а чаго ж гэта вы глядзіцё, чаго церпіцё? Прыйшла гэта паліцайская харцызяка з сябрамі, немцаў двух прывялі! Самагон палілі чысты, жытні. Выдудлілі нагбом восем кубкаў і пайшлі і грошы не заплацілі. Што ж гэта за парадачкі, якая гэта ўлада! Каб табе той самагон у глотцы стаў, каб цябе ад яго раздула, мерын! Каб цябе стацця схапіла падучая, ляк, звіх, цемяннік, верады абляпілі, лішаі. Каб табе грызь у жывот, каб табе вогнік твар сапсаваў, скула сіняя, каб табе валасень на ўсе твае члены! Каб цябе хінця трусіла! А што ж гэта такое, людзі? Самагон чысты, жытні! Бессаромная твая мыса! Казалуп ты, свіння! Каб з цябе дзеці кроў на старасці год выпілі, як ты той самагон выпіў, каб твая жонка вожыка ўпоперак шэрсці нарадзіла, каб у цябе ўсе твае сабачыя зубы выпалі і застаўся адзін для зубнога болю.

Д з ю б к а. Канцэрт, дый годзе. Але не ўмее яна клясці. Быў у мяне адзін знаёмы яўрэй. Той быў мастак, куды гэтай бабе. Ён рызман збіраў па вёсках, навучыўся. I свае яўрэйскія пракляцці ў яго былі: “Каб табе на язык села столькі верадаў, сколькі было дзірачак на той мацэ, якую спяклі яўрэі ўсяго свету з дзён Ісходу і да нашых дзён”. Добра кляў! (Уздыхнуў.) Забілі яго нядаўна. На вуліцы Энгельса. У гета.

З’яўляецца на плошчы стары лірнік, сядае, пачынае круціць ручку ліры, яго абступаюць бабы.

Л і р н і к.

Плачамся мы, узрыдаемся,

На апошні час спамышляемся.

Ой як прыйдзе на немцаў апошні час –

Іх паставяць, як грэшнікаў, на левы бок:

“Ой і прэч вы пайдзіце, праклятыя,

У тыя пячоры, што агнём гараць,

Забівалі вы дзетак-немаўлятачак,

Кралі хлеба кавалак са старэчых рук.

Ці не вы гэтыя хаты папалілі агнём?

I для вас агні гараць неўгасімыя,

Чэрві сіпяць неўсыпучыя.

Із ныня і да веку

Вам там і быць.

(Людзі стаяць з сухімі, палаючымі вачыма.

Лірнік запявае “Сірацінку”.)

Няшчасная ў свеце гадзіна настала.

Бедная сіротка ад маткі засталася.

Большы застанецца, у заслугу пойдзе,

Якія маленькія – прапалі навекі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21