1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

Стрэў пан бог сіротку: “А куды ж ідзеш ты?

– Матульку шукаці!

Вярніся, сіротка, бо далёка зойдзеш.

А ты сваёй маткі давеку не знойдзеш.

Ужо твая маці на гары высокай,

На гары высокай, у труне глыбокай”.

Як пайшла сіротка над труной рыдаці,

Тут абазвалася з труны яе маці:

“Як жа мне цябе к сабе ўзяці?

Як цяжка-важка камень узнімаці,

Яшчэ цяжчэй-важчэй цябе к сабе узяці”1.

Бабы плачуць.

Л і р н і к. Кінутых дзяцей шмат ходзіць па нашых дарогах, людзі. Хоць яны нашы, хоць яны яўрэйскія – бярыце іх, выдавайце за сваіх, крэўных. Усе пад богам, усе людзі, А не возьмеце – цяжка вас пакарае сумленне ваша.

Д з ю б к а. А гэта, Андрэй, прарок. Няхай спявае. Гэта іншы раз мацней за пракламацыю...

На плошчы з’яўляецца А д л е р б е р г з с а л д а т а м. Лірніка штурхнулі, ён абарваў слова і заспяваў традыцыйную “Дароту”. Гучыць жудасны матыў.

Л і р н і к.

А Дарота, Дарота

Лепша перлаў і злота.

Як забачыў круль-цыган,

Дык Дароту спадабаў і г. д.

Вялю дробна шкла набіць

I Дароту босу вадзіць.

А д л е р б е р г. О, апошні магікан. Сфатаграфуй яго, Ганс. Якую гэта песню ты спяваеш, стары, і калі яе ў вас спяваюць?

Л і р н і к. Спяваюць яе, калі зваляцца халера альбо чума на нашу краіну.

А д л е р б е р г зразумеў, пайшоў далей, са сцэны. Раптам цераз паркан сігае да Дзюбкі В і к т а р і шэпча яму нешта на вуха.

В і к т а р (голасна). Але я не паспеў забіць Трубайлу, я яго не дагнаў, хоць і бег нацянькі. I тут я даведаўся, што ён пайшоў у камендатуру, але там каменданта не было і ён пайшоў сюды, на рынак, шукаць яго. Загінуць нашы! Што рабіць, пан Дзюбка!

Д з ю б к а. Адлерберга ён тут не адшукае, ён толькі што быў і пайшоў. Але часу марнаваць нельга. Андрэй, ты ведаеш Трубайлу? Ідзі да гестапа і пільнуй яго там. Пабачыш – забі яго ў маю душу. Лёс атрада на яго языку. (Андрэй пайшоў.) А калі з’явіцца тут? Ты пытаешся, што рабіць? Забіць яго тут жа, на вулцы. I зробіш гэта ты.

В і к т а р (трохі разгубіўся). На вулцы? Але ж гэта тут, на людзях. Уцячы нельга. Гэта не ўначы, у завулку... Гэта верная смерць!

Д з ю б к а (з яго твару знікла ўсякая лагоднасць, зніклі адметы дабрадушнага дзівака, зараз гэта зусім другі, жорсткі чалавек). А для тых, што ў лесе, гэта не верная смерць, калі гэты ірад раскажа ўсё? Бяры пісталет.

В і к т а р. Д-добра. Ой, што гэта? Ой!

Ён пачынае схіляцца на траву і ўпаў бы, каб Дзюбка не падхапіў.

Д з ю б к а. Што з табою, сынок, што?

В і к т а р. Сэрца!.. Сэрца нешта... Шпарка бег... Сэрца.

Траціць прытомнасць. Дзюбка асцярожна апускае яго на траву пад дрэвам. Між тым на плошчы з’яўляецца Трубайла, падыходзіць да Высакароднага злодзея.

Т р у б а й л а. Можа, пан будзе такі ласкавы і скажа мне, ці не бачыў ён тут каменданта? Мне сказалі, што ён тут, я вельмі спяшаюся.

В ы с а к а р о д н ы з л о д з е й. Не, я такімі людзьмі не займаюся. Да таго ж, мне здаецца, што там пачынаецца аблава на маіх бліжніх двухногіх. А вы што, прыйшлі за сваімі срэбранікамі?

Т р у б а й л а. Но-но, хаме! Жарты? Ты ведаеш, з якою асобаю размаўляеш? Глядзі, як бы цябе не пацягнулі да Кажамякі на шост.

Дзюбка пабачыў Трубайлу. Ён разгублена стаіць над непрытомным Сміхальскім, потым рашуча бярэ ў яго з кішэні пісталет.

Д з ю б к а. Ах, як недарэчна. Што ж рабіць? Канспірацыя? Якая тут да д’ябла канспірацыя? Канспірацыя тут, вядома, дрэнная, але на кватэры маёй пуста... А там, у лесе, людзі... Што ж, пайду сам.

Павольна ідзе да Трубайлы. У гэты час на рынку пачынаецца гвалт: ідзе аблава. Людзі бягуць па аднаму ў розныя бакі.

Д з ю б к а. Пан шукае каменданта горада?

Т р у б а й л а. Так, па важнай справе.

Д з ю б к а. Ну што ж, я пакажу.

Карыстаючыся тым, што людзі бягуць, што вакол мітусня, страляе Трубайлу ў грудзі. Той падае, забіты напавал.

Б а б а Е р э т ы ч к а. Ав-вой! А божухна! А што ж гэта робіцца! Самагон папілі чысты, жытні, людзей сярод белага дня на вуліцах страляюць (бяжыць з кошыкам са сцэны).

Д з ю б к а (стаіць нерухома). Чалавека забіў! Першы раз у жыцці забіў. Як жа ж гэта? (Здзіўлена глядзіць на рукі, – яны чыстыя.)

В ы с а к а р о д н ы з л о д з е й (кранае Дзюбку за плячо). Месьё... Перметэ ву... унасіць ногі. Тут дрэнна для сумленных людзей. Можа быць аблава. I схавайце ў кішэнь вашу гармату. Можа, мы пойдзем да вас у краму? Не бойцеся мяне, я тады прывёў да таварыша Каляды гэта самае панашэнне чалавекаў, якое зараз ляжыць тут прыгожым і халодным на зямлі.

Асцярожна вядзе Дзюбку праз фортку ў краму.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21