1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

Д з ю б к а. Як... я яго бахнуў.

З л о д з е й. Ну і падумаеш, бахнулі. I на здароўечка! Калі чалавек перастае быць чалавекам, дык смерць для яго толькі сваяродная праява філантропіі.

Пабачыў Сміхальскага, які яшчэ сядзіць на траве, трымаючыся за грудзі.

А гэта што за божая кароўка?

Д з ю б к а. Ён хворы... А тут мне пашанцавала, бо маглі б і схапіць.

З л о д з е й. Бож-жа мой, гэта ж таварыш начальнік! Хоць ён і адпусціў вусы, але яму тут зусім не месца. Яго могуць пазнаць.

Падымае Сміхальскага, заводзіць яго ў краму, вяртаецца да Дзюбкі, які стаіць ля дзвярэй у аслупяненні.

З л о д з е й. Таварыш Дзюбка. Хоць вы і камерсант, але я ведаю, у вас ёсць сувязь з партызанамі. Не пратэстуйце. Паверце сэрцу чалавека, які ніколі, ніколі не падводзіў сваіх. Перапраўце мяне да іх, стаўце якія трэба іспыты – я ўжо болей не магу тут. Перадайце сваім сябрам, што я магу быць карысным. Не адказвайце мне зараз, я ведаю, гэта канспірацыя, проста калі я спатрэблюся, калі ўспомніце маю асобу – прышліце за мной чалавека. Няхай смяюцца з майго мінулага, няхай нават расстраляюць – гэта ўсё ж ад сваёй рукі. Вы ведаеце, пан Дзюбка, Настачку, Настачку маю... Вучыў яе ў вёсцы на злодзеевы грошы... не ведала. Забілі маю Настачку. Цяжка мне!

На плошчы гвалт. Уцякаюць людзі. Недзе пачуліся стрэлы. Злодзей сціскае кулакі.

Сабакі вы! Будзьце вы клятыя... клятыя... клятыя.

Заслона

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Тыя самыя дэкарацыі, што і ў другой карціне. Зноў млын на Сініх Вірах, але мінула зіма. Зараз вясна. Май. Дрэвы пакрыты зялёным, маладым лісцем. Птушкі захлынаюцца спевамі ў лесе. Млеюць пад цёплым сонцам вербы на беразе ракі. Але здалёк далятаюць амаль адзін за адным выбухі. Ля будынкаў мітусяніна. За сцэнаю ржуць коні, партызаны цягнуць туды торбы з мукою, сярод іх Цыкмун, Асінскі, Каляда, Лаўрановіч. Млын канчаюць эвакуіраваць, на траве пустыя торбы, дошкі ад скрынак, нейкае рыззё. Андрэй з Марысяю прыселі, стомленыя, на поплаў.

А н д р э й. Нам з табою няма чаго саромецца. У іншых вялікія подзвігі, яны ваююць, але мы ўтраіх ваявалі не горш, як яны. Дваццаць разоў сабою ахвяравалі і, глядзі, усю зіму сапраўдную армію лясную кармілі, адзінаццаць месяцаў кармілі – гэта нядрэнна. Трасцу б яны наваявалі без нашага хлеба.

М а р ы с я. А цяпер трэба кінуць. Шкода млына.

А н д р э й. Што зробіш, трымацца далей нельга. На аднаго нашага іх трое, і зброя ў іх лепшая. У адкрыты бой нам пакуль што нельга ўцягвацца. А яны, бачыш, прачэсваюць усю паўночную частку пушчы, – не сёння дык заўтра тут будуць.

Праходзяць К а л я д а, Л а ў р а н о в і ч і Ц ы к м у н, узброеныя.

К а л я д а. Як яны даведаліся?

Л а ў р а н о в і ч. Глыбокая разведка. Млын не іголка ў сене, доўгі час яго не схаваеш. Добра, што хлеб і ўсё іншае вывезлі.

Ц ы к м у н. Зрабіў млын сваю справу. Недарэмна Тэкля-нябожчыца налажыла за яго галавою.

К а л я д а. Зрабіў справу, ды не да канца. Я хачу ў вас спытаць, таварыш Асінскі, згадзіліся б вы дачку паслаць на небяспечную справу?

Ц ы к м у н. Гэта ў яе трэба пытацца. Яна дарослая. Пра жаніхоў не пытае ў мяне.

К а л я д а. Дзе ж яна? Ага вось. I Андрэй тут. Можна да вас?

М а р ы с я. Калі ласка (усе сядаюць у кружок).

К а л я д а. Ну што ж, браткі, як бачыце, млын кідаем. Партызаны будуць прарывацца на поўдзень, на Палессе.

Л а ў р а н о в і ч. I з гэтаю, большай часткай пайду я. Каляда будзе не камісарам брыгады, а камандзірам асобнага партызанскага атрада, які застанецца тут, у Звініцкіх пушчах. Атрад будзе невялікі, такому лягчэй схавацца і дзейнічаць.

К а л я д а. Пакуль мы не адшукаем іншых крыніц забеспячэння, млын трэба захаваць для нас месяцы на два. У нас ёсць свой чалавек у нямецкіх вярхах. I мы ведаем, што немцы прабіваюцца да млына і, захапіўшы, не спаляць. Наадварот, ён будзе працаваць на іх, тым больш што трохі паўдзённее яны будуюць лінію ўмацаванняў, каб не пусціць нас з паўдзённай часткі пушчы ў паўночную, засцерагчы ад небяспекі чыгунку, шашу і горад. I вось Марыся і ты, Андрэй, што б вы сказалі, калі б мы ўладзілі вас на работу ў гэтым млыне. Са справаю вы азнаёміліся добра, узімку лёд ледзь не зубамі счышчалі, млын і дня не стаяў. Ну як, пойдзеце?

А н д р э й. Я пайду, але яна няхай ідзе з вамі. Гэта не жартачкі, сабатаж на нямецкім млыне, перадача хлеба не ў нямецкае войска, а партызанам. За гэты чуйдух на шыбеніцу можна трапіць.

М а р ы с я. Андрэй, не вярзі глупства. I, наогул, памаўчы. (Да Каляды.) Я, вядома, пайду працаваць на млын.

К а л я д а. Справа вельмі небяспечная. Поруч са смерцю будзеце хадзіць кожную хвіліну.

М а р ы с я. Хіба мы за апошнія месяцы не бачылі яе?

А н д р э й. Мы пойдзем.

К а л я д а. I яшчэ вось што. Так проста жыць тут вам будзе нязручна. Я думаю, што вам трэба будзе ўзяць фіктыўны шлюб, павянчацца ў горадзе.

А н д р э й. Не, так нельга.

М а р ы с я. А чаму? (Падумаўшы.) Раз для справы патрэбна – няхай ужо. А Сміхальскі – па-ранейшаму будзе трымаць сувязь?

К а л я д а. Віктар?.. Гм... Ну няхай.

М а р ы с я. ПІто ж, шлюб дык шлюб.

Л а ў р а н о в і ч (парадзіруе). Ёсць тут бацька, матка, родныя, мужы статэчныя, бабкі запечныя: блаславіце краснай нявестцы каравай учыніць. (Галосіць.) А родная мая матка! А сама ж ты йшла за роднага татку! А мяне ж ты аддаеш за чужога мужыка.

Рогат.

Ц ы к м у н (іранічна). З богам, Хадорка, калі людзі знайшліся.

М а р ы с я. Татка.

Ц ы к м у н. Ды не, я нічога.

К а л я д а. Вось і добра. (Усталі, пайшлі.)

М а р ы с я. Андрусь, чаго ты такі за апошні час? Не пагаворыш, не спытаеш. Ты мне вельмі патрэбны, добры мой друг.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21