1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

А н д р э й. Ты ведаеш чаму. .

М а р ы с я. Усё яшчэ?..

А н д р э й. Усё яшчэ. I ніколі не кіну. Ты альбо ніхто.

М а р ы с я. Віктар мяне за апошні час непакоіць. Паводзіны дзіўныя. То мужны, то такі знерваваны, вярзе лухту, гаворыць такое жахлівае... Гэта ўсё яго туга! А пасля просіць дараваць, гаворыць з такою сілаю, што я зноў веру. I зноў мужны і смелы. Складаны ён чалавек.

А н д р э й. Я ведаю, любая, я адыду, не непакойся. Я толькі прыйду на дапамогу, калі будзе цяжка.

Цнотна і пачціва цалуе яе ў лоб, пайшоў.

М а р ы с я (адна). Віця як разнервуецца, гаворыць проста як злачынец, а потым зноў, як герой... А ты добры, харошы, але такі далёкі.

Уваходзіць В і к т а р.

В і к т а р. Глядзеў, як нашы ўцякаюць. Што ж гэта, Марыська?

М а р ы с я. Нічога, прыпомні Маскву ўзімку. Цяпер ужо нядоўга чакаць.

В і к т а р. Пакуль тое прыйдзе, мы дваццаць разоў загінем. Я людзей люблю па спенсераўскаму прынцыпу. Яны мяне добрым лічылі, а я проста ўважаў за лепшае аддаць рубель жабраку, чым купіць на яго шклянку віна, гэта больш прыемна, гэта дае мне права паважаць сябе. А атрымалася так, што паважаць людзей і сябе няма прычыны. I паляцеў мой альтруізм дагары нагамі.

М а р ы с я. Я, Віктар, толькі пашкадаваць цябе магу, але ты на адну дошку эгаіста і альтруіста не стаў. Любоў да чалавека – гэта ўсё: знікае яна – і няма сапраўднага жыцця.

В і к т а р. Смерць – гэта брыдка, агідна, пачварна, абураюча, як старасць, як хвароба. Калі чалавек памірае – у яго асобе знішчаецца цэлы сусвет, і чым розум гэтага чалавека яснейшы, тым больш значны гэты знішчаны сусвет, тым больш жахлівае яго знішчэнне. Калі гіне нешта накшталт Андрэя, – гэта глупства, а калі гіне тытан – гэта катастрофа.

М а р ы с я. Андрэя не чапай, Віктар, апошні раз прашу! I наогул, як звычайны чалавек, так і тытан толькі таму звычайны чалавек і тытан, што адзін больш карысны для людзей, а другі менш. А калі прыходзіць час выпрабавання, – кожны тытан, хто мае сілу годна загінуць.

В і к т а р. Дзеля чаго? Дзеля шчасця гэтага, як немцы кажуць, шайзэланда, якога я не люблю? Дзеля шчасця людзей XXX стагоддзя? Моцныя гінуць з іншымі. Меў у сабе і Дантэ і Гётэ, а тут бабахнуць, і вось у цябе дзірка ў галаве і ты здох, як кожная поскудзь. Іншыя будуць, а мяне не будзе, менавіта такога, як я, не будзе. Мяне не будзе! Ты разумееш гэта?

М а р ы с я. Я разумею, гэта кожны чалавек разумее. Жыць хоча кожны. Але трэба біцца, пакуль жывеш. Я многа думала, і, ведаеш, што мне прыйшло ў галаву? Рай са святлом і сонцам і пекла з чарцямі і катламі кіпячымі людзі выдумалі, каб не называць звычайнага слова “сумленне”. У чалавека жывая душа, і гэтай душою пад канец разумееш, добра ці дрэнна ты пражыў. Калі добра, сумленна, – і смерць твая лёгкая, як рай, а калі не сумленна, дрэнна, не ахвяраваў за людзей, не зрабіў, што трэба, – будуць пакуты сумлення горш пекла, бо ўжо нічога не выправіш, пражыў жыццё. З-за гэтае думкі, гэтага жаху і жыве сумленнем сапраўдны чалавек, і, каб не было такіх, якія ахвяруюць за людзей, – не было б на свеце чалавека, а былі б проста сляпыя двухногія рабы. А званне чалавека кожнаму трэба заслужыць.

В і к т а р. Ну добра, я раб. Але калі я такі, дык і вы не лепшыя. “Народ!” “Народ!” Слінявы ружовы ідэалізм. А я гэтыя словы па праву сілы кідаю пад ногі. А я гэтым “народам” пагарджаю! Што ў яго? Самы бяздарны народ ва ўсім свеце.

М а р ы с я. Самы малады. Ён яшчэ дзіця, але па яго сённяшняй песні я добра бачу, як ён заспявае праз стагоддзе.

В і к т а р. Ну й чакай таго часу, чакай груш на вярбе.

М а р ы с я (гнеўна). Гэта не грушы, гэта вера. I ты над вераю чалавечай, над яго імкненнем здзейсніць сваю мару – не смейся. Не запэўнівай мяне занадта часта, што ты – раб, а то, глядзі, часам і паверу. Чуеш, Віктар?!

В і к т а р. Чую. Мучаю я цябе? Што ж, натура ў мяне такая. З таго дня, як Тэклю забілі, я, можа, дваццаць разоў на смерць хадзіў і ўсё адно... Але я сваёй галавы так дарэмна не аддам. Мы яшчэ паваюем. Спачатку ён, а потым ужо мы. Пайду... Даруй мне, Марыська.

М а р ы с я. Ты ведаеш, я заўсёды табе дарую, абы толькі гэта былі словы, а не справа.

В і к т а р выходзіць, амаль сутыкнуўшыся з К а л я д о ю, Л а ў р а н о в і ч а м, А н д р э е м і Ц ы к м у н а м.

К а л я д а. Ну вось, здаецца, і ўсё. Млын пусты. Як у гасцях: накурылі, талеркі пустыя, час і гаспадарам. Марыська, Андрэй, мы ўжо з вамі да таго часу, як будзеце вы тут гаспадарыць, не пабачымся. Нічога, дзеці, вакол родныя лясы. Будзьце толькі асцярожнымі. Ну што ж, пайду папярэдзіць хлопцаў, хай адыходзяць. (З ненатуральнай бадзёрасцю.) Як калісь часопіс “Жорны” пісаў:

“Ой ты гой-ясі ўвесь рабочы люд,

Ад сахі, ад сярпа і ад молата”.

Як гэта далей?.. Ат, забыў... Бывайце, дзеці...

Цалуюцца. К а л я д а пайшоў.

Ц ы к м у н. Асцерагайцеся, дзеці. Разыходзяцца нашы шляхі. Можа, калі з’едлівым быў – даруйце. Пра цябе, Марыська, няма чаго казаць, а цябе, Андрэй, любіў, як роднага сына. (Адышоў з Марысяю.)

Л а ў р а н о в і ч (да сына). Бывай і ты, Андрэй.

А н д р э й. Толькі б ты быў жывы, татка.

Л а ў р а н о в і ч. Гэта ты пакінь. У старых раны не зажываюць так лёгка, як у маладых. Сын пра гібель бацькі з часам забудзе, бацька – ніколі. Бывай, сынок, будзь сапраўдным чалавекам. “Жонку” сваю шануй, беражы. Чую сэрцам, што, можа, прыйдзе і твой час. Яна пачынае разумець цябе. Ну вось і ўсё. Бывай, сынок. Моцныя твае рукі, добрае сэрца – з сапраўднай чалавечыны ты зроблены.

Цалуюцца, пасля Ц ы к м у н і Л а ў р а н о в і ч ідуць у адзін бок, М а р ы с я з А н д р э е м бяруцца за рукі і ідуць у другі. Сцэна пусцее. Выбухі ўсё бліжэйшыя і бліжэйшыя.

Заслона

ДЗЕЯ ЧАЦВЁРТАЯ

КАРЦІНА СЁМАЯ

Прайшоў месяц. Вялікі завозны пакой у млыне на Сініх Вірах. Пад падлогаю боўтае моцна і віруе вада. Сцены моцныя, з тоўстых бярвенняў. Злева, ля самага краю сцэны, ляжыць стары жарон, за ім ложак, засланы самаробным тканым пакрывалам. Далей – столік. 3 правага боку ляжаць мяшкі жыта, вядуць сходы на гару, ляжыць чамусьці вялікі абярэмак сена. Столь над сенам шчалястая, і сонца б’е стуль на сена светлымі палоскамі. Проста перад гледачамі шырокія, як у пакгаўзах, адчыненыя дзверы. Праз іх відаць далёкі лес, вербы над люстэркам вады, частка грэблі. Толькі што прайшоў дождж, са страхі падаюць кроплі. Вечарэе. У млыне поркаецца М а р ы с я. В і к т а р сядзіць на ложку.

В і к т а р. Чамусьці ты мяне нават не пацалуеш.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21